«На чаёк» у Сенненскі музей

Вечар 19 мая некаторыя сенненцы правялі ў музеі, куды іх запрасілі «прыйсці са сваімі кубкамі». Такім чынам было вырашана адзначыць Міжнародны дзень музеяў, які ў нашай краіне традыцыйна святкуецца і мае на мэце  адраджэнне і папулярызацыю народных звычаяў, абрадаў, культурных традыцый беларусаў. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў   прыцягвае «вясельная» зала, у якой, дарэчы,  святочная рэгістрацыя шлюбаў праводзіцца ўжо другі год.

 Пра гэты абрад у «раёнцы» пісалі неаднойчы, але ж пабачыць яго сваімі вачыма маглі толькі госці вяселля. У гэты жа дзень стаць удзель­нікамі тэатралізаванага  абраду запрасілі ўсіх жадаючых, хто завітаў на свята. Супрацоўнікі музея, раённага і Багушэўскага Дамоў культуры паказалі абрады заручын і вяселля. Сцэнарый быў складзены згодна з сенненскімі традыцыямі. Браніслава Жаўтабрухава, галоўны захавальнік, працавала над яго распрацоўкай не адзін дзень, бо ёй хацелася зрабіць сенненскае вяселле не толькі запамінальным, але  і цікавым. Так яно і атрымалася: гучалі песні, прымаўкі, жарты. Маладых абсыпалі зернем, саджалі на дзяжу нявесту, запляталі ёй касу, жартавалі над сватам, госцейкамі. Прыемна парадавалі музычнымі нумарамі супрацоўнікі ДМШ, удзельнікі ансамбля «Вясёлыя музыкі» і фальклорнага гурта «Медуні­ца» з Багушэўска, а таксама моладзь з сельскага клуба аграгарадка Белая Ліпа.

 А якое ж вяселле без застолля, галоўным атрыбутам якога быў самавар. Яго ставілі на стол як у шляхецкіх, так і сялянскіх хатах.  Пабачыць гэты самабытны прадмет ужытку ўсе жадаючыя змаглі ў адной з выставачных залаў, у якой размясціліся 14 самавараў. 

 Ужо пазней усе госці частаваліся смачнай гарбатай з абаранкамі і пернікамі. Дзверы музея былі адчынены да 23.00.

 Кацярына КАРПОВІЧ.