Паляванне на нелегальныя звалкі

Прыемна глядзець, як вясной ажывае прырода, распускаюцца сады, квітнеюць палеткі. Але вясна раскрывае і звалкі.

 У красавіку ў краіне актыўна праводзіліся суботнікі як рэспубліканскага, так і мясцовага значэнняў. Стараліся людзі добраўпарадкаваць свае прысядзібныя ўчасткі, дачы, але, на жаль, не ўсе адказна падышлі да справы. Гэта выявіў рэйд, ініцыятарамі якога сталі рэдакцыя і інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сенненскага раёна. Шлях наш ляжаў у Беліцкі сельскі Савет.

 Толькі факты

 Вёска Латыгаль. Ад былога будынка аптэкі застаўся толькі фундамент, які зарастае хмызняком і пустазеллем. Мясцовыя ж жыхары пачалі выкідваць сюды бытавыя адходы  (на здымку №1). Сярод вёскі  ўтварыўся нелегальны сметнік. Здзівіла і збянтэжыла яшчэ тое, што насупраць уграбалі канаву і нават палілі лісце, а прыбраць нелегальную звалку  так ніхто і не адважыўся.

 Праязджаем па іншых вуліцах Латыгаля. Амаль праз кожныя 300 метраў  у кустах паабапал дарогі валяюцца пустыя бутэлькі, пакеты, шклянкі. Месцамі ляжаць цэлыя горы смецця, якія з’явілі­ся тут не за адзін год. 

 Такі ж малюнак і ў вёсцы Старая Беліца. Усё непатрэбнае вяскоўцы выкідваюць у канцы агародаў. Жыхары Маргойцаў большыя вынаходнікі — бытавыя адходы яны выносяць да дамоў, у якіх ніхто не жыве. Зарослыя пустазеллем і закіданыя смеццем, пустыя сялібы выглядаюць жудасна. Казаць, што тут раней жылі неахайныя людзі, не прыходзіцца. Бачна, што пакеты з адходамі з’явіліся тут нядаўна і нават не паспелі выцвісці ад сонца.

 Завяршае ж агульнае ўражанне цэнтральная вёска Беліцкага сельскага Савета. У цэнтры Полымя, за магазінам, ляжаць вялікія кучы сухіх галін, лісця, травы, рэшткаў будаўнічых матэрыялаў.  А далей, за паркам, могілкамі і былым калгасным садам, знаходзіцца афіцыйны сметнік. Бачна, што час ад часу тут бывае бульдозер. Месца для складзіравання адходаў дастаткова. Але вяскоўцы ўсё непатрэбнае выкідваюць у сад. Хто дакуль дойдзе, там і пакідае свой груз. Яшчэ прыкладна за трыста метраў да пачатку сметніка ляжаць вялікія кучы адходаў (на здымку №2).

  Што рабіць?  Хто вінаваты?

  Знайсці адказы на гэтыя вечныя пытанні мы паспрабавалі, завітаўшы да стар­шы­ні Беліцкага сельскага Са­вета Міхаіла Данілава.  Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 года №271-3 «Аб абы­ходжан­ні з адходамі» (артыкул 12) мясцовыя сельскія Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны арганізоўваць работу па захаванні камунальных адходаў і сачыць за яе выкананнем.

 Да таго ж у кожным сельскім Савеце трэба, каб быў скла­дзе­ны графік збору адходаў у населеных пунктах. Раз у тыдзень ці месяц, усё залежыць ад патрэб насельніцтва, у адпаведны час у вёску за смеццем павінна прыязджаць тэхніка. У Беліцкім сельсавете нам такі графік не паказалі, а значыць, работа гэта не выконваецца.

 На пытанне, якія меры былі прыняты, каб навесці парадак у населеных пунктах, старшыня сельскага Савета Міхаіл Данілаў расказаў, што напярэдадні рэспубліканскага суботніка людзі атрымалі прадпісанні, у якіх іх прасілі добраўпарадкаваць двары, прысядзібныя тэрыторыі.  Большасць жыхароў  гэта заданне выканалі. Пытанне ў іншым. Хто  ліквідуе звалкі, што ўтварыліся ля пустых сядзіб, абапал дарог, у канцы агародаў? Няўжо па ўласнай ініцыятыве нехта з вяскоўцаў возьмецца за гэту справу ці арганізуе суседзяў? Год ці два смецце скла­дзі­раваў, а тут вырашыў яго прыбраць. Верыць у гэта, на жаль, не прыходзіцца.

 Ліквідаваць нелегальныя звалкі — паўбяды. Як прымусіць людзей не рабіць іх зноў? Штрафаваць? Згодна з артыкулам 15.63 КаАП «Парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб адходах» прадугледжваюцца штрафы  для фізічных асоб — ад 5 да 50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальні­каў — да 100 базавых і для юрыдычных асоб — да 500 базавых велічынь. Праблема яшчэ ў тым, што складана даказаць, хто менавіта выкінуў смецце ў недазволеным месцы. Каб прыцягнуць чалавека да адміністрацыйнай адказнасці, яго фактычна трэба злавіць за руку. Але, па словах выконваючага абавязкі начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сенненскага раёна Валерыя Макарэвіча, калі звалка з’явілася ў канцы агарода, то штраф будзе накладзены на гаспадара зямельнага ўчастка.

 Пакуль што да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты старшыня Беліцкага сельскага Савета Міхаіл Данілаў. Але гэта не значыць, што беспакаранымі застануцца людзі, якія ўтварылі нелегальныя звалкі ў сваіх вёсках.

Падобныя рэйдавыя групы завітаюць у кожны сельскі Савет раёна.

Кацярына КАРПОВІЧ.