Шэраг сенненскіх гаспадарак спадзяюцца на суседскую дапамогу

Сёлета плошчы яравой  сяўбы ў грамадскіх сельгасарганізацыях, занятых зерневымі і зернебабовымі, у параўнанні  з 2010 годам павялічаны на 5498 гектараў і складаюць  19702 гектары. Па стану на 5 мая сяўба  завершана  на 14056 гектарах, ці 71,3 % ад задання. Заўважым, што леташняй вясной на гэты перыяд пасяўныя работы былі праведзены на 65 % — сёлета засеяна на 4800 гектараў больш.

 — Пры гэтым земляробы маюць неабходную колькасць прэпаратаў для пратручвання насення, мінеральных угнаенняў. Забяспечанасць фосфарам, напрыклад, ужо складае 98,4 % — такога не было даўно, — расказала Антаніна Сунцеева, начальнік аддзела вытворчасці і збыту райсельгасхарчу. Па яе словах, у неабходнай колькасці ёсць таксама калійныя і азотныя ўгнаенні, што дазваляе збалансавана ўносіць пажыўныя рэчывы не толькі пад сяўбу яравых культур, але і сілкаваць азімыя.

 І ўсё ж спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама не хаваюць, што ў асобных гаспадарках у полі маглі б працаваць у больш высокім тэмпе. Нізкая арганізацыя працы  мае месца ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Сенненскі райаграсервіс», «Літусава», «Белая Ліпа».

 Нават пры адсутнасці галоўнага інжынера зладжана працуюць гэтай вясной у ААТ «Сінягорскае». Добра арганізавана праца механізатараў у ПП «Дружбінец», дзяржпрадпрыемстве «Саўгас імя Машэрава».

 На днях старшыня райвыканкама Віктар Цапота правёў нараду з кіраўніцтвам і спецыялістамі  райсельгасхарчу, кіраўнікамі сельгасарганізацый у сувязі з неабходнасцю перакідвання тэхнікі  з гаспадарак, якія завяршаюць сяўбу зерневых, у тыя, дзе работы вядуццца не так хутка, як хочацца. Сяўба яравых зерневых павінна быць завершана ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Менавіта таму тэхніка і людзі Віцебскай доследнай меліярацыйнай  стан­цыі, саўгаса імя Машэрава, абодвух ільнозаводаў, ААТ «Літусава» ўжо працуюць у іншых гаспадарках.

 А тым часам  завершана сяўба льну, высяваецца насенне кукурузы,  агароднінных культур, садзіцца бульба, вядуцца работы па догляду пасеваў.

Л.Іўеў.