Беларускія заканадаўцы прынялі кодэкс аб адукацыі. Гэта першы дакумент падобнага кшталту ў свеце.

Прававыя нормы кодэкса накіраваны на забеспячэнне стабільнасці сістэмы адукацыі, павышэнне яе якасці, умацаванне прэстыжу беларускай адукацыі на сусветным узроўні. Ён складаецца з Агульнай і Асаблівай частак, у якіх раскрыты правы і абавязкі вучняў і студэнтаў, іх бацькоў, выкладчыкаў, прыведзе­ны патрабаванні да адукацыйнага працэсу, уведзена дысцыплі­нарная адказнасць тых, хто вучыцца, паказаны спосабы фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сістэмы адукацыі.

Хто можа атрымліваць

адукацыю?

 Кодэкс ахоплівае прававымі нормамі ўсю сістэму адукацыі і дае магчымасць атрымліваць яе кожнаму жыхару Беларусі незалежна ад узросту, сацыяльнага статуса, здароўя, даходаў і месца пражывання. У дакуменце захаваны лепшыя набыткі беларускай адукацыі: нацыянальныя рысы, дзяржаўная падтрымка, даступнасць, бясплатнасць, справядлівасць пры прыёме, стабільнасць функцыянавання, улік сацыяльна-эканамічных умоў.

Будуць рэалізоўвацца праграмы падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, у тым ліку ў саміх арганізацыях, праводзіцца навучальныя курсы (лекторыі, тэматычныя семінары, трэнінгі, практыкумы і інш.). Вучыцца можна як ва ўстановах, так і не выходзячы з дому.

 Асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прызнаны абучаемымі, а сістэма спецыяльнай адукацыі будзе садзейнічаць іх падрыхтоўцы да працоўнай дзейнасці, сямейнага жыцця, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства.

 З боку дзяржавы будзе аказвацца падтрымка дзецям, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучобе і грамадскай рабоце, тым, хто мае патрэбу ў аздараўленні, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і інш.

Мова навучання

 У кодэксе дэкларыруецца роўнасць беларускай і рускай моў у навучанні. Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы з’яўляецца абавязковым.

 Па жаданні абучаемых або іх бацькоў могуць стварацца групы, класы, дзіцячыя сады, школы, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай меншасці або такая мова вывучаецца.

 Абавязковая для вывучэння замежная мова вызначаецца засна­вальнікам і з улікам патрэб дзяржавы і магчымасцей установы адукацыі.

 Пры наяўнасці ўмоў навучацца можна не толькі на беларускай або рускай, але і на любой іншай мове. Для гэтага павінны быць найперш выкладчыкі, якія свабодна тлумачаць вучэбны матэрыял на замежнай мове.

Выхаванне

 Уведзена паняцце выхаванне, пералічаны яго асноўныя складаемыя і іх накіраванасць. Сярод іх фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей, грама­дзян­скас­ці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, адказнасці, працалюбства, здаровага ладу жыцця. Выхаванне ажыццяўляецца на агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцях, культурных і духоўных традыцыях беларускага народа.

Адносіны да рэлігіі

 У школе недапушчальна рэлігійнае або атэістычнае выхаванне ў любых формах. Школа не мае права прымушаць вучняў заяўляць аб сваёй прыналежнасці да той або іншай рэлігіі. Гэта асабіс­тая справа кожнага. Але рэлігія, з’яўляючыся светапоглядам, сістэмай прынцыпаў, ідэалаў і перакананняў, тлумачыць чалавеку ўладкаванне свету, вызначае яго месца, указвае яму, у чым сэнс жыцця. Яна дае людзям суцяшэнне, надзею, духоўнае задавальненне, апору. Рэлігія таксама кіруе паводзінамі чалавека праз сваю сістэму каштоўнасцей, маральных установак і забарон.

 У рамках супрацоўніцтва з Беларускай праваслаўнай царквой установамі адукацыі ажыццяўляюцца мерапрыемствы па духоўна-маральным выхаванні, фармі­раванні грамадзянскасці, патрыятызму, міласэрнасці, праводзяцца навуковыя канферэнцыі, семінары, прысвечаныя пытанням вывучэння гісторыі рэлігіі, рэлігійных традыцый. Ажыццяўляецца работа па пераадоленні ўздзеяння дэструктыўных сект.

 На падставе пісьмовых заяў навучэнцаў (або бацькоў непаўналетніх падлеткаў) у пазаўрочны час дапускаецца ўзаемадзеянне з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уздзеяння на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Пра змены

 З’явяцца новыя віды школ: кадэцкія вучылішчы, сярэднія школы-вучылішчы алімпійскага рэзерву, гімназіі-інтэрнаты. У кадэцкіх вучылішчах, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку падлеткаў да службы ў арміі, органах МУС і МНС, навучанне пачынаецца з 8-га класа, у гімназіях-інтэрнатах для таленавітых дзяцей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — з 5-га, у сярэдніх школах-вучылішчах алімпійскага рэзерву — з 1-га класа. Захаваны базавыя школы-каледжы мастацтваў, сярэднія школы-каледжы мастацтваў і гімназіі-каледжы мастацтваў, міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты працоўнага навучання і прафарыентацыі, а таксама міжшкольныя цэнтры дапрызыўной падрыхтоўкі. Ва ўсіх гімназіях будуць працаваць пачатковыя класы.

