У Сянно вучыліся захоўваць здароўе на працы

  Спецыялістаў па ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый Сенненскага раёна, заснаваных на розных формах уласнасці,  запрасілі на семінар-нараду. Арганізатарам яго выступіла ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

 Выступаючы перад удзельнікамі нарады, якія прадстаўлялі больш за 30 суб’ектаў гаспадарання, Віктар Дзергачоў, галоўны спецыяліст упраўлення, заўважыў, што падвесці вынікі ў сферы аховы працы сабраліся не толькі людзі, якія  нясуць адказнасць за гэта згодна са сваімі службовымі абавязкамі. У час нарады будуць аналізавацца  прычыны і ўмовы вытворчага траўматызму, вывучацца нарматыўна-прававая база па ахове працы. Менавіта таму ў прасторным кабінеце па ахове працы ААТ «Сенненскі райаграсервіс» сабраліся  таксама юрысты, прадстаўнікі  розных інспекцый, службаў, якія здзяйсняюць наглядныя і кантралюючыя функцыі. Нават прадстаўнікі ВНУ.  У прыватнасці, Сяргей Чарнабабін, начальнік Віцебскага аддзялення  выязнога навучання цэнтра  інавацыйнага развіцця МІПКіПК  БНТУ. Ён у сваім выступленні гаварыў пераважна пра двухбаковае супрацоўніцтва ў вобласці распрацоўкі і ўкаранення сістэм кіравання аховай працы на прадпрыемствах. Згодна з дзяржаўнай праграмай у бліжэйшыя пяць гадоў яна павінна з’явіцца ў кожнай арганізацыі нашай краіны, незалежна ад колькасці працуючых у ёй. Аказаць дапамогу па ўкараненні сістэмы кіравання аховай працы спецыялісты аддзялення выязнога навучання гатовы ўсім, хто аплоціць іх паслугі. На запатрабаванасць сваіх прапаноў яны разлічваюць яшчэ і таму, што адказнасць за захаванне правілаў аховы працы на вытворчасці нясуць, у першую чаргу, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў.

 З вялікай увагай удзельнікі семінара-нарады слухалі выступленне Юрыя Цеплякова, галоўнага дзяржаўнага інспектара Лепельскай міжраённай інспекцыі працы. Галоўную ўвагу спецыяліст удзяліў дзейнасці адміністрацый суб’ектаў гаспадарання па ахове працы. Пра гэта ж, але  па забеспячэнні патрабаванняў электрычнай бяспекі, гаварыў Віктар Бразгуноў, выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі энерганагляду.

 Аб некаторых асаблівасцях рэгулявання працы непаўналетніх расказала прысутным Ніна Мурашкевіч, юрысконсульт райвыканкама. З улікам асаблівасцей  дзейнасці падраздзяленняў, якія яны ўзначальваюць, пабудавалі свае выступленні Віктар Наваковіч, начальнік АДАІ Сенненскага РАУС, Андрэй Хізавец, старшы інспектар Дзяржпажнагляду,  Аляксандра Мельцына, памочнік урача-гігіеніста раёнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

 Семінар-нарада аказаўся карысным як для тых, хто выступаў перад спецыялістамі па ахове працы (яны атрымалі магчымасць данесці свае патрабаванні да практыкаў), так і для людзей, якія  працуюць непасрэдна ў калектывах, імкнуцца забяспечыць на практыцы выкананне заканадаўства, нарматываў па ахове працы. Пацвярджэннем таму сталі актыўны абмен думкамі і шматлікія пытанні.

 Вынікі раённага семінара-нарады спецыялістаў па ахове працы падвёў Віктар Дзергачоў.

Аляксандр Лазюк.