У будучыню туг глядзяць з “Надзеяй”

У Віцебск настаўнікі працоўнага навучання, метадысты аддзелаў адукацый з усіх абласцей Беларусі прыехалі, каб абмеркаваць важную на сёння тэму: «Работа па прафесійным самавызначэнні навучэнцаў на ўроках працоўнага навучання і пазаўрочнай дзейнасці». А вось практычную яе рэалізацыю госці змаглі ўбачыць на сенненскай зямлі. Апошні дзень семінара прайшоў на базе УА «Сенненская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, застаўшыхся без апекі бацькоў».

 

  Узначаліў прадстаўнічую дэлегацыю галоўны інспектар Мі­ніс­тэрства адукацыі Ула­дзімір Паддубскі (на здымку 1 справа). Сустракалі гасцей намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаў­лева, начальнік раённага аддзела адукацыі Людміла Аніськовіч, педкалектыў школы на чале з дырэктарам Леанідам Казловым.

Усім мірам

дзеля дзяцей

 Сенненская школа-інтэрнат славіцца на ўсю рэспубліку. Яна — той самы паспяховы прыклад узаемадзеяння і супрацоўніцтва школьнага калектыву, раённых улад і замежных дабрачынных арганізацый. Італьянскі фонд «Дапаможам ім жыць» — даўні сябра беларускіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Штогод італьянскія сем’і — члены фонду — прымаюць выхаванцаў да сябе на адпачынак, многія становяцца не проста часовымі, а сапраўднымі татамі і мамамі для іх. Гледзячы на тое, як вольна размаўляюць па-італьянску дзеткі з іншаземцамі, разумееш, што іх еднасць не парушаць ніякія межы. У школе прадстаўнікі фонду — не госці, а члены школьнай сям’і.

 Аднымі вакацыямі італьянцы не абмежаваліся. З іх ініцыятывы і падтрымкі з 1999 года тут пачаў дзейнічаць міжнародны гуманітарны праект школы-фабрыкі «Надзея», які прывучае дзяцей да працы і, больш таго, дае пуцёўку ў дарослае жыццё. Разам з атэстатам аб адукацыі падлеткі атрымліваюць паўнацэнныя прафесіі — сталяра, швачкі, асвойваюць спецыяльнасці пчаляра, ага­родніка, трактарыста. У будучыні гэта дапаможа ім адаптавацца ў соцыуме, знайсці сябе ў працы і сям’і. А сёння вучні і настаўнікі ледзьве не цалкам забяспечваюць родную адукацыйную ўстанову ўсім неабходным, ды яшчэ паспяваюць, як кажуць, весці бізнес. За перыяд з 2006 па 2010 гады дзеці зарабілі 630 мільёнаў рублёў.

Майстры

на ўсе рукі   

 Слоў захаплення не шка­давалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара падчас экскурсіі.

 Госці наведалі сталярныя майстэрні, дзе хлапчукі пад кіраўніцтвам майстроў вырабляюць драўляныя прылады. Дыхтоўныя вуллі, ложкі, аконныя рамы карыстаюцца попытам далёка за межамі раёна.

 Як, дарэчы, і пасцельная бялізна, якую шыюць у швейных майстэрнях дзяўчаты (здымак 2). Ужо зараз юныя швачкі трэцяга разраду без цяжкасцей справяць любое адзенне. Што з поспехам прадэманстравала дэфіле, на якім было прадстаўлена 6 калекцый, у іх ліку працоўная форма, дзелавы і моладзевы стылі, вячэрнія сукенкі. Усе майстэрні маюць прафесійнае абсталяванне. Многія ўдзельніцы семінара не прамінулі набыць па камплекціку бялізны.

 Інтэрнатаўцы — пастаянныя ўдзельнікі сельскагаспадарчых кірмашоў. Дзеці забяспечваюць харчаваннем сябе і выстаўляюць лішкі на продаж. Навуку агародніцтва тут спасцігаюць не толькі за партамі, але і на палетках, у парніках. Першым вынікам — свежай радыскай — можна было пачаставацца, не адыходзячы ад градкі.

