Вярнуць грамадству асобу

  У выніку праведзеных у гэтым годзе органамі ўнутраных спраў папераджальна-прафілактычных мерапрыемстваў удалося знізіць колькасць рэцыдыўнай злачыннасці ў вобласці.

 Аднак удзельная вага Сенненскага раёна ў гэтым  відзе злачынстваў даволі высокая. Беспрацоўнымі асобамі, якія маюць судзімасць, учынена 16 злачынстваў. Невыпадкова назіральная камісія (старшыня З.С.Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама), закліканая аказваць дапамогу органам, выконваючым пакаранне, у арганізацыі выпраўленчага працэсу ў адносінах асуджаных і іх рэадаптацыі, а мясцовым выканаўчым і распарадчым органам — у забеспячэнні рэсацыялізацыі асоб, вызваленых з месц пазбаўлення волі,  або грамадзян, спыніўшых знаходжанне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, актывізавала сваю работу. З мэтай  папярэджання  злачынстваў і правапарушэнняў, што ўчыняюцца грамадзянамі, якія маюць судзімасць, стаяць на ўліку ў крымінальна-выпраўленчай ін­спек­цыі, вызначэння мерапрыемстваў па  сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асоб, маючых судзімасць, назіральная камісія ў другі раз за год правяла сваё пасяджэнне ў Машканскім сельсавеце. Акрамя членаў камісіі, у яе рабоце ўдзельнічалі старшыня Машканскага сельвыканкама Л.У. Шаеў, кіраў­нікі ААТ «Кругляны» і дзяржаўнага прадпрыемства «Саўгас імя Машэрава», старшыня раённага Савета дэпутатаў М.М.Вілюга.

 Адкрываючы работу назіральнай камісіі, Зоя  Фаміна зазначыла, што хацелася б з усімі прысутнымі павесці адкрыты і шчыры дыялог па праблемах, якія  іх сёння хвалююць. Грамадства нераўнадушна ставіцца да кожнага чалавека, зацікаўлена ў тым, каб кожная асоба жыла змястоўна і прыносіла карысць сабе, сям’і, грамадству, а не кацілася ўніз па нахільнай у бездань, дзе бытуюць беспрабуднае п’янства, асацыяльныя паводзіны. Людзі, якія шчыра  жадаюць сабе дапамагчы, якія некалі спатыкнуліся, знаходзяць у сабе сілы, праяўляюць характар і становяцца на шлях выпраўлення. Ваш лёс ­— у вашых руках. Ад памылкі ніхто не застрахаваны, але кожны з вас можа зрабіць работу над памылкамі і стаць дастойным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Што замінае гэтаму? Знайсці адказ на пастаўленае пытанне мы павінны ўсе разам, і ў першую чаргу людзі асацыяльных паводзін.

 Хто яны, асацыяльныя асобы? 

 Грамадзянка Ж.Г. была асуджана да папраўчых работ. Судзімасць не знята, таму знаходзіцца пад наглядам. 38 гадоў ад роду. Працуе і можа працаваць нядрэнна. Але мае заганную звычку — п’е. Абяцала на мінулым пасяджэнні выправіцца, закадзіравацца. За пяць месяцаў у гэтым напрамку нічога не зроблена. Камісія робіць вывад: лячыць ад алкагалізму.

 В.А., 21 год. Асуджаны да папраўчых работ. Сістэматычна прагульвае. У красаві­ку зрабіў тры выхады на работу, у маі — 1. Вызначаная мера пакарання на яго не дзейнічае. Цяпер узбуджана крымінальная справа за ўгон машыны. Злоўжывае спірт­ным.

 Не так даўно закончыў Ходцаўскую школу. Дапіўся да таго, што нават прозвішча класнага кіраўніка прыгадаць не можа. Дарожка, на якой сёння стаіць В.А., можа давесці да турмы. І самае крыўднае, што хлопец знаходзіцца практычна на парозе жыцця.

 Назіральная камісія рэкамендуе праваахоўным органам узяць юнака на асобы кантроль. Але што з гэтага атрымаецца, можна толькі здагадвацца, бо ён сам не жадае брацца за розум. Ён нават нічога не абяцаў, бачна, ведае, што ўсё роўна не стрымае слова.

 С.Г. Асуджаны да папраўчых работ. Злоўжывае спірт­ным. Сцвярджае, што па прычыне хваробы не можа працаваць, хаця ніякія пацвярджальныя дакументы не прадстаўляе. Таму мера пакарання, хутчэй за ўсё, будзе зменена на пазбаўленне волі. Сам працаўладкавацца не спрабаваў. Жыве на пенсію маці.

 Яшчэ ў 2001 годзе згубіў дакументы. Словам, бомж. Міліцыя і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва дапамогуць з дакументамі, абследаваннем стану здароўя.

 С.Н. Адбывае пакаранне ў выглядзе папраўчых работ. Аматарка спіртнога, дапускае  нямала прагулаў. Таму можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасці за злоснае ўхіленне ад папраўчых работ. Блытае паняцці «хадзіць на работу» і «працаваць». Аднак, як сцвярджаў намеснік дырэктара ААТ «Кругляны», калі з С.Н. папрацаваць, «надавіць» , з яе «не стопрацэнтны грамадзянін атрымаецца, але жыць будзе». Дай Бог чутае бачыць. Хочацца спадзявацца, што жанчына, нарэшце, адумаецца і стане на шлях выпраўлення…

 Няма сэнсу спыняцца на астатніх «героях», запрошаных на пасяджэнне назіральнай камісіі (іх было больш 10). Яны ўсе прыкладна на адзін твар: злоўжываюць спіртным, не жадаюць працаваць, вядуць асацыяльны лад жыцця, маюць запазычанасць па Дэкрэту № 18. Аднак усе яны — нашы людзі, да лёсу якіх абыякавым не можа быць любы чалавек ­ пры пасадзе ці радавы выканаўца. Недзе мы, напэўна, спазняемся: даём апусціцца на дно, дайсці да той мяжы, калі асоба ўжо не разумее,а хутчэй за ўсё, не жадае разумець, што гэта робіцца ў яе ж інтарэсах. Іншы, як кажуць, пад зямлю праваліўся б ад сораму, а гэтыя з нейкім нахабствам заяўляюць: «Што вы нас выхоўваеце?»

   Для выхавання і перавыхавання асацыяльных элементаў любыя метады добрыя. Нават калі на шлях выпраўлення з дзесяці чалавек стаў адзін ці два, ужо добра. Значыць, не марна патрачаны  сродкі і намаганні  дзяржавы. Вярнуць грамадству асобу — задача назіральнай камісіі, але ж памкненні да гэтага павінны быць двухбаковыя.

Міхаіл Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *