Бывай, школа! На Сенненшчыне празвінелі апошнія званкі

Учора для 246 адзінаццаці­класнікаў сярэдніх навучальных устаноў  раёна прагучаў апошні школьны званок.  Юнакі  і дзяўчаты развіталі­ся з дзяцінствам і адчынілі дзверы ў дарослае жыццё. Наперадзе іх чакаюць выпускныя і ўступныя экзамены.

 Мерапрыемствы ў школах раёна распачаліся ў 9.00.  А ў поўдзень выпускнікі-2011 «зляцеліся» ў Сянно. Святочная лінейка адбылася на цэнтральнай плошчы горада. Кіраўніцтва раёна, настаўнікі, бацькі павіншавалі дзяцей  са знакавай у іх жыцці падзеяй і пажадалі ўсяго самага добрага, а галоўнае — правільнага выбару жыццёвага шляху.

  За актыўную творчую дзейнасць і поспехі ў вучобе лепшыя вучні Сенненшчыны атрымалі дыпломы. Прыемна парадавала і тое, што ў гэтым годзе 10 выпускнікоў прэтэндуюць на медалі. Гэта немалая лічба. Летась, напрыклад, выдатнікаў было амаль што напалову меней.

 Пазней у раённым Доме культуры быў наладжаны традыцыйны фестываль «Вясна надзей».  Цудоўным сюрпрызам стаў канцэрт, які падрыхтавалі студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава.

 Але на гэтым свята не скончылася. Дыскатэка з конкурсамі і падарункамі працягвалася  да 19.00.

Атэстаты аб базавай адукацыі атрымаюць сёлета 316 чалавек.

  Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымках: апошні званок ў школе №1 г.Сянно.