  Праект «Пчаляры» ўзнік адносна нядаўна. Цяпер школа можа пахваліцца ўласнай пасекай, уласнаручнымі вуллямі, пчалярнай лабараторыяй, дзе выхаванцы асвойваюць старажытнае рамяство, і нават музеем беларускага пчалярства.

 Робяць свой уклад у школьную гаспадарку вучні малодшых і сярэдніх класаў. Займаючыся ў гуртках і асвойваючы розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, яны аднаўляюць мэблю, пераўтвараючы яе ў сапраўдны дызайнерскі аб’ект.

 «Кватэрнае пытанне» інтэрнатаўцы вырашаюць з дапамогай сваёй жа «Школы рамонту». Брыгада вучняў і майстроў выконвае практычна ўвесь пералік прац: шпа­клёўка, паклейка шпалераў, пафарбоўка і інш. Дзякуючы чаму пакоі ў спальных карпусах максімальна набліжаны да хатніх умоў. Нядаўна тут стварылі «Гасцёўню». Ва ўтульным пакоі з вялікім тэлевізарам, мяккімі канапамі, крэсламі, дыванамі, лялькамі можна адпачыць і пагуляць.

 Цалкам адчуць сябе гаспадаром уласнага жыцця і маёмасці дапаможа «Цэнтр сацыяльна-бытавой адаптацыі». Невялікі дамок рамантавалі самі. Тры пакоі — спальня, зала, дзіцячая. Плюс аснашчаная кухня, прасторны калідор, санвузел. Цяпер гэта прыстанішча вучняў выпускных класаў. Насельнікі дома вядуць гаспадарку асобна: самі гатуюць, прыбіраюць, ходзяць у магазіны, распараджаюцца грашыма. Сёстры Юля (11 клас) і Насця (9 клас) Абозавы (здымак 3) прызнаюцца, што калі-небудзь звяртаюцца да дарослых па парады. Напрыклад, па рэцэпты страў — у кулінарны гурток, выхаванцы якога могуць прыгатаваць ад дранікаў да італьянскай піцы.

 Інтэрнатаўскія дзеткі не толькі здольныя да працы, але і вельмі таленавітыя ў творчым плане. Пра што засведчыў канцэрт мастацкай самадзейнасці. 

 Ад школы

да лабараторыі

 Напрыканцы семінара Ула­дзімір Паддубскі выказаў падзяку педкалектыву і навучэнцам школы. Ад упраўлення адукацыі Ві­цебскага аблвыканкама былі ўру­­чаны Падзякі заснавальніку і прэзідэнту фонду «Дапаможам ім жыць» Фабрыцыа Пачыфічы і Марцыа Арталані, а таксама яго членам Маўрыцыо Манетта і Ліно Дэльмонтэ. У сваю чаргу, італьянцы ўручылі Дыплом аб супрацоўніцтве з фондам. Такое ж пасведчанне атрымала кожная італьянская сям’я, якая прымае ў сябе беларускіх дзетак.

 У гэтым годзе эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі Беларусі «Апрабацыя мадэлі практычна  арыентаванага адукацыйнага асяроддзя школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот, якое забяспечвае больш высокую эфектыўнасць сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння выхаванцаў» завяршаецца са станоўчымі вынікамі. За некалькі гадоў у школе дабіліся амаль 100-працэнтнага паступлення выпускнікоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Больш за 150 вучняў атрымалі прафесійныя кваліфікацыі сталяра, швачкі, трактарыста-машыніста, агародніка.

 Сёння работа працягваецца ўжо ў якасці інавацыйнай пляцоўкі, лабараторыі, накіраванай на прафесійна-тэхнічнае навучанне. Яна будзе даступная не толькі для інтэрнатаўцаў, але і для іншых маладых сенненцаў. А выпускнікі атрымаюць маг­чымасць знайсці працу на малой радзіме. Як падкрэсліў Марцыа Арталані, спатрэбяцца значныя інвестыцыі. Аднак яны цалкам апраўдваюць сябе, бо гэта ўкладанні ў будучыню дзяцей. А ў будучыню тут глядзяць з «Надзеяй».

Вольга Бандарэвіч.