З Лепелем не жартуюць. Раённая камісія па ахове разгледзела выпадкі вытворчага траўматызму на Сенненшчыне.

  Кантроль за выкананнем нормаў бяспекі працы, працоўнага заканадаўства здзяйсняецца як на прадпрыемствах, у арганізацыях, дзе ў штатным раскладзе маюцца спецыялісты  адпаведнага профілю, так і на ўзроўні спецыяльных службаў, органаў улады. У прыватнасці, пры раённым выканаўчым камітэце створана і працуе камісія па ахове працы. На апошнім яе пасяджэнні разгледжаны шэраг важных пытанняў.

   Спачатку былі абмеркаваны вынікі праверак, якія ў чацвёртым квартале мінулага года правяла ў Сенненскім раёне Лепельская міжраённая інспекцыя працы. Яе спецыялісты пабывалі ў 12 арганізацыях, установах, прадпрыемствах, заснаваных на розных фор­мах уласнасці. У выніку «свет пабачылі» дзве даведкі, 10 актаў праверак і 10 прадпісанняў на ўхіленне  201 парушэння, якія датычацца сферы аховы працы і працоўнага заканадаўства. Прыпынялася работа 13 адзінак тэхнікі, што не адпавядалі патрабаванням бяспекі. Амаль пасля кожнай праверкі на кіраўнікоў і пасадавых асоб прадпрыемстваў накладваліся штрафы. Спецыялісты міжраённай ін­спекцыі працы разгледзелі пяць пісьмовых зваротаў ад работнікаў, занятых у арганізацыях нашага раёна. За парушэнне правілаў і нормаў па ахове працы і працоўнага заканадаўства да адміністрацыйнай  адказнасці прыцягнуты пяць пасадавых асоб, якім давялося выплаціць з уласнай кішэні 1 725 тыс. рублёў штрафу. Сума спагнання з наймальнікаў склала 3509,5 тыс. рублёў.

 Сярод самых распаўсюджаных парушэнняў — адсутнасць інструкцый па ахове працы ў многіх арганізацыях; не ўсюды распрацаваны праграмы ўводнага інструктажу, праграмы навучання для работнікаў, занятых на вытворчасці з павышанай  небяспекай. У час праверкі спецыялісты Лепельскай міжраённай інспекцыі на адным прадпрыемстве раёна  выявілі нават два трактары, якія эксплуатаваліся, хоць дзяржаўны тэхнічны агляд яны не прайшлі. Там жа на кампрэсары, газазварачным абсталяванні выкарыстоўваліся манометры, якія не прай­шлі дзяржаўную паверку.  Разакі, гарэлкі, шлангі не правяраліся на газанепранікальнасць. У дрэваапрацоўчым цэху быў устаноўлены і падключаны  станок з няспраўнай ахоўнай агароджай.

 Уласнікі прадпрыемстваў, кіраўнікі пасля атрымання прадпісанняў аб выяўленых недахопах павінны  выправіць іх і даць адказ інспекцыі ва ўстаноўлены тэрмін. Пасля гэтага спецыялісты Лепельскай між­раённай інспекцыі зноў наведаюцца, каб праверыць, ці адпавядае інфармацыя сапраўднасці…

 У Багушэўскім лясгасе паспрабавалі  даць фармальную адпіску ў сувязі з фактам вытворчага траўматызму і  ўхіленнем  недахопаў, што былі выяўлены ў час праверкі. Не атрымалася. Цяпер міжраённая інспекцыя і раённая камісія па ахове працы патрабуюць ад новага кіраўніка прадпрыемства прыняць меры дысцыплінарнага характару да пасадавых асоб. Не выключана, што  адміністрацыйная справа будзе ўзбуджана раённым судом.

 Ведаў бы, дзе ўпаду

 «Закрыты капрэсійны пералом цела  LІУ, ступень першая» — такі дыягназ паставілі медыкі настаўніцы СШ №2 Наталлі Т. пасля таго, як яна ўпала на прыступках школьнага ганку, дзе ў той перыяд вяліся будаўнічыя работы. Вяліся, трэба сказаць, без афармлення акта допуску на вытворчасць работ, без усталявання арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, якія б забяспечвалі бяспеку на аб’екце будаўніцтва. Гэтыя і іншыя парушэнні сталі магчымымі па прычыне невыканання кіраўніцвам аддзела адукацыі райвыканкама абавязкаў па ахове працы. Пацярпелая, як запісана ў акце расследавання няшчаснага здарэння на вытворчасці, таксама парушыла п.57.1 Правілаў унутранага працоўнага распарадку школы. У прыватнасці, настаўніца  праігнаравала вусныя распараджэнні дырэктара навучальнай установы аб выкарыстанні запасных выхадаў да заканчэння рамонтных работ.

 «Ведаў, дзе ўпаду, саломы  падаслаў бы» — кажуць у народзе. У нашым выпадку раённая камісія па ахове працы, запрашаючы на свае пасяджэнні кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў, заслухоўваючы іх справаздачы і тлумачэнні, тым самым падштурхоўвае больш актыўна працаваць па стварэнні належных умоў працы, бо чалавек —  самая галоўная каштоўнасць для дзяржавы і грамадства. Міхаіл Вілюга, старшыня раённага Савета дэпутатаў, які браў удзел у рабоце раённай камісіі па ахове пра­цы, заўважыў: «Дрэнна, што кі­раўнікі пра ахову працы на вытворчасці ўспамінаюць толькі тады, калі здараецца бяда, ці прыязджаюць з праверкай спецыялісты  кантралюючых органаў. А трэба пра гэта помніць штодня, бо кіраўнік нясе персанальную адказнасць за жыццё і здароўе людзей».

Аляксандр Лазюк.

На здымку: у час работы  раённай камісіі па ахове працы.