Найбольш сенненцаў звяртаюцца ў “Белтэлекам” за інтэрнетам і інтэрактыўным тэлебачаннем.

Кожны чалавек, які  сёння раніцай уключыць тэлевізар ці паслухае радыё, загляне ў паштовую скрынку, узніме тэлефонную трубку, выйдзе ў інтэрнэт, сімвалічна адзначыць Дзень сувязі — прафесійнае свята людзей, якія забяспечваюць нам магчымасць  зносіцца, працаваць, адпачываць, знаходзіць патрэбную інфармацыю.

 Работнікі Сенненскага раённага вузла электрычнай сувязі Віцебскага філіяла РУП «Белтэлекам» сваё прафесійнае свята сустракаюць у працы. У галіне адбываюцца маштабныя тэхналагічныя змены, якія дапамагаюць рабіць сувязь больш даступнай і надзейнай. Пра гэта і не толькі мы гутарым з Сяргеем Касьянавым, начальнікам Сенненскага РВЭС.

 — Сяргей Леанідавіч, якія  ноу-хау «Белтэлекама» найбольш запатрабаваныя жыхарамі раёна?

 — Найбольшую колькасць заявак мы атрымліваем  на падключэнне да высокахуткаснага інтэрнэту  і  да інтэрактыўнага тэлебачання «ZALA». Гэтымі нашымі паслугамі ўжо могуць карыстацца не толькі жыхары Сянно і Багушэўска. Неабходнае тэхналагічнае абсталяванне ўстаноўлена на  АТС вёсак Полымя, Рулёўшчына, Белая Ліпа, Студзёнка, Ульянавічы, Сінягорскае, Нямойта, Янова, Цыпкі, што дазваляе карыстацца  хуткасным інтэрнэтам і інтэрактыўным тэлебачаннем не толькі жыхарам названых вёсак, але і бліжэйшых населеных пунктаў. Не буду хаваць, большую частку  даходаў,  якія раённы  вузел  электрычнай  сувязі  атрымаў  у  2010  годзе,  прынесла  насельніцтва.

 — Новыя паслугі — гэта добра. Але кліенты раённага вузла сувязі шмат наракаюць, у тым ліку праз сродкі  масавай інфармацыі, на якасць работы праваднога радыёвяшчання…

 — Такая праблема сапраўды існуе. Аднак карыстальнікам названай паслугі трэба разумець, што правадное радыё — гэта ўчарашні дзень.  У бліжэйшыя гады нават раённае радыё пяройдзе на  FM-вяшчанне.

 — Якія навіны ад «Белтэлекама» яшчэ  чакаюць сенненцаў?

 — У 2011 годзе  ўстаноўлены вынасныя тэлекамунікацыйныя шафы ў райцэнтры, плануецца пракладка оптыка-валаконных ліній сувязі да Багданава,Ходцаў, Обалі, Канстантова. Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю, якую для «Белтэлекама» ствараюць аператары  мабільнай сувязі, пастаянным попытам карыстаецца стацыянарная сувязь, таму у планах павелічэнне нумарной магутнасці станцый у Сянно і Багушэўску.

 — Новыя тэхналогіі, новыя віды паслуг патрабуюць ад  спецыялістаў адпаведнай падрыхтоўкі, маладых кадраў…

 — Сувязь сапраўды  развіваецца вельмі актыўна. Сёння, напрыклад, у нас у калектыве працуе 69 чалавек (у 1996 было 112), у тым  ліку  моладзі да 31 года — 16 чалавек. 10 з іх маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, 2 завочна вучацца ў вышэйшых навучальных установах. Вучацца ў вну і  людзі старэйшага ўзросту. Да таго ж працуе бесперапынная  сістэма перападрыхтоўкі, атэстацыі спецыялістаў.

 Тэхналагічныя змены ў галіне вымусілі нас памяняць і структуру  раённага вузла электрасувязі. Сёння яна складаецца з трох лінейна-тэхнічных участкаў, якія  абслугоўваюць Сянно, Багушэўск  і  сельскую мясцовасць, групы  прадаж паслуг, станцыйнай  групы і групы  механізацыі.

 — Ці  ёсць у калектыве людзі сталага ўзросту?

 — Ёсць і ветэраны, людзі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў сферы электрасувязі. Да іх у калектыве асаблівае стаўленне. Іх вопыт запатрабаваны. Мы помнім таксама пра тых, хто пайшоў з нашага калектыву на пенсію. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх калег, ветэранаў працы са святам. Пажадаць ім вялікага чалавечага шчасця, здароўя!