Пра што размаўлялі ўлады і бізнес?

Неаслабная ўвага ў раёне ўдзяляецца дзейнасці прадпрымальнікаў. Іх работа пастаянна знаходзіцца ў полі зроку ўлады, тым больш што сёлетні год аб’яўлены Годам прадпрымальнасці.

 Нядаўна пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ганны Якаўлевай прайшла нарада, на якую былі запрошаны індывідуальныя прадпрымальнікі і кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць. Запрошаныя атрымалі шмат карыснай інфармацыі, якая дапаможа ім у далейшай рабоце.

 З выкананнем плана рознічнага тавараабароту ў гандлі  і грамадскім харчаванні прысутных пазнаёміла намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева. Яна адзначыла, што, па папярэдніх падліках, у маі плануецца забеспячэнне выканання паказчыкаў па прамысловых таварах і па экспарту. У той жа час па рознічным тавараабароце раён знаходзіцца на 20 месцы ў вобласці, па грамадскім харчаванні — на апошнім, 21 месцы. Такім чынам, поле дзейнасці для сенненскіх прадпрымальнікаў у гэтых сферах ёсць, і  немалое. Немалаважнае значэнне для раённага бюджэту  мае і сума падаткаў, якую выплачваюць прадпрымальнікі. Гэтыя сродкі ідуць на развіццё сацыяльнай сферы, на абучэнне і выхаванне дзяцей, пра што прасіла не забываць Ганна Якаўлева.

 Асаблівую ўвагу намеснік старшыні райвыканкама раіла звярнуць на культуру гандлёвых прадпрыемстваў, надаць больш значэння, здавалася б, самым элементарным і натуральным рэчам. Напрыклад, ветлівасці прадаўцоў пры абслугоўванні пакупнікоў, іх знешняму выгляду (акуратнасць, спецвопратка). Была выказана незадаволенасць афармленнем многіх гандлёвых кропак да святаў, асартыментам і своечасовай дастаўкай тавараў. Апошняе асабліва актуальна ў надыходзячы сезон водпускаў. Калі раён наведваюць шмат гасцей з буйных гарадоў, якім ёсць з чым параўноўваць якасць абслугоўвання. У прыезджых, такім чынам, падкрэсліла Ганна Якаўлева, складваецца ўражанне і аб горадзе ў цэлым.

  Яшчэ адно з пытанняў — парадак на тэрыторыях, прылягаючых да гандлёвых аб’ектаў. Ён павінен захоўвацца пастаянна. Звычайна выклікаюць незадаволенасць стан ганкаў, урнаў для смецця, выгляд вывесак і рэкламы. Належную ўвагу трэба ўдзяліць і складскім памяшканням. Згодна з патрабаваннямі санітарных правілаў і норм, недапушчальна захоўваць тавар на падлозе, што сустракаецца нярэдка.

 Часцяком пакупнікі, якія спяшаюцца ў прыватныя гандлёвыя павільёны, вымушаны расчаравана  натыкацца на немаведама чаму зачыненыя дзверы. Прадаўцы нават не патурбуюцца адпаведнай аб’явай папярэдзіць наведвальнікаў аб сваёй адсутнасці. Прагучала таксама рэкамендацыя не дазваляць развешваць на гандлёвых аб’ектах розныя прыватныя аб’явы.

 Асаблівая ўвага запрошаных на нараду была звернута на работу з пластыкавымі карткамі. Гэта тычыцца не толькі прыватнікаў, але і гандлёвых прадпрыемстваў райспажыўкааперацыі. Па колькасці ўстаноўленых разліковых тэрміналаў раён знаходзіцца на першым месцы, але патрэбнага выніку пакуль няма. Не гаворачы ўжо пра тое, што ў многіх прыватных гандлёвых кропках такое абсталяванне адсутнічае зусім.

 На парозе лета. А таму трэба арганізаваць гандаль прахаладжальнымі напіткамі, вынасныя пасадачныя месцы і вынасны гандаль марожаным і безалкагольнымі напіткамі. Неабходна ўстанавіць столікі і ў гандлёвых залах, каб прапанаваць наведвальнікам кубачак гарбаты ці кавы.

 На нарадзе была звернута ўвага і на рэкамендацыі раённага аддзела ўнутраных спраў аб устаноўцы відэаназірання і абсталяванне стаянак для аўтамашын.

 У выступленні намесніка старшыні райвыканкама былі закрануты і некаторыя іншыя пытанні.

 Пра асноўныя правілы аховы працы і тэхнікі бяспекі, на якія трэба звярнуць увагу, расказаў новы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Дзергачоў (раней працаваў спецыялістам аддзела па працы і сацыяльнай абароне ўпраўлення). За час дзеяння ў Сенненскім раёне  Праграмы па паляпшэнні ўмоў аховы працы, як паведаміў выступаючы, у выніку парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі траўмы на вытворчасці атрымалі каля 50 чалавек, цяжкія траўмы больш за 10, 2 чалавекі загінулі. Каб такіх выпадкаў не здаралася, трэба больш увагі ўдзяляць ахове працы, у першую чаргу — ведаць правілы тэхнікі бяспекі. Кіраўнік кожнага прадпрыемства, прыватнага ў тым ліку, павінен здаць экзамен на веданне правілаў ТБ, потым навучыць іх выкананню сваіх работнікаў. Асноўныя правілы бяспечнай працы  ў гандлі, на якіх спыніўся Віктар Дзергачоў, — стварэнне адпаведных санітарна-бытавых умоў для работнікаў; замацаванне стэлажоў да падлогі (наяўнасць на іх таблічак з указаннем нагрузкі); бяспечнасць электраправодкі; адсутнасць парогаў у гандлёвых памяшканнях; кантроль за станам будынкаў і збудаванняў (вясенне-асеннія агляды); абавязковасць  водпускаў для  працуючых і іншыя.

 Аб прадастаўленні банкаўскіх паслуг філіялам АСБ «Беларусбанк» г.Сянно на нарадзе расказала дырэктар філіяла Таццяна Гарнак. Яе інфармацыя тычылася работы з разліковымі карткамі, адмены ліміту  касы для ЧУПаў і ІП, выдзялення мікракрэдытаў.

 Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Сцепаненка падрабязна спынілася на пытаннях выбаркі квот тавараў, звярнула ўвагу на неабходнасць работы з беларускімі таварамі, асабліва з тымі, якія пасля павышэння цэн сталі карыстацца большым попытам.

 У канцы нарады прадпрымальнікі мелі магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам улады, выказаць свае прапановы.

 Таццяна Буракова.