“Пурплева”: больш чым “Дружбінец”
У агульным аб’ёме рэалізаванага гаспадаркамі раёна на перапрацоўку малака у красавіку доля «экстры» дасягнула 52 %. Такой якасці прадукцыя не паступала толькі з ААТ «Какоўчына». Хоць, дабавім дзеля справядлівасці, работа ў гэтым напрамку ў гаспадарцы вядзецца.
Яўным лідарам па вытворчасці «экстры» з’яўляюцца жывёлаводы саўгаса імя Машэрава (78,7 % — у красавіку, 76,1 % — за чатыры месяцы, астатняе малако — вышэйшым гатункам). А вось другі паказчык па «экстры» ў красавіку належыць каму б вы думалі? «Пурплеву»! 72,8 % рэалізаванага на перапрацоўку малака прададзена найвышэйшай якасцю. Гэта больш, чым у «Дружбінцы», райаграсервісе, «Бяленеве», Літусаве»… Так што прызнаным мэтрам пара ехаць за вопытам калі не ў Пурплева, то ў Машканы напэўна. Мясцовая гаспадарка без праблем рэалізуе кожны дзень каля 13 тон малака вышэйшымі гатункамі, ахалоджаным, з утрыманнем тлустасці 4,09 %, бялку — 3,17 %.
Як тут не ўспомніць зноў ААТ «Какоўчына». Уяўляеце, колькі грошай не трапіла ў касу гаспадаркі, калі за 4 месяцы з 326,7 тоны малака 53,5 % рэалізавана першым гатункам, 2,5 % — другім. Дазволю сабе напомніць, пасля апошняга павышэння закупачных цэн тона «экстры» каштуе 1330 тыс. рублёў, першага гатунку — 1060, другога — 500 тыс. рублёў. Рэалізацыю малака другім гатункам трэба лічыць надзвычайнай сітуацыяй. Як і вяртанне прадукцыі. У раёне такія факты ўсё яшчэ здараюцца. Прычыны таму розныя. Скажам, у малацэ ААТ «Белая Ліпа» былі выяўлены антыбіётыкі. Шмат прадукцыі, у тым ліку з ПУСП «Дружбінец», ААТ «Ульянавічы», «Бяленева», не спатрэбілася перапрацоўшчыкам, бо яна не адпавядала санітарна-гігіенічным нормам. Пачатак пашавага ўтрымання жывёлы вызначыўся рэзкім зніжэннем якасці малака.
Над якасцю прадукцыі патрэбна працаваць штодзённа і сістэматычна, падключаючы да гэтай работы ўвесь калектыў жывёлаводаў. Не забываючы пры гэтым нагадваць людзям пра ўзаемасувязь гэтага тэхналагічнага параметра з эканамічнымі паказчыкамі, іх узроўнем заработнай платы.
Аляксандр Лазюк.