Хто рызыкуе, той застаецца жывы… Беларус Васіль Зіскуноў, прайшоўшы ўсе кругі пекла жорсткіх баёў 1941 года, а потым нямецкіх і савецкіх лагераў, атрымаў пасведчанне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, а разам з ім і вязня фашысцкіх канцлагераў толькі ў 2001 годзе, ва ўзросце 80 гадоў.

Намаганні родных, Сенненскага раённага ваеннага камісарыята, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прынеслі плён, справядліваць была адноўлена.

 

— Зразумела, родныя, землякі ведалі, які лёс выпаў на маю долю ў гады вайны. А вось пасля пераезду на Сенненшчыну я адчуваў недаверлівыя погляды людзей майго ўзросту. Асабліва  няёмка было ў святы, калі ветэраны вайны апраналі святочныя касцюмы, упрыгожаныя  баявымі ўзнагародамі, — успамінаў тады Васіль Емяльянавіч, які  зведаў горыч адступлення лета 1941 года, жахі фашысцкага палону, што цягнуўся да канца вайны, роспач савецкага лагера.

 А вясной 2004 года яго не стала. Ураджэнца Магілёўшыны прыняла  сенненская зямля, каб на магілу да яго маглі прыйсці ўнукі і праўнукі, якія нарадзіліся на Сенненшчыне.

 Чырвоная Армія ўсіх мацней

 У армію Васіля  Зіскунова, ураджэнца Прапойскага (цяпер Слаўгарадскага) раёна прызвалі ў 1940 годзе. Служыць давялося ў  Цярнопальскай вобласці Заходняй Украіны. У палкавой школе іх рыхтавалі  як кулямётчыкаў. Пра вайну ніхто не гаварыў, але  ўсе яе чакалі. 18 чэрвеня курсантаў паднялі па трывозе і пры поўнай баявой выкладцы павялі на захад. На падыходзе да Галіча раніцай 22 чэрвеня над калонай прайшло некалькі нямецкіх самалётаў, следам — савецкія знішчальнікі. Гарадок прайшлі спакойна. Днём, на яго ўскраіне, чырвонаармейцаў абстралялі з паветра. У адказ загаварылі кулямёты. Страляў і Васіль Зіскуноў. Упершыню ў сваім жыцці не па вучэбных, а па рэальных, баявых мішэнях, па людзях, хоць яны знаходзіліся ў самалётах.

 Праз дзень салдаты занялі абарону ў полі. Не паспелі добра акапацца, як паступіў новы загад — адступіць на рубяжы старой граніцы і там замацавацца.

 Адступлення не атрымалася.  Большая частка курсантаў хутка загінула пад гусеніцамі нямецкіх танкаў. Каб адбіцца ад жалезных страшыдлаў, у байцоў не было ні гармат, ні гранат, ні, нават, бутэлек з гаручай сумессю. Тыя, хто ўцалеў, групамі, па адным, рушылі далей: хто на ўсход, хто бліжэй дадому, да сям’і…

 Слухаючы  споведзь старога салдата, я раз-пораз кідаў погляд на яго твар, сачыў за выразам вачэй. Колькі ж усяго яны бачылі, колькі болю ў іх! Статус удзельніка вайны Васіль Емяльянавіч атрымаў пасля шматлікіх асабістых пісьмаў, на якіх настойвала, якія пісала дачка, пасля афіцыйных зваротаў у архівы былога СССР. У тым ліку ад імя сенненскага аддзела сацыяльнай дапамогі і райваенкамата. Апошняй кропляй, што зрушыла, нарэшце, планку бюракратычных адпісак, стаў запыт пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве, зроблены нашым прадстаўніцтвам па просьбе маёра  Аляксандра Курса, тады начальніка трэцяга аддзялення Сенненскага райваенкамата, у Падольскі ваенны архіў. Было атрымана афіцыйнае сведчанне, што ваенная часць, у якой служыў у 1941 годзе чырвонаармеец Васіль Зіскуноў, прымала ўдзел у баявых дзеяннях. Былі аформлены неабходныя дакументы ў органах сацыяльнага забеспячэння.

 … Пад Кіевам Васіль Зіскуноў прыстаў да байцоў 93-й авіябазы. З акружэнцаў, а больш з навабранцаў, сфарміравалі стралковы батальён.

 І зноў адступленне. Пад Палтавай, у складзе 97-й авіябазы, камандзір аддзялення Зіскуноў трапіў у палон. Прарыў нямецкіх войскаў быў нечаканы і імклівы. Ніхто не паспеў  арганізаваць ні абарону, ні  адступленне. Самалёт камандавання авіябазы ўзняўся ў паветра і тут жа рухнуў на ўзлётную паласу, збіты нямецкім знішчальнікам. Здарылася гэта 19 верасня 1941 года, амаль праз тры месяцы пасля пачатку вайны.

Праз колы  пекла

 Рэзервовыя магчымасці чалавека дрэнна вывучаны да гэтага часу. У стрэсавай сітуацыі, у неспрыяльныя перыяды жыцця, як правіла, адбываецца мабілізацыя фізічных, маральных, псіхалагічных сіл. Актывізуецца разумовая дзейнасць.  Зафіксаваны выпадкі, калі  маці, ратуючы дзяцей, паднімала такі цяжар, які ў звычайных умовах не пад сілу некалькім мужчынам. Людзі працяглы час жывуць без ежы і вады, бачаць прарочыя сны.

 Лагерны перыяд жыцця для Васіля Зіскунова пачаўся ў Палтаве. Тысячы ваеннапалонных, сагнаныя на пустэчу, абнесеную калючым дротам, днявалі і начавалі пад адкрытым небам. Праз тыдзень іх перагналі ў Крэмянчуг. Умовы усё тыя ж, нечалавечыя: літр баланды з жыта ці чачавіцы, 200 грамаў хлеба на суткі. У якасці  даху над галавой — пабудовы, якія выкарыстоўваліся да вайны як склады артылерыйскіх снарадаў.

 Зіму хлопец, які толькі пераступіў 20-гадовы ўзрост, сустрэў у кароценькай, падбітай ветрам целагрэйцы, зношаных, падвязаных дротам чаравіках, і галіфе, што свяцілася наскрозь. Сярод насельнікаў лагера лютавалі хваробы, кожны дзень з баракаў выносілі сотні трупаў. Ранняй украінскай вясны дачакаліся толькі 8 тысяч паўгалодных людзей з 60 тысяч, што трапілі за калючы дрот увосень. Зіскуноў быў у іх ліку.

 Увесь гэты трагічны перыяд яго падтрымлівалі сны. Праўдзівыя, прарочыя, як аказалася потым. У іх хлопец бачыў, як хаваліся ў лясах родныя і землякі, як гарэла вёска, як загінуў у лагеры для ваеннапалонных у  Бабруйску брат-танкіст. Васіля выратаваў выпадак. Шчаслівая для яго выпадковая сустрэча.

 Высокі, худы — 45 кілаграмаў вагі пры росце 176 сантыметраў. Гэтым ці іншым ён прыцягнуў увагу да сябе нямецкага перакладчыка, які аказаўся  беларусам з Картуз-Бярозы, што пад Брэстам.

 — Як ты трываеш? — даведаўшыся, хто Зіскуноў па нацыянальнасці, пастукваючы нага аб нагу ў высокіх ботах, спытаў ён.

 У адказ Васіль толькі паціснуў плячыма.

 Назаўтра зямляк-перакладчык зноў падышоў да Зіскунова і кіўнуў: «Пойдзем са мной».

 У невялікім памяшканні ляжалі трупы.  На некаторых было яшчэ добрае адзенне.

 — Выбірай, — зноў гэтак жа коратка прапанаваў ён.

 Шынель з мерцвяка ўзлез на Васіля нават на целагрэйку. Назаўтра ён атрымаў абутак, штаны.

 — Цяпер будзем жыць, — радасна  тахкала сэрца.

 Больш яны ніколі ў жыцці не сустракаліся. Зямляк-перакладчык некуды знік, аб яго далейшым лёсе Васілю Зіскунову  нічога даведацца не давялося. Затое ўдзячнасць захавалася на ўсё жыццё.

 Добрыя людзі на жыццёвым шляху старога салдата сустракаліся не адзін раз. Аб іх ён, пераважна, і расказваў, успамінаў тых, хто дапамог, падтрымаў у цяжкую хвіліну. Можа таму, што сам Васіль Емяльянавіч па натуры быў спагадлівым і чулым чалавекам.

