Тэатр – маё жыццё!
Валянціна Цярэнцьева (на здымку) — бібліятэкар і тэатрал ад прыроды. Гэтую мілую жанчыну добра ведаюць самыя маленькія чытачы раёна. Ужо больш за 33 гады яна працуе ў цэнтральнай бібліятэчнай сістэме Сенненшчыны. І больш за сямнаццаць кіруе лялечным тэатрам «Пятрушка», які карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод дзяцей не толькі горада, але і сельскай мясцовасці. Часта з пастаноўкамі артысты выязджаюць у дашкольныя ўстановы, сацыяльны прытулак, аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. Ведаюць іх і ў Багушэўску, а таксама ў абласным цэнтры.
Валянціна Тарасаўна расказвае, што яшчэ ў дзяцінстве мела асаблівую цікавасць да тэатра і кнігі. Школьніцай заўжды прымала ўдзел у вучнёўскіх пастаноўках. Пазней, стаўшы дарослай, яна вырашыла звязаць сваё жыццё з бібліятэкай. І паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Па размеркаванні Валянціна трапіла ў наш раён.
Многа сіл і энергіі яна аддае лялечнаму тэатру. Не адзін дзясятак спяктакляў пабачылі сеннненцы, а колькі яшчэ задум, адразу і не раскажаш. Цяпер ідзе работа над новай п’есай «Маша і мядзведзь» Георгія Ландау. Лялечны тэатр «Пятрушка» прэтэндуе на званне «народнага».
Кацярына КАРПОВІЧ.