Пра вайну за кубачкам гарбаты

Напярэдадні святкавання Дня Перамогі ў многіх установах адукацыі, культуры прайшлі сустрэчы з ветэранамі і сведкамі Вялікай Айчыннай вайны. З таго памятнага 9 мая 1945 года мінула 66 год, але і праз столькі дзесяцігоддзяў гэтае свята застаецца святым для беларусаў. Сёння расказы пра вайну слухаюць праўнукі Перамогі.

 На днях сустрэчу пакаленняў за кубкамі гарбаты арганізавалі і правялі супрацоўнікі раённага гісторыка-краязнаўчага музея і дзіцячай бібліятэкі. Гасцямі сталі ўдзельнікі і сведкі ваенных падзей Міраслаў Мікалаевіч Зязюлін і Марыя Ільінічна Зотава (на здымку). А ўважлівымі слухачамі былі вучні 11 «Б» класа сенненскай СШ №2. Галоўным момантам сустрэчы, безумоўна, сталі ўспаміны пра жыццё ў акупацыі, пра партызанскую дзейнасць. Школьнікі, у сваю чаргу, таксама падрыхтавалі шмат цікавага для ветэранаў.  Адным з такіх стала дэманстрацыя амуніцыі  воінаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Яна несапраўдная. Гэта дакладныя макеты, зробленыя рукамі вучняў 8 «А» класа сенненскай другой школы, іх настаўнікамі Васілём Бандарэвічам і Аляксандрам Улаховічам.

 11 «Б» — клас валанцёрскі. На працягу некалькіх гадоў вучні пад куратарствам настаўніцы гісторыі Алены Мізаўцовай супрацоўнічаюць з Чырвоным Крыжам, з’яўляюцца добраахвотнымі памочнікамі гэтай найбуйнейшай і найстарэйшай у свеце дабрачыннай арганізацыі: удзельнічаюць у акцыях, дапамагаюць адзі­нокім, састарэлым, у тым ліку ветэранам. На гэты раз яны прадставілі мультымедыйную прэзентацыю, прысвечаную праблеме бежанства ў сучасным свеце. На жаль, з Перамогай у Вялікай Айчыннай войны на Зямлі не скончыліся. Многія краіны ахоплены ваеннымі канфліктамі. Таму для маладых людзей так важна сёння пачуць сведкаў тых трагічных падзей.

Вольга Бандарэвіч.