Уступілі ў рады актыўных жанчын. Прайшоў справаздачна-выбарны сход Сенненскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

З дакладам выступіла старшыня раённай арганізацыі БСЖ, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта З.С.Фаміна.

 На Сенненшчыне налічваецца 65 пярвічных арганізацый грамадскага аб’яднання «БСЖ». У іх уваходзіць 1504 жанчыны. З пачатку справаздач­нага перыяду (2009 год) колькасць «пярвічак» павялічылася на 5. Члены раённай жаночай арганізацыі задзейнічаны ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцця раёна. Арганізацыя аб’ядноў­вае і маладых, і сталых (ад 18 да 65 гадоў).

 У час правядзення справаздачна-выбарнай кампаніі ў сакавіку-красавіку бягучага года рады раённай арганізацыі жанчын павялічыліся на 4 «пярвічкі».

 Адным з важных накірункаў работы арганізацыі, падкрэслена ў дакладзе, з’яўляецца абучэнне стар­шынь «пярвічак». За справаздачны перыяд для іх было праведзена 6 семінараў-практыкумаў, на якіх разглядаліся актуальныя пытанні: аб дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, арганізацыі работы жансаветаў па выкананні Дэкрэта №18 і Дырэктывы №1, аказанні адраснай гуманітарнай дапамогі, стварэнні ўмоў работы і пражывання жанчын у аграгарадках, аб правя­дзен­ні Тыдня маці і іншыя.

 Практыкуецца такая важная форма работы, як абмен вопытам. Праведзены выязныя семінары на базе пярвічных арганізацый ПП «Дружбінец», ДЭУ-38, філіяла РВУ «Сяннорайгаз», ТЦАН, ДЛГУ «Багушэўскі лясгас». Сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы райвыканкама мерапрыемствы прайшлі  ў ААТ «Бяленева» і «Кругляны». Такая форма работы таксама зарэкамендавала сябе станоўча.

 Традыцыйна вялікую ўвагу, адзначыла ў сваім выступленні кіраўнік раённай арганізацыі жанчын, жансавет надаваў рабоце па рэалізацыі Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Пярвічныя арганізацыі і члены прэзідыума замацаваны за сем’ямі, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Кожны квартал ажыццяўляецца наведванне гэтых сем’яў з мэтай кантролю і аказання неабходнай дапамогі. Такая работа дае станоўчыя вынікі: калі на пачатак 2007 года на ўліку было 134 сям’і (274 дзіцяці), то сёння — 68 сямей (114 дзяцей). Скарацілася колькасць  накіроў­ваемых у дзяржаўныя інтэрнацкія ўстановы. У мінулым годзе 72% дзяцей былі ўзяты на сямейныя формы выхавання.

 Жаночы актыў раёна не стаіць убаку ад удзелу ў рэспубліканскіх акцыях «Жанчыны супраць п’янства жанчын», «Ні аднаго пакінутага дзіцяці побач», «Сям’я без насілля», «Дабрабыт» і іншых. Члены жансавета пастаянна наведваюць дзіцячы сацыяльны прытулак, школу-інтэрнат, аддзяленне дзённага прабывання для інвалідаў, з’яўляюцца ініцыятарамі збору сродкаў, цацак, кніг для дзяцей-сірот, інвалідаў, малазабяспечаных.

 У раёне да Дня ведаў праходзіць дабрачынная акцыя «Партфель», у рамках якой праводзіцца збор сродкаў і набыццё неабходных рэчаў для дзяцей з маламаёмных, нядобрана­дзей­ных сем’яў. У 2009 годзе сума сродкаў, сабраных арганізацыямі і жансаветамі, складала каля 5 млн рублёў, а ў 2010 — ужо больш за 14 млн.

 Цесна супрацоўнічае жансавет з грамадскай аргані­зацыяй Чырвонага Крыжа. Але, як адзначыла З.С. Фа­мі­на, хацелася б яшчэ больш згуртавацца з членамі міні-праектаў «Родник» і «Мы вместе!» у правядзенні сумесных творчых спраў і дабрачынных акцый.

 Старшыня  раённай арганізацыі жанчын закранула таксама такі накірунак работы, як прапаганда моцнай, здаровай сям’і. Бо выклікае трывогу павелічэнне колькасці няпоўных сем’яў, якія не могуць паўнацэнна рэалізаваць свае грамадскія функцыі. У нашым раёне каля 18% ад агульнай колькасці сем’яў складаюць няпоўныя. У апошнія гады назіраецца рост пазашлюбнай нара­джаль­насці. У 2010 годзе ў раёне нарадзі­лася 205 дзяцей, 29% з якіх — па-за шлю­бам.

 Каб прыпыніць такую тэндэнцыю, адзначыла ў дакладзе З.С.Фаміна, неабходна перагледзець статус жанчын, нарадзіўшых дзяцей па-за шлюбам, і стварыць роўныя ўмовы ўсім сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Дакладчык заклікала пярвічныя аргані­зацыі больш увагі ўдзяляць поўным сем’ям, сем’ям, якія маюць 2 і больш дзяцей.

 У выступленні адзначалася, што за справаздачны перыяд праведзены такія мерапрыемствы, як «Мы будем вечно прославлять ту женщину, чьё имя мать», прысвечанае завяршэнню Года маці, «Улыбнись, планета, детям», прысвечанае Году дзіцяці, «Мы твоё будущее, Беларусь», праве­дзе­нае да Дня сям’і, і іншыя.

 Упершыню ў раёне, па ініцыятыве прэзідыума раённай арганізацыі БСЖ, да Дня сям’і прайшоў конкурс «Созвездие семейных талантов».

 Не забывае раённая арганізацыя жанчын ветэранаў вайны і працы. Для пажылых людзей арганізоўваюцца вечары адпачынку, канцэрты, запрашэнні ў працоўныя калектывы.

 Ёсць у жаночага руху раёна свае ветэраны, якія стаялі ля яго вытокаў. Зоя Сцяпанаўна звярнулася да іх з прапановай стварыць ветэранскую арганізацыю ў рамках раённай.

 У радах раённай арганізацыі БСЖ шмат заслужаных жанчын, сярод іх 3 лаўрэаты конкурсу «Чалавек года Віцебшчыны». У 2009-2011 гадах 4 жанчыны раёна  ўзнагароджа­ны ордэнам Маці, дзве сталі лаўрэатамі прэміі імя З.М.Тусналобавай-Марчанка.

 Дакладчык закранула яшчэ шэраг пытанняў жаночага руху на Сеннен­шчы­не. Асвятліць іх усе проста не дазваляе абмежаваная газетная плошча.

 На сходзе прайшло ўшанаванне старшынь пярвічных арганізацый, старых і нядаўна абраных, а таксама кіраўнікоў новых «пярвічак», створаных у час справаздачна-выбарнай кампаніі. Са словамі прывітання і наказу да іх звярнулася Ніна Лапеха, якая працяглы час узначальвала жаночую арганізацыю Сенненскага ПМС. Былыя старшыні завязалі «навічкам» гальштукі — сімвал прыналежнасці да саюза жанчын.

 Вопытам работы сваіх «пярвічак» падзяліліся  кі­раўнікі Сняжана Мяцеліца (ДУ «Сенненскі РЦГЭ»), Злата Шацько (ЦБУ 218 філіяла 200 Віцебскага абл­упраўлення ААТ «Беларусбанк»), Таццяна Кавалеўская (ПП «Дружбінец»), Ніна Паляшчук (Сенненская ЦБС), Лідзія Новак (УА «Багушэўская ДАСШ №1»). Пра сумесную работу з жаночай «пярвіч­кай» расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» Таццяна Шугальская.

 За актыўную работу ў жаночым руху былі ўзнагароджаны Падзячнымі лістамі прэзідыума раённай арганізацыі Ніна Паляшчук, Таццяна Кавалеўская, Валянціна Парэпка (ААТ «Бяленева»), Ларыса Рантоўская (дэпартамент аховы), Сняжана Мяцелі­ца, Таісія Стайнова (філіял РВУ «Сяннорайгаз»), Ніна Лапеха, Таццяна Гарнак (ЦБУ 218 ААТ «Беларусбанк»), члены прэзі­дыума Алена Блыкіна, Наталля Рыбчанка, Алена Дзергачова, Алена Мяцеліца.

 Сход прызнаў работу прэзідыума здавальняючай. Быў выпрацаваны праект рашэння, які ўтрымліваў шэраг слушных прапаноў і цікавых пачынанняў, выказаных выступаючымі і кіраўніком арганізацыі.

 Старшынёй Сенненскай раённай арганізацыі ГА «БСЖ» сход аднагалосна абраў З.С.Фаміну.

 На  заканчэнне мерапрыемства яго ўдзельнікаў павіншавалі артысты мастацкай самадзейнасці.

 Таццяна БУРАКОВА.

На здымках: гальштук — сімвал прыналежнасці да арганізацыі — завязвае ветэран жаночага руху Сенненшчыны Ніна Лапеха; Падзячныя лісты актывістам жаночага руху ўручае старшыня раённай арганізацыі ГА «БСЖ» З.С.Фаміна; ушанаванне нядаўна абраных старшынь «пярвічак».