У Сянно адблішчэла “Зарніца”

Ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца» карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод школьнікаў раёна. У гэтым годзе ўдзел у ёй прынялі 16 каманд. Арганізатарам традыцыйна выступіў раённы камітэт грамадскага аб’яднання  «БРСМ».   

 Вучні школ Сенненшчыны сабраліся ў парку 40-годдзя Перамогі. Кожная каманда павінна была паказаць сябе ў 6 конкурсах, як творчых, так і спартыўных.

 Самым цяжкім іспытам стаў марш-кідок, дзе гульцы павінны былі прайсці цераз паласу перашкод і ўкласціся ў адведзены час.

 Не вельмі простым для канкурсантаў аказаліся экзамены па медыцыне і гісторыі. Школьнікі не заўсёды знаходзілі правільныя адказы на пытанні медыкаў і настаўнікаў.

 А вось агляд страявой песні і конкурс самадзейнасці  прайшлі на адным дыханні. Прыемна было пабачыць «Баявыя лісткі», якія каманды падрыхтавалі загадзя.

 Зразумела, што на кожным этапе гульні былі свае пераможцы, але, падсумаваўшы балы, журы вызначыла лепшых. Першае месца ў ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца» заняла каманда «Легіён» Сенненскай школы-інтэрната. На другім апынуліся вучні сенненскай СШ №2 — каманда «Патрыёт». Нядрэнна паказалі сябе выхаванцы клуба «Спарта» Цэнтра пазашкольнай работы, якія занялі трэцяе месца.

 Каманды-прызёры атрымалі па палатцы, якія ім  не раз спатрэбяцца ў паходах. Астатнія ўдзельнікі спаборніцтваў павезлі дадому  Ганаровыя граматы і дыпломы.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *