Дзіцячая пляцоўка рукамі… жыхароў аднаго з сенненскіх двароў.

У журналісцкай практыцы часта даводзіцца сутыкацца з рознага віду скаргамі. Лі­дзіруе ў гэтым плане жылкамунгас. На ўспамін прыходзіць наступны малюнак. Жанчынкі-камунальні­цы фарбуюць дзіцячую пляцоўку ў двары пяціпавярхоўкі. Побач разгульвае адзін з насельнікаў дома і скардзіцца на ўсе лады. «Паглядзіце, якім колерам яны фарбуюць!» — мужчына імкнуўся паказаць мне ўсе  агрэхі. «А вось і смецце!» — у пясочніцы ляжаў пусты пакет з-пад чыпсаў. Мая заўвага на тое, што смецце, верагодна, кінулі самі жыхары дома, рэакцыі не займела. Мужчына ўпарта абвінавачваў ва ўсім ЖКГ, маўляў, нічога не робяць. У мяне ж  узні­кае сустрэчнае пытанне. А што вы зрабілі для ўласнага дабрабыту? Прыбралі кватэру і вынеслі смецце за ганак?

 Мабыць таму мне больш імпануюць людзі, якія не чакаюць міласці, не ходзяць па інстанцыях, а самі імкнуцца паляпшаць умовы свайго побыту. Так, як гэта зрабілі жыхары дома №21 па вуліцы Кастрычніцкай. Адзін дзень іх сумеснай працы — і ў двары з’явілася паўнацэнная дзіцячая пляцоўка. 

 Ініцыятарам будаўніцтва стала Зоя Кудранок. «Хачу, каб маім унукам было дзе гуляць», — вось і ўся матывацыя. Яе падтрымалі сем’і, дзе ёсць маленькія дзеткі: «Ім няма чаго рабіць у родным двары. Яны вымушаны бегаць на іншыя пляцоўкі. А мы хвалюемся за іх. Бо гэта ж дарога, машыны! А цяпер ім добра тут, ды і нам спакойна!»

 А галоўнае, без ніякіх матэрыяльных выдаткаў. Хто дошкамі дапамог, хто фарбу прынёс, хто — пясок, а хто і параду даў. Такім чынам, былі рэстаўрыраваны старыя арэлі, пабудаваны пясочніца, лавачкі, столікі, размаляваны пянёчкі і камяні. Усё абнесена адмысловай агароджай. На момант майго прыходу на пляцоўцы шчыравалі Святлана Конюшка з дачкой Кацярынай (дарэчы, галоўным дызайнерам і мастаком праекта), сужэнцы Зоя і Сяргей (аўтар агароджы) Кудранок, Тамара Алтухова (на здымку). Тым часам тыя, для каго рабілася гэтая прыгажосць, ужо паспелі яе ацаніць. Трое малых з задавальненнем каталіся на арэлях.

 Працы папярэднічала доўгая справа па ўзаконьванні пляцоўкі. Давялося збіраць дазволы на яе ўзвядзенне ў адпаведных інстанцыях. Добрую ініцыятыву жыхароў чыноўнікі без ваганняў падтрымалі. Для дзяцей — гэта святое!

 Цяпер у «будаўнікоў» новыя планы: разбіць вакол пляцоўкі кветнікі, змайстраваць новыя малыя архітэктурныя формы з тых жа пластыкавых бутэлек — вось такая безадходная вы­твор­часць.

 «Мы толькі радыя, калі наш прыклад возьмуць іншыя жыхары», — кажуць жанчыны і запра­шаюць усіх жадаючых наведацца да іх за вопытам.

Вольга Бандарэвіч.