Здаровае дзіця — шчаслівая сям’я

Кожная сямейная пара марыць мець здаровых дзяцей. Але не ўсе будучыя бацькі разумеюць, што здароўе  нашчадкаў залежыць ад іх ладу жыцця, стану здароўя, пад­рыхта­ванасці да зачацця.

 Нярэдкія выпадкі, калі зачацце дзіцяці не плануецца, а адбываецца выпадкова. Цяжарнасць ін­шы раз наступае на неспрыяльным фоне (алкагольнае ап’яненне, вострае захворванне, абвастрэнне хранічнага захворвання). Яе захаванне можа прывесці да такіх цяжкіх вынікаў, як ускладненні ў час цяжарнасці і родаў, нараджэнне непаўнацэннага дзіцяці.

 Пры наяўнасці якіх-небудзь хранічных захворванняў трэба прайсці курс лячэння, правесці санацыю поласці роту. Жанчына павінна наведаць урача акушэра-гінеколага з мэтай выяўлення і лячэння гінекалагічных захворванняў да зачаццця дзіцяці.

 Калі ў мужа і жонкі, іх бацькоў або родзічаў маюцца спадчынныя захворванні або прыроджаныя парокі, неабходна абавязкова звярнуцца за генетычнай кансультацыяй. Урач-генетык вызначыць прагноз здароўя вашага дзіцяці, дасць неабходныярэкамендацыі.

 Крайне непажадана зачацце на фоне вострага захворвання. Нават простае недамаганне можа быць вынікам якой-небудзь інфекцыі, небяспечнай для зародка. Таму пры вост­рым захворванні неабходна выкарыстоўваць сродкі засцярогі ад цяжарнасці. У перыяд, які папярэднічае зачаццю, неабходна пазбягаць кантактаў з людзьмі, што хварэюць на вірусную інфекцыю, асабліва на адзёр (корь), краснуху, хваробу Боткіна.

 Недапушчальна зачацце ў стане алкагольнага ап’янення мужа і жонкі. Калі ж адзін з іх або абодва адразу працяглы час ужывалі алкаголь, то хранічная інтаксікацыя адмоўна па­ўплы­вае на паўнацэннасць мужчынскіх і жаночых палавых клетак, згубна адаб,ецца на працэсе зачацця і развіцця плода. Дзеці ў такім выпадку нараджаюцца слабымі, з непаўнацэннымі ахоўнымі ўласцівасцямі супраць інфекцый, марудна прыбываюць у вазе, часта хварэюць, нярэдка адстаюць у разумовым і фізічным развіцці. Не менш згубныя вынікі для будучага малыша мае курэнне бацькоў. Мужу і жонцы неабходна за 3-6 месяцаў да зачацця катэгарычна адмовіцца ад курэння і ўжывання спіртных напіткаў.

 За 2-3 месяцы да зачацця неабходна выключыць рэнтгеналагічнае, медыкаментознае або фізіятэрапеўтычнае лячэнне.

 Калі на рабоце ў мужа і жонкі маюцца прафесійныя шкоднасці, зачацце трэба планаваць у перыяд непасрэдна пасля водпуску.

 Трэба пазбягаць пералічаных фактараў не толькі да зачацця, але і ў час цяжарнасці, асабліва ў першыя тры месяцы, калі адбываецца закладка асноўных органаў і тканак будучага дзіцяці. Іменна ў гэты перыяд розныя шкодныя фактары могуць прывесці да развіцця прыро­джа­ных парокаў у плода.

 Іншы раз маладыя муж і жонка рашаюцца на штучнае перарыванне цяжарнасці, часта першай. Неабходна памятаць, што аборты могуць прывесці да сур’ёзных ускладненняў здароўя жанчыны, і ў шэрагу выпадкаў пагражаюць яе жыццю. Гэта далёка не бяскрыўдная аперацыя. Нават праведзеная ў стацыянары, яна можа даць сур’ёзныя ўскладненні. Пасля аборту могуць узнік­нуць моцныя крывацёкі, запаленчыя захворванні палавых органаў, бясплоддзе, невыношванне наступных цяжарнасцей, развіцца пухліны палавых органаў імалочных залоз і іншыя хваробы.

 Аборт — сур’ёзная небяспека для здароўя дзяцей, народжаных ад наступных цяжарнасцей, бо яны, як правіла, працякаюць  з рознымі ўскладненнямі, што адбіваецца на развіцці плода і здароўі будучага дзіцяці. Часта аборты могуць быць прычынай мёртванараджэнняў. Таму пры адсутнасці ўмоў для выхавання дзіцяці або нежаданне мець дзяцей у першыя гады шлюбу муж і жонка павінны карыстацца сродкамі засцярогі ад цяжарнасці.

 Для атрымання парады і з мэтай падбору індывідуальнага сродку кантрацэпцыі жанчыны павінны звярнуцца да акушэра-гінеколага ў жаночую кансультацыю. Гэта дапаможа захаваць здароўе маці і будучага дзіцяці і ў выніку – здароўе і паўнацэннае жыццё сям’і.

 Сур’ёзныя, адказныя адносіны да планавання дзетанараджэння дапамогуць пазбегнуць многіх непрыемных для малыша вынікаў, і ў вашай  сям’і народзіцца моцнае, здаровае дзіця.

Алена Высоцкая,

урач акушэр-гінеколаг