На Вялікдзень у Беларусбанк запрасілі выхаванцаў з суседняга дзіцячага садка

Некалькі дзён у аперацыйным аддзеле Цэнтра банкаўскіх паслуг № 218 г.Сянно філіяла № 200 абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» працавала выстава, прысвечаная аднаму з галоўных хрысціянскіх святаў Вялікадню. Экспанаты для яе рыхтавалі супрацоўнікі ЦБП дома,  часта пры дапамозе родных, дзяцей. Выстава, экспанатамі якой сталі яйкі-пісанкі, святочныя кулічы, пірагі, упрыгожаныя велікоднымі атрыбутамі, надпісамі, асвечаныя ў царкве, выклікала жывую цікавасць у наведвальнікаў банкаўскай установы. Экспанаты разглядалі, абмяркоўвалі. Арганізатары выставы запрасілі на яе дзяцей з суседняга дзіцячага садка. Гэтую дашкольную ўстанову наведваюць многія дзеці работнікаў банка. Для юных хрысціян правялі невялікую экскурсію. У якасці гіда выступіла  Кацярына Іванова, сакратар пярвічнай арганізацыі  ГА «БРСМ».

 Ініцыятарамі  выставы  выступілі адміністрацыя Цэнтра банкаўскіх паслуг, а таксама грамадскія арганізацыі, якія створаны ў працоўным калектыве: прафсаюзны камітэт, актыў ГА «Белая Русь», «БРСМ».

 На здымку: экскурсію для  выхаванцаў дзіцячага садка № 1 г.Сянно праводзіць Кацярына Іванова, супрацоўніца  ЦБП № 218, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ».