У музычных школах Сенненшчыны аднаўляюць прэстыж прафесіі

Школы мастацтваў  з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, якія забяспечваюць пазашкольнае выхаванне і музычнае абучэнне. Музычнае выхаванне высокага ўзроўню садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы дзіцяці.

 Абучэннем у сферы культуры падрастаючага пакалення раёна займаюцца Сенненская і  Багушэўская школы мастацтваў, а таксама Машканская дзіцячая музычная школа. Пры Машканскай дзіцячай музычнай школе адкрыты два філіялы: у аграгарадку Ходцы і населеным пункце Машчоны. Тры гады назад у аграгарадку Багданава адкрыты класы Сенненскай ДШМ, дзе ігры на баяне, балалайцы, цымбалах абучаюцца 15 навучэнцаў. У наступным годзе плануецца адкрыць музычныя класы ў аграгарадку Нямойта.

 Для ажыццяўлення адукацыйнага працэсу школы маюць здавальняючую матэрыяльна-тэхнічную базу. У кожнай ёсць актавая зала (Сянно — 70 пасадачных месцаў, г.п. Багушэўск — 83, Машканы — 25). У горадзе і гарадскім пасёлку ў ДШМ ёсць харэаграфічныя, тэарэтычныя класы, кабінеты для індывідуальных заняткаў.

 Вучэбна-адукацыйны працэс у школах ажыццяўляюць 39 педагогаў. У Сянно і Багушэўску працуюць два аддзяленні: музычнае (народнае, народна-струннае, фартэпіянанае, струннае, духавое) і харэаграфічнае, у Машканскай музычнай школе — музычнае.

 Ахоп эстэтычнай адукацыяй навучэнцаў агульнаадукацыйных школ раёна складае:  г.Сянно — 19 %, г.п.Багушэўск — 17,9, аграгарадкі Машканы — 20,5, Ходцы — 31,5, Багданава — 20, в.Машчоны — 16 %. У цэлым па раёне гэта лічба складае 19,5 %.

 У гэтым навучальным годзе ў ДШМ і музычных школах займалася 375 навучэнцаў.

 У Сенненскай ДШМ распрацаваны развіваючыя праграмы для дзяцей дашкольнага ўзросту, абноўлены змест рабочых вучэбных праграм, якія забяспечваюць не толькі ігру на музычных інструментах па спецыяльнасці, але і заняткі ў ансамблях. З мінулага года ў вячэрні час працуюць класы эстраднага, харэаграфічнага, інструментальнага накірункаў для дарослага насельніцтва. У Багушэўскай дзіцячай школе мастацтваў і Машканскай музычнай школе работа з насельніцтвам не праводзіцца.

 Адным з найбольш эфектыўных метадаў па эстэтычным выхаванні і абучэнні музыкантаў з’яўляецца калектыўная форма музыцыравання. У школах працуюць калектывы мастацкай самадзейнасці: узорны аркестр народных інструментаў  (О.А.Букановіч), дзіцячы хор (кіраўнік А.М. Паўлоўская), ансамбль скрыпачоў (К.А.Глазунова) у Сянно, у Багушэўску — дзіцячы хор (С.Р.Лысянкова), музычны тэатр (В.П.Вішнеўская).

 Настаўнікі не абмяжоўваюцца толькі педагагічнай дзейнасцю. На працягу 26 гадоў пры Сенненскай ДШМ працуе народны аркестр народных інструментаў (Л.Я.Новікава). Нядаўна пачала сваю творчую дзейнасць вакальная група школы (кіраўнік А.М.Паўлоўская). Як канцэртмайстар пастаянна выступаюць І.Г.Корсакава і творчы дуэт цымбалістаў у саставе І.Р.Булаткінай і В.Б. Гарнак.

 Калектыў Багушэўскай ДШМ на працягу многіх гадоў актыўна ўдзельнічае у мерапрыемствах гарпасёлка, у раённых святах — вакальная група выкладчыкаў (кіраўнік Н.В.Вілюга), акампаніруючая група хору (А.В.Вішнякова).

 Створаны летась з работнікаў Машканскай музычнай школы і сельскага Дома культуры квартэт «Камелія» паспяхова  выступае на раённай  сцэне. А ў сакавіку гэтага года калектыў стаў дыпламантам ХУІІ абласнога конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні «Песні юнацтва нашых бацькоў» у намінацыі «вакальныя ансамблі». У гэтым годзе ў школе пачаў дзейнічаць ансамбль народных інструментаў.

 За 2010-2011 навучальны год педагагічнымі калектывамі мастацкай самадзейнасці школ раёна праведзены 163 канцэрты, з іх унутрышкольных — 91, у маштабах раёна — 72. Усяго абслужана 5830 чалавек, у тым ліку 1750 сельскіх жыхароў.

 Дзіцячыя школы мастацтваў прымаюць удзел у розных раённых, абласных і нават рэспубліканскіх аглядах, конкурсах. У 2007 годзе вучаніца Сенненскай ДШМ Насця Рукаль стала лаўрэатам (2 месца) рэспубліканскай музычна-тэарэтычнай алімпіяды, а праз год — стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Трое навучэнцаў Сенненскай ДШМ — Павел Васілёнак, Віталій Фамін і Насця Рукаль — сталі лаўрэатамі (два трэція і адно другое месцы) Міжнароднага конкурсу акардэаністаў «Наўне-2008» у Латвіі. Заслугі навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ можна пералічваць і далей. Але сёння важна захаваць прафесійную накіраванасць абучэння. Важна, каб не менш за 10 % ад агульнай колькасці навучэнцаў уваходзілі ў састаў прафесійных груп. Калі за перыяд з 2007 па 2010 гады ў навучальныя ўстановы культуры і мастацтва з Сянно паступілі 6 навучэнцаў, Багушэўска — 11, Машкан — 4, то сёлета  паступаючых няма ні ў адной са школ.

 Група прафесійнай арыентацыі створана  толькі ў Сянно, перад астатнімі ўстановамі такая задача пастаўлена. На жаль, прэстыж школ і прафесіі  настаўніка музычных дысцыплін з кожным годам зніжаецца: не назіраецца  актыўнага жадання ў бацькоў накіроўваць сваіх дзяцей на вучобу ў ДШМ, адсутнічае яно і ў дзяцей.

 Школам мастацтваў трэба пастаянна весці асветніцка-шэфскую работу ў працоўных калектывах, агульнаадукацыйных школах, дзіцячых дашкольных установах. Недапрацоўваем пакуль у плане абмену станоўчым вопытам сярод устаноў,  лепшых выкладчыкаў. не наведваем і філармонію г.Віцебска. Тым самым пазбаўляем дзяцей магчымасці бачыць сапраўдных харэографаў, выканаўцаў на музычных інструментах. Былыя выпускнікі ДШМ не прыцягваюцца да творчага жыцця раёна. Пакуль і самі выкладчыкі школ не заўсёды праяўляюць ініцыятыву ў падрыхтоўцы дзяцей да выступлення на канцэртах і ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. З улікам тэндэнцый, якія змяняюцца часам не ў лепшы бок  у сацыяльна-эканамічным развіцці грамадства, і павінны скіраваць свае намаганні педагогі ДШМ у эстэтычным выхаванні і абучэнні нашых дзяцей.

Ларыса Новікава,

начальнік аддзела культуры райвыканкама.