 У  Кістрын, што ў Германіі, Зіскуноў трапіў дыстрофікам, ледзь перастаўляў ногі. А ў лагеры трэба было яшчэ працаваць. І зноў дапамог яго высокасць шчаслівы выпадак. Ён у другі раз  за год звёў з аднавяскоўцам Аляксеем Малахоўскім. Той працаваў на лагернай кухні і паспрыяў, каб Васіля ўзялі ў «банную» каманду. Палонныя, якія  ў яе ўваходзілі, прымалі толькі што прывезеных чырвонаармейцаў, апрацоўвалі іх адзенне. Работа не патрабавала вялікіх фізічных намаганняў. Побач знаходзілася кухня. І Васіль аджыў, стаў набірацца сіл. Што не падабалася ў камандзе, дык гэта людзі. Яны таксама былі палоннымі, бяспраўнымі рабамі. Але пры магчымасці здзекваліся, білі слабейшых за сябе. Чым больш знясіленым, безабаронным аказваўся чалавек, тым больш над ім глуміліся. Асабліва стараўся адзін магілёўскі, родам з Чавус. Невялікі ростам, чарнявы, ён дапякаў небарак чым мог. Зіскуноў не стрываў. Канфлікт усё абвастраўся, у яго ўцягнулася ўся «банная» каманда. Не на баку Васі­ля.

 І ён саступіў. Калі аднаго разу сталі набіраць групу для сельскагаспадарчых работ, папрасіўся ў яе. Спачатку працавалі ў буйных землеўладальнікаў, потым у звычайных баўэраў. Работы было шмат, але пад’есці ўдавалася. Не хапала таго, што выдавалі, умудраліся красці. Нешта з’ядалі на месцы. Рэшту забіралі  з сабой, каб падсілкавацца ноччу, падкарміць хворых.

 Сябры-палонныя празвалі Зіскунову злачынцам-невідзімкай. Яму ўдавалася не толькі  раздабыць ежу, але і схаваць яе, пранесці, каб не заўважылі, не адабралі канваіры. Аднойчы, ужо з лагера, што знаходзіўся ля горада Галле, іх забралі на работу. Пасялілі на чацвёртым паверсе адной з казарм  у ваенным гарадку і штодня вадзілі на чыгуначную станцыю, дзе яны выгружалі вагоны са снарадамі. На суседніх пуцях аднаго разу Зіскуноў заўважыў закрытыя, апламбаваныя вагоны. Нешта падказала Васілю, што там можна знайсці пажыву. Улучыўшы момант, ён ускрыў пломбу, адчыніў дзверы і залез унутр вагона. У вялізных кардонных скрынках аказаліся яйкі. Некалькі ён тут жа праглынуў і, ухапіўшы ўпакоўку, сігануў назад. Падсілкаваліся астатнія, а яек усё было шмат. Кінуць пашкадавалі і вырашылі забраць здабытае ў казарму, дзе размяшчаліся. Учынак больш паходзіў на самазабойства. У машыну скрынкі пранеслі  без асаблівых праблем. Нават прапанавалі паласавацца здабытым старому немцу-канваіру. Ад страху ў таго акругліліся вочы, і ён замахаў рукамі. Як пранесці на чацвёрты паверх казармы — параіць ніхто не мог. Несці на вачах сотняў нямецкіх салдат і афіцэраў таксама ніхто не рашаўся, бо выкрыты крадзеж мог закончыцца расстрэлам.

 — Эх, было не было, — зноў адважыўся Зіскуноў.

 На выцягнутыя рукі яму паставілі скрынку з яйкамі, прыкрылі яе нейкай анучай. І ён пайшоў наперадзе ўсіх. Зверху, насустрач палонным, рухаліся немцы: салдаты, афіцэры. Любы з іх мог спыніць, спытаць, што на руках, проста сарваць адзежыну са скрынкі. Пранесла. Узнагародай за рашучасць і смеласць сталі больш трохсот яек. Хапіла сілкавацца самім палонным на некалькі дзен, пачаставалі вадзіцеля-немца. Той не адмовіўся, не ў прыклад канваіру.

 На ваенных, нявольніцкіх шляхах-пуцявінах у Васіля Емяльянавіча было шмат розных сустрэч.

 Ішоў ужо 1943 год. Палонны Зіскуноў апынуўся ў Нарвегіі, дзе яго працу выкарыстоўвалі  для ўмацавання лініі нямецкай абароны. Вязні капалі акопы, абкладвалі іх камянямі, высякалі бліндажы ў скалах. На душы было мутарна. Колькі яшчэ цярпець? Ці прыйдзе калі канец мучэнням? Інфармацыі пра падзеі ў свеце, ход вайны не было ніякай. Хіба толькі трэба было верыць снам.

 Васіль, па-ранейшаму, сніў родныя мясціны. Але ўжо інакш. Немцы пакідалі іх, адступалі. Ды і тут, дзе яны былі яшчэ поўнымі гаспадарамі, нешта змянілася ў паводзінах канваіраў, салдат з перадавой.

 Нават у канцы вайны немцы ў акопах мелі ўсё неабходнае. Знаходзячыся побач з імі, палонныя таксама не ўпускалі шанц нешта здабыць для ўласнага ўжытку. У той раз ім перапала сметанковае масла, цыгарэты  і шнапс. Дзве бутэлькі спіртнога выпілі адразу, яшчэ бутэльку і цыгарэты прыхавалі. Масла таксама спажылі, рэшткі аддалі канваіру. А той на вачах у астатніх немцаў стаў яго есці.

 Палонных выстраілі і, загадаўшы дастаць усё, чым можна было рэзаць масла, сталі аглядаць рэчы, адзенне. Не знайшоўшы  нічога падазронага, учынілі вобыск у памяшканні, дзе трымалі вязняў. Знайшлі шнапс, цыгарэты.

 Увечары прыйшоў унтэр-афіцэр, як потым даведаўся Зіскуноў, член фашысцкай партыі, аўстрыец па паходжанні. Палонныя чакалі пакарання. Але ўсё абышлося  лёгкім  ушчуваннем і рэзюме: «Крадзьце, але каб ніхто не ведаў!»

 Заканчваўся 1944 год. Магчыма, у 1941 годзе за такую выхадку была б смерць. Можа чалавек добры трапіўся, разумеў і крыху гаварыў па-руску, чым не прамінаў пры выпадку пакарыстацца. У рэшце рэшт палонныя і аўстрыец-фашыст сталі ледзь не сябрамі.

Выбар

 Вызваленне прынеслі амерыканцы. Яны адразу сталі гаварыць пра савецкія лагеры і магчымыя рэпрэсіі, запрашалі былых вязняў на працу ў ЗША, на пастаяннае месца жыхарства. Некаторыя згаджаліся. Ім тут жа давалі касцюм-тройку, чаравікі, іншыя неабходныя рэчы і адпраўлялі на цеплаходы. Васіль Зіскуноў не паверыў запалохванням, не купіўся на абяцанне райскага жыцця. Ён ірваўся  дамоў. У чэрвені былых вязняў пагрузілі на цягнік, які даставіў іх за Маскву, у лагер, дзе ўтрымлівалі былых ваеннапалонных. Прыўзняты настрой змяніўся апатыяй. Ім яўна не давяралі. Многія некуды знікалі, іншых адпраўлялі ўжо ў савецкія лагеры.

 Анёл-ахоўнік і тут не пакінуў Васіля Зіскунова. На гэты раз ён паўстаў у  асобе каменданта лагера. Аказалася, лёс ужо зводзіў іх. Яшчэ ў пачатку вайны пры адступленні праз Заходнюю Украіну, пасля чарговага налёту нямецкіх самалётаў, баец Зіскуноў сутыкнуўся твар да твару на сцяжынцы ў пшаніцы з двума лейтэнантамі. Адзін з іх і быў цяпер начальнікам лагера. Тады яны пакурылі, пагаварылі некалькі хвілін і разышліся. Аказалася, каб сустрэцца зноў, вось тут. Пасля кароткай, шчырай размовы маёр сказаў: «Я адпускаю цябе, Васіль. Праўда, ніякіх дакументаў выдаць не магу. Едзь дамоў. Можа пашанцуе».

 Праз двое сутак ён быў дома. Зайшоў у ваенкамат, дзе яму выдалі часовы ваенны білет, уладкаваўся на работу. З 1954 года да выхаду на пенсію ў 1981 годзе працаваў шафёрам у адным з калгасаў Быхаўскага раёна, не зрабіўшы ні адной аварыі.

 Такі вось лёс: звычайны ці незвычайны — як на каго. Васіль Емяльянавіч Зіскуноў не імкнуўся змяніць жыццё, перарабіць людзей, з годнасцю прайшоў усе наканаваныя выпрабаванні.

Аляксандр  Лазюк.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *