Ёсць, для каго старацца. На Сенненшчыне вызначыліся лідары спаборніцтва сярод маладых механізатараў

У пачатку пасяўной кампаніі для маладых механізатараў ва ўзросце да 31 года, што працуюць у сельгас­прад­прыемствах раёна было арганізавана спаборніцтва.

 Кожны дзень збіралася інфармацыя, колькі ўзарана, засеяна гектараў тым ці іншым трактарыстам. І вось вызначыліся лідары. Адным з іх стаў Уладзімір Варанковіч з КУСГП «Полымя» (на здымку).

 Колькі працуе ў гаспадарцы трактарыстам, хлопец адразу і не падлічыў. Скончыўшы школу, застаўся ў роднай вёсцы, стаў працаваць на зямлі. Пасведчанне трактарыста атрымаў пасля заканчэння вучэбна-курсавога камбіната пры райсельгасхарчы.  Вярнуўшыся з  арміі, зноў заняўся звычнай справай. Два гады ўжо руліць на новым  «Беларус-3022».

 Трактар Уладзіміра ў счэпцы з АПП-6Д заняты на пасяўной. Маладым механізатарам засеяна 710  гектараў (на 20 мая) зерневымі, іль­ном, рапсам.   

 Ёсць для каго старацца. Дома яго чакаюць жонка і маленькая дачка. Хоць зранку і да позняй ночы Уладзімір  на працы і часу на сям’ю амаль што не застаецца, ён паспявае дагледзець сялібу. Жывуць маладыя Варан­кові­чы разам з маці ў асабіс­тым доме ў Беліцы, трымаюць уласную прысядзібную гаспадарку.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

  Фота аўтара.