Намеснік губернатара Віцебшчыны Эдуард Дзям’янаў наведаў сваю былую гаспадарку.

У канцы красавіка намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям’янаў пабываў з рабочым візітам у дзяржаўным унітарным сельгаспрадпрыемстве «Саўгас імя П.Машэрава» і ў цэлым застаўся задаволены арганізацыяй і ходам веснавых палявых работ.

Яно і зразумела: хлебаробы гаспадаркі заканчвалі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур. Гэта значыць, укладваліся ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны для развіцця і росту каласавых культур. У дзяжурным рэжыме, як павялося ў гаспадарцы, працавалі спецыялісты: дзень і ноч не выключалася мабільная сувязь, на тэхнолага той ці іншай галіны можна было выйсці ў любы час сутак. Тэхніка працавала не  толькі светлавы дзень, але і ўначы. Прычым начныя змены ўкамплектавалі надзейнымі механізатарамі, часова прыцягнутымі трактарыстамі са свінагадоўчага комплексу, спецыялістамі рамонтных майстэрняў, школы.

 У гаспадарцы заўсёды, не выключэнне і сёлетняя пасяўная кампанія, наладжаны строгі ўлік выканання зменных норм выпрацоўкі, расходу паліва. Кожны механізатар у канцы змены ўжо ведае, што зрабіў і што зарабіў. А сярэдні заробак тых, хто непасрэдна працаваў на сеялку і сейбі­таў, складаў 100-120 тысяч рублёў у дзень. Удзель­нікі пасяўной  двойчы ў дзень атрымліваюць гарачае харчаванне, а начная змена забяспечваецца і сухім пайком.

 Стараліся і стараюцца, без выключэння, усе. Аднак па традыцыі выдзелілі тых сейбітаў, якія мелі на той дзень найвышэйшыя паказчыкі. Механізатары Андрэй  Бяляеў і Аляксандр Гарнакоў на трактарах «Беларус-3022» у счэпе з пасяўнымі агрэгатамі «LEMKEN»  і  АПП-6А  пасеялі па стану на 27 красавіка па 200 гектараў каласавых. У апошнія дні мінулага месяца па гаспадарцы збожжавыя высяваліся на 140-150 гектарах у дзень.

 Валавы збор зерня машканцы разлічваюць  атрымаць зыходзячы з самадастатковасці. А яна даволі ўнушальная. Каб забяспечыць свінапагалоўе (120% да ўзроўню мінулага года) і  буйную рагатую жывёлу (3000 галоў, у тым ліку 1217 кароў) уласнымі канцэнтратамі, трэба мець 19 тысяч тон зерня. Гэта амаль палова  мінулагодняга агульнараённага валавога намалоту. Такой ураджайнасці машэраўцы, безумоўна, не атрымаюць. Аднак амбіцыйнасць імкненняў  падмацоўваецца ўнясеннем большай колькасці  мінеральных і арганічных угнаенняў, больш высокай культурай земляробства, эфектыўным выкарыстаннем сродкаў барацьбы з пустазеллем і хваробамі сельскагаспадарчых культур, пашырэннем пасяўных плошчаў. Больш дасканалай стала ўборачная тэхні­ка.

  З завяршэннем сяўбы каласавых пасяўная тэхніка яшчэ даволі працяглы час будзе занята, бо на чарзе 380 гектараў кукурузы на сілас, а дазволіць надвор’е, — і на зерне. А там догляд пасеваў — і так да «белых мух». Такое жыццё сялянскае. І магчыма недалёкі той час, калі 50-60 цэнтнераў збожжа з гектара стануць для тутэйшых хлебаробаў нормай.