У “Калі ласка” за мяскам

У Сенненскім раёне з’явілася яшчэ адна крама. Яе гаспадаром з’яўляецца Рэспубліканскае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства імя П.М. Машэрава.

 У самым цэнтры аграгарадка Машканы пачала працаваць гандлёвая кропка пад мілагучнай назвай “Калі ласка”. Свініна, якая вырабляецца ў гэтай гаспадарцы, — папулярны прадукт і ў абласным цэнтры.

 — Мы штогод прадаём каля тысячы тон мяса на “Эвікоме”. А вось машканцы маглікупіць свежаніну толькі ў асобныя дні. Бывала, што ў чарзе людзі  прайстойвалі не адну гадзіну, — расказала галоўны эканаміст РУСП імя П.М. Машэрава Алена Дуранкова.

 З адкрыццём крамы праблема гэтая вырашана. Акрамя мяса і паўфабрыкатаў тут можна набыць і самыя разнастайныя тавары: крупы, мучныя вырабы, каўбасы, напіткі, фрукты. Цэны крыху ніжэйшыя, чым у гандлёвых кропках райспажыўтаварыства, што не можа не радаваць мясцовых жыхароў.

 Кіраўніцтва РУСП імя П.М. Машэрава плануе ў далейшым зрабіць свой вяндлярны і каўбасны цэхі. Выходзіць прадукцыя будзе пад гандлёвай маркай “Калі ласка”. Назву прыдумвалі ўсім калектывам. Але  спыніліся на варыянце, што прапанавала бухгалтар гаспадаркі Надзея Бяляева.

 Перарэзалі чырвоную стужку дырэктар РУСП імя П.М. Машэрава Сяргей Калеснікаў і старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка. Са словамі віншавання да машканцаў звярнулася і намеснік старшыні Ганна Якаўлева. Пасля чаго ўсе прысутныя накіраваліся ў краму “Калі ласка” за мяскам.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *