21 мая — Дзень фізічнай культуры і спорту. За прыгажосцю да жанчыны-асілка

У Сянно 4 гады працуе фітнэс-клуб, ініцыятарам і інструктарам якога з’яўляецца Вольга Вераценнікава. Патрапіць да яе ў групу не так і проста, жадаючых хапае заўсёды. Жанчыны  часам паўгода чакаюць, пакуль вызваліцца месца. А калі пачынаюць наведваць заняткі, то ходзяць з задавальненнем.

Стаць інструктарам па фітнэсу Вольга вырашыла нечакана сама для сябе.  Спортам яна захаплялася яшчэ ў дзяцінстве. Заняткі па фізкультуры былі адным з любімых прадметаў. Тым больш што вучылася дзяўчына ў Машчонскай школе, дзе да фізічнай культуры заўжды былі асаблівыя адносіны. Настаўніца Алена Кучынская ладзіла ўрокі фізкультуры пад музыку. Гэта падабалася Вользе і захапляла. Пазней яна пачала бегаць, скакаць праз скакалку. А ў 1995 годзе нават прыняла ўдзел у праграме «Асілак», якая ішла на беларускім тэлебачанні. Дзяўчына за 2 хвіліны зрабіла 450 скачкоў. Але вынік не быў зафіксаваны, бо падчас прамога эфіру парвалася скакалка.

 Некалькі год Вольга працавала настаўнікам фізічнай культуры ў Падворыцкай школе. А калі пайшла ў дэкрэтны адпачынак, адчула, што ёй катастрафічна не хапае руху. Менавіта тады яна вырашыла сабраць фітнэс-групу ў Сянно.

 Па словах трэнера, усё адбылося хутка і нават нечакана для яе самой. Яна расклеіла аб’явы па горадзе, у якіх прапаноўвала жанчынам заняткі па фітнэсу. За некалькі тыдняў сабраліся дзве групы. Вольга арэндавала памяшканне ў РДК, умовы ў якім былі не самыя лепшыя, але людзі падтрымалі маладога трэнера і актыўна сталі хадзіць на заняткі. Праз два месяцы фітнэс-клуб быў адкрыты пры аддзеле адукацыі райвыканкама. Сёння ж Вольга Вераценнікава працуе пры аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, займаецца з дзвюма групамі, у кожнай па 10 жанчын.

 Ці лёгкая гэта справа — быць інструктарам па фітнэсу, кожны дзень па гадзіне актыўна займацца спортам? На гэтыя пытанні яна адказвае з усмешкай:

 — Нялегка, але цікава. Праз спорт я пазбаўляюся ад негатыву, якога ў нашым жыцці хапае. Усе адмоўныя эмоцыі таксама выходзяць праз фізічную актыўнасць. Паверце, пасля трэніроўкі жаданне пасварыцца з мужам ці сарвацца на кімсьці са знаёмых — прападае. Застаюцца толькі прыемная стомленасць, задаволенасць тым ладам жыцця, які я вяду. Радуе, што людзі ходзяць на мае заняткі, а значыць, справа, якой я займаюся, — патрэбная.

 Работа ў фітнэс-клубе не асноўная для Вольгі Вераценнікавай. Ужо чацвёрты год яна працуе ў дзіцячым яслі-садзе №1 горада Сянно, дзе вядзе фізкультуру і з’яўляецца кіраўніком двух платных гурткоў — «Хатха-ёга» і  «Непаседы».

Кацярына КАРПОВІЧ

На здымку: на занятках фітнес-клуба. Наперадзе Вольга Вераценнікава.