 Афіцыйна замацаваны 11-гадовы перыяд навучання ў школах, пяцідзёнка, 10-бальная шкала ацэньвання ведаў. Прычым дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна—0, усе астатнія, нават 1 і 2, — станоўчыя.

 Вучыць школьнікаў будуць на ўроках, факультатывах, з дапамогай кансультацый і грамадска-карыснай працы. На павышаным узроўні прадметы будуць вывучацца толькі ў гімназіях, ліцэях, сувораўскім вучылішчы. У астатніх школах павышаны ўзровень навучання будзе забяспечвацца з дапамогай факультатываў.

 Максімальная напаўняльнасць класаў у звычайных школах і кадэцкіх вучылішчах — да 25, ва ўсіх астатніх-да 20 вучняў. Вучэбны год пачынаецца 1 верасня і заканчваецца 31 мая. Летнія канікулы ўстаноўлены не менш 12 тыдняў, а канікулы на працягу года — не менш 30 каляндарных дзён. У першы клас будуць прымацца дзеці, якім на 1 верасня споўнілася 6 і больш гадоў. Па жаданні бацькоў будзе дапускацца прыём дзіцяці, якому 6 гадоў споўніцца ў перыяд з 1 па 30 верасня ўключна.

 Рашэнне аб закрыцці невялікіх вясковых школ будзе прымацца мясцовымі органамі ўлады на падставе ацэнкі вынікаў такога закрыцця і толькі пасля ўзгаднення з Міністэрствам адукацыі.

Расшыраны пералік абавязкаў навучэнцаў. У прыватнасці, школьнікі абавязаны шанаваць гонар і годнасць настаўніка, іншых работнікаў школы і вучняў, беражліва адносіцца да школьнай маёмасці, выконваць патрабаванні статута школы.

Як апранацца?

 У кодэксе няма нормы, якая была б накіравана на прымушэнне школьнікаў або настаўнікаў насіць адзенне аднолькавага ўзору. У тэксце дакумента няма нават слоў «дзелавы стыль адзення». Але захаванне дзелавога стылю адзення можа быць прадугледжана статутам школы.

Вучоба дома

Кодэкс расшырыў магчымасці для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі на даму. Для гэтага патрэбен пералік медыцынскіх паказанняў.

Адукацыйны працэс можа ажыццяўляцца ў класах або індывідуальна. Ёсць магчымасць навучання па індывідуальнаму вучэбнаму плану. Канчатковае рашэнне прымае дырэктар школы. Проста так цяпер не пяройдзеш са звычайнай школы ў гімназію.

Адказнасць

за дрэнныя ўчынкі

 Цэлы раздзел кодэкса прысвечаны дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў, якая наступае з 14 гадоў. Падставамі для прыцягнення да яе могуць быць спазненні ці не з’яўленне на заняткі, парушэнне дысцыпліны, знявага, псаванне маёмасці і інш. Меры пакарання: заўвага, вымова, адлічэнне. Дарэчы, адлічыць са школы можна толькі з 16 гадоў, прычым толькі з 10 або 11 класа. Падстава для адлічэння: калі ёсць непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах, з-за адсутнасці на занятках больш 30 дзён на працягу года, па няўважлівых прычынах сістэматычнае невыкананне абавязкаў (знявага аднакласнікаў або настаўнікаў), калі ўжо прымяняліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

 Ва ўстановах адукацыі і на іх тэрыторыі рашуча спыняюцца курэнне, спажыванне алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў.

Медалі і атэстаты

 Гэтыя віды школьных узнагарод пакінуты. Школьнікам, якія маюць пасведчанне за 9 класаў з адзнакай, гадавыя ацэнкі 10 і 9 па ўсіх вучэбных прадметах (акрамя «Фізічная культура і здароўе» і «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка», па якіх дастаткова атрымаць 6 балаў) за 10-11-й класы, а таксама ацэнкі 10 і 9 па выніках выпускных экзаменаў і абавязкова прыкладныя паводзіны, выдаюцца атэстаты за курс сярэдняй школы асобнага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі.

 Падобнае патрабаванне пры выдачы пасведчання за 9 класаў з адзнакай.

 Захаваны сярэбраныя медалі і выдача пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.

Пазашкольныя ўстановы

 У цэнтрах, палацах і дзіцячых школах мастацтваў па-ранейшаму будуць працаваць гурткі, клубы, секцыі, студыі, майстэрні, аркестры, ансамблі, тэатры і інш.

 Пэўныя змены для студэнцтва. Дакладна вызначана, напрыклад, у якіх выпадках устанаўліваецца абавязковая адпрацоўка пасля вучобы, каму прадастаўляюцца льготы і інш.

 Уведзены стандарты вышэйшай адукацыі. Замацаваны дзве ступені вышэйшай адукацыі: падрыхтоўка дыпламаваных спецыялістаў і магістратура.