Выявіць і ўхіліць. Раённая камісія па ахове працы Сенненскага райвыканкама праверыла працу сваіх інспектароў.

Мабільныя групы, якія ў раёне створаны згодна з рашэннем райвыканкама, каб аператыўна адсочваць, як вытрымліваюцца бяспечныя ўмовы працы на вытворчасці, выязджаюць на прадпрыемствы перыядычна, у адпаведнасці з распрацаваным графікам. У вясенне-летні перыяд, калі інтэнсіўнасць вытворчай дзейнасці, асабліва ў сельскай гаспадарцы, узрастае, візіты становяцца больш частымі. Члены груп, як правіла, не толькі выяўляюць недахопы, звязаныя з нарматыўнымі патрабаваннямі па ахове працы, а і дапамагаюць іх ухіляць.

 Не так даўно адна з такіх мабільных груп пабывала ў акцыянерных таварыствах «Бяленева» і «Сінягорскае». Вынікі праверак затым былі абмеркаваны на пасяджэнні раённай камісі па ахове працы, якая,  нагадаем,  створана і працуе пры раённым выканаўчым камітэце пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ганны Якаўлевай. Члены камісіі заслухалі таксама справаздачы спецыялістаў сельгасарганізацый Дзяніса Марчанкі і Алены Цюцюновай, якія  адказваюць  за ахову працы.

 Як адзначыў кіраўнік мабільнай групы, якая працавала ў названых сельскагаспадарчых акцыянерных таварыствах, Віктар Дзергачоў, грубых і масавых парушэнняў у час праверак не выяўлена. кіраўніцтва адказна ставіцца да пытанняў аховы працы, мэтанакіравана працуе над вырашэннем праблемных момантаў. Адпаведны ўзровень падрыхтоўкі і кваліфікацыі маюць інспектары. Таму пералік парушэнняў нарматываў па ахове працы нязначны. У ААТ «Сінягорскае» на момант работы  мабільнай групы не ўсе механізатары былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. У ААТ «Бяленева» некаторыя трактары і аўтамабілі былі ўкамплектаваны  вогнетушыцелямі, у якіх скончыўся тэрмін эксплуатацыі, медыцын­скімі аптэчкамі, дзе мож­на было знайсці  такія ж, не прыгодныя для ўжывання  медыцынскія прэпараты. Самымі грубымі парушэннямі, што былі зафіксаваны ў ААТ «Сінягорскае», стала неўкамплектаванасць сельгасмашын драўлянымі падстаўкамі пад дамкраты і ўпорамі-адкатнікамі, не праводзіўся медыцынскі агляд  вадзіцеляў і механізатараў. Пры тым,  што ў гаспадарцы  ёсць алкатэстар. Карыстацца ім можа нават  неспецыяліст, скажам, чалавек, які выпісвае пуцявыя лісты.

 Называліся іншыя факты парушэнняў нарматыўных патрабаванняў па ахове працы. Акцэнтоўваць увагу на іх няма сэнсу, бо яшчэ да  пасяджэння раённай камісіі па ахове працы яны былі выпраўлены, у тым ліку з удзелам членаў мабільнай групы.

 — У такім ключы і трэба працаваць далей: выяўляць праблемныя месцы і  дапамагаць ухіляць недахопы. У рашэнне камісіі адным з пунктаў прапаную запісаць: «Галоўнаму спецыялісту ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Зеляні С.І. аказаць практычную дапамогу інспектарам па ахове працы ААТ «Бяленева», «Сінягорскае…» — падкрэсліла Ганна Якаўлева, падсумоўваючы вынікі работы камісіі па ахове працы.

 Аляксандр Лазюк.