Сёлета Сянно ўпрыгожаць 7 тысяч кветак!

Напэўна, не знойдзеш у горадзе чалавека, які б быў раўнадушным да яго ўтульнасці, прыгажосці. Але той, хто думае, што стварэннем усяго гэтага работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачынаюць займацца вясной, глыбока памыляецца. Аб гэтым мы і гутарым з майстрам ЖКГ па ўтрыманні зялёных насаджэнняў Г.М.Саракалетавай.

— Ведаеце, — кажа Галіна Міхайлаўна, — раней у жыллёва-камунальнай гас­падарцы нават спецыя­ліста такога не было. Таму азелянялі і добраўпарадкоўвалі, як каму ўздумаецца і тым, што пад рукі трапіць. Інакш як патлумачыць тое, што некаторыя дрэвы аказаліся пад лініямі электраперадачы, сувязі, перараслі ў вышыню трохпавярховыя і больш высокія забудовы. Дзейнічаў прынцып: пасадзіў і з рук далоў. Нельга дазволіць расці дрэву ў горадзе так, як яму хочацца, як яно магло б расці ў дзікай прыродзе, у лесе, каб галіны лезлі ў вокны кватэр, карані  разбуралі фундаменты. Існуюць розныя віды абрэзкі: санітарныя, амаладжальныя, калі, напрыклад, велізарныя кроны таполяў абразаюць да пэўнага памеру — каб дрэва потым разбудзіла пупышкі… Многім гараджанам такі падыход не даспадобы, маўляў, здзе­куюцца з прыроды. Звычайна падобныя работы вядуцца ў лістападзе- снежні або ранняй вясной.

 — А які яшчэ догляд ажыццяўляецца за рознымі насаджэннямі?

 — Жыхары горада, напэўна, і не заўважаюць, што з восені кустарнікі падкормліваюцца сухімі мінеральнымі ўгнаеннямі з за­дзел­кай у глебу. Засохлыя, хворыя і пашкоджаныя грыбковымі захворваннямі галіны выразаюцца секатарам ці нажоўкай, у тым ліку і з вышкі. З восені гэтыя работы былі выкананы на вуліцах Назаранкі, Савецкая, Віцебская, К.Маркса, у парку «Трох герояў», інш.

 Акучваем і закрываем шматгадовыя расліны хвойнай лапкай, іншымі матэрыяламі. А колькі даводзіцца папрацаваць на ўборцы лісця, іншага смецця, бо не сакрэт, што нашы людзі яшчэ не вельмі цэняць працу іншых. Заўважце, на цэнтральнай плошчы горада, па вуліцы Кастрычніцкай (асабліва ў раёне магазінаў), нягледзячы на абсталяваныя пешаходныя пераходы, некаторыя шыбуюць прама праз газоны, кустарнікавыя насаджэнні, іншы раз па кветках, нават агароджы перамахваюць…

 Узімку ідзе канструяванне і выраб вертыкальных клумб і кантэйнераў, падрыхтоўка дэкаратыўнага матэрыялу да веснавой сяўбы, рамонт і выраб скрынь для кветкавай расады, розныя іншыя падрыхтоўкі.

 — Што новае з’явіцца сёлета ва ўпрыгажэнні горада?

 — Усе кветкавыя клумбы, што замацаваны за жыллёва-камунальнай гаспадаркай, дагледжаны. Высаджана каля 6-7 тысяч кветак. Установім вертыкальныя клумбы: дзве на металічных падстаўках і дзесяць на драўляных. З’явяцца яны перад уваходам у гарадскі  парк, на скрыжаванні вуліц Назаранкі і Кастрычніцкай, па вуліцы Машэрава (ля кіёска «Саюздрук»), на вуглу каля памяшкання райвыканкама. вырабім вертыкальныя клумбы-вазоны, т.зв. «жывыя дываны».

 — Вось вы, Галіна Міхайлаўна, сказалі 6-7 тысяч. А, мабыць, гэта зашмат для Сянно  ці, наадварот, мала?

 Аб тым, што гэта зашмат і размовы быць не можа. Яўна недастаткова. Але колькі расады можна вырасціць у скрынях. Быў парнік, па загаду колішняй раённай улады ўбралі. Магчыма, ён  і сапраўды быў  у непадыходзячым месцы, якое, быццам, спатрэбілася пад будаўніцтва офіса, як сёння модна называюць розныя канторы. Парнік хуценька знеслі, а кантора калі з’явіцца, невядома, грошай няма нават на новы парнік. А дакладней, калі будаваць, дык ужо цяпліцу квадратаў на 50-70. Многае змаглі б вырошчваць самі, а  купіць …. і размовы быць не можа. Вось прэйскурант паглядзіце, адна кветачка ў залежнасці ад сорту і віду цягне ад 2 да 5 тысяч рублёў. Закласці газон на плошчы ў адну сотку — 400 тысяч рублёў.

 Таму сёлета вельмі складана. Расаду высадзілі таксама са спазненнем. Маючы цяпліцу, яе ў адкрыты грунт можа было б змяшчаць ужо цвітучай.. Усю зіму месца сабе не знаходзіла, перажываючы, каб штосьці са шматгадовых раслін не вымерзла…

 — Колькі чалавек пад вашым кіраўніцтвам?

 — Гаворачы ваеннай тэрміналогіяй, нашу службу нават аддзяленнем назваць складана: разам са мной — тры чалавекі. Гэта Марыя Фёдараўна Мялешка і Ларыса Пятроўна Толстая. Але затое якія гэта энтузіясты! У 6 гадзін рані­цы яны ўжо на рабоце. Каб з такой энергіяй працаваць, трэба любіць сваю справу.

 Іншы раз нашаму падраздзяленню даюць дадатковую рабочую сілу. Напрыклад, Сяргея Шафранскага са спецыяльнай машынай для палівання кветак. Калі людзі ідуць  раніцай на работу, то бачаць палітыя клумбы. І ніхто пры гэтым не задумваецца, што Сярожа падняўся ў тры гадзі­ны, а ў чатыры пачаў  паліваць.

 — Якія ў вас планы і пажаданні?

 — Планаў і задум хапае. Здаецца, зрабіў бы і тое, і гэта, але ўсе задумы заканчваюцца, як толькі кіраўніцтву ЖКГ і эканамічнай службе скажаш пра грошы.  Сёння на адным энтузіязме  далёка не заедзеш. Можна было б вырабіць дэкаратыўныя канструкцыі, у тым ліку і з нестандартных відаў матэрыялаў, скажам «дрэва» з металу, а на ім кашпо з ампельнымі раслінамі.

 Некалі і цэнтральны гарадскі парк задумваўся як Лас-Вегас (горад у штаце Нявада ЗША) — цэнтр адпачынку і задавальненняў, кліматычны курорт. А што маем? Дрэвы па перыметры, амаль пустуючая (дзве горкі) пляцоўка з чашай фантана, які працуе па вялікіх святах — Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці — і ніякіх табе атракцыёнаў.

 Хацелася б мець і больш цесны кантакт з аддзелам па будаўніцтву, архітэктуры і жыллёва-камунальнай гаспадарцы райвыканкама. Я разумею, работы там вышэй галавы, але ж адну справу робім — служым людзям.

 Асабліва хацелася б, каб людзі цанілі ўсё тое, што робіцца ў горадзе для іх жа ўтульнасці, прыгажосці роднага краю. Пра газоны я ўжо гаварыла. А з якой зайздроснай рэгулярнасцю ў асобных месцах знішчаецца дэкаратыўная агароджа. Ужо больш за дваццаць гадоў не можам азеляніць набярэжную Сенненскага возера супраць капліцы, ламаюць сасёнкі, як і дрэвы ўздоўж касцёльнай гары і да ФОКа, і г.д. Словам, калі жадаем жыць прыгожа, то давайце працаваць над гэтым разам і шанаваць працу адзін аднаго.

 Міхаіл Бялоў.