У сенненскім райкаме ГА “БРСМ” прайшлі выбары

Напрыканцы красавіка ў РДК сабралася моладзь з усяго раёна. Тут адбылася 44 справаздачна-выбарчая канферэнцыя Сенненскай раённай арганізацыі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

 Удзел у ёй прынялі дэлегаты ад пярвічных арганізацый раёна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ала Бельская, галоўны рэдактар раённай газеты Вольга Мысліцкая і першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Дзмітрый Хама.

 Сёння БРСМ — буйнейшае моладзевае аб’яднанне ў краіне.  На Сенненшчыне яго членамі з’яўляюцца 1128 чалавек, якія ўваходзяць  у склад 70 пярвічак.

 Асноўныя кірункі працы аб’яднання — патрыятычнае выхаванне і арганізацыя адпачынку моладзі, прапаганда здаровага ладу жыцця, інфармацыйна-ідэалагічная, спартыўна-турыстычная работа і прафілактыка правапарушэнняў.  Аб тым, як вя­дзец­ца гэта работа на Сенненшчыне, расказаў першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч.

  У апошні час вялікая ўвага надаецца працы з моладдзю, што стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх (ІПН), іх адпачынку. Як паказвае практыка, калі маладыя людзі занятыя, то колькасць правапарушэнняў з іх удзелам значна змяншаецца. З гэтай мэтай ужо тры гады ў час летніх канікулаў аргані­зоўваецца работа валанцёрскага лагера «Юніёр», аналагаў якому няма ў Віцебскай вобласці. Кожны год у ім адпачываюць каля 30 падлеткаў.  У 2011 плануецца зрабіць дзве змены «Юніёра», бо з кожным годам жадаючых адпачыць і папрацаваць на карысць раёна сярод школьнікаў становіцца болей.

 Шмат часу ўдзяляецца сем’ям, што знаходзяцца ў са­цыяльна небяспечным ста­новішчы. Рэйдавыя групы, у склад якіх уваходзяць актывісты БРСМ, кантралююць гора-бацькоў, аказваюць патрэбную дапамогу.

 Але самая галоўная задача Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — раскрыццё творчага патэнцыялу кожнага чалавека. З гэтай мэтай праводзяцца інтэлектуальныя турніры «Эрудыт», «Што? Дзе? Калі?», арганізоўваюцца творчыя фестывалі «Песни юности наших отцов», «Школьны марафон», «Супермужчына».

 Увага ўдзяляецца і маладым сем’ям Сенненшчыны. Праводзяцца конкурсы на лепшае моладзевае падвор’е, лепшую сям’ю. Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы па настольным тэнісе, турніры па валейболе, прысвечаныя памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, раённая спартакіяда для «цяжкіх» падлеткаў, вела­пра­бег па памятных месцах Сенненшчыны, ваенна-патрыятычная гульня «Зарніца».

 Члены БРСМ заўсёды прымаюць удзел у рэспубліканскіх акцыях, накіраваных на барацьбу з туберкулёзам, СНІДам, наркаманіяй, алкагалізмам.

 Актыўная работа была праведзена ў рамках святкавання 65-годдзя Перамогі. За гэты час моладзь прыняла ўдзел у вялікай колькасці акцый і мерапрыемстваў як раённага, так і рэспубліканскага ўзроўняў.

 І цяпер за ветэранамі вайны замацаваныя атрады з ліку піянераў, членаў БРСМ, якія дапамагаюць ім  па гаспадарцы, віншуюць са святамі.  У гэтым кірунку добра працуюць пярвічкі ў Ходцаўскай, Багданаўскай, Беліцкай школах.  Не пакідаюць без увагі школьнікі адзінокіх  і адзінока пражываючых людзей.

 Між тым, не ўсё яшчэ наладжана адпаведным чынам. На думку першага сакратара абласнога камі­тэта ГА «БРСМ» Дзмітрыя Хамы, недастатковая работа вядзецца па працаўладкаванні моладзі падчас летніх канікулаў. За мінулыя тры гады працоўныя месцы атрымалі толькі 123 чалавекі. А жадаючых зарабіць летам значна больш, чым вакантных месцаў.

  Напрыканцы  канферэнцыі прысутныя зацвердзілі склад Сенненскага раённага камітэта ГА «БРСМ» і раённай кантрольнай ка­місіі.  Першым сакратаром зноў абраны Аляксандр Абушкевіч. «Праца БРСМ  на Сенненшчыне наладжана на добрым узроўні: гэта адно з мацнейшых раённых аб’яднанняў БРСМ у Віцебскай вобласці. Але працаваць яшчэ ёсць над чым», — зазначыў Дзмітрый Леанідавіч.

 Кацярына КАРПОВІЧ.