Сенненцы ўсім мірам наводзяць парадак

Кожная вясна прыбаўляе чалавеку клопатаў. І гэтыя турботы натуральныя, звязаныя з абуджэннем прыроды, са зменай пары года, а галоўнае з традыцыямі, што выпрацаваліся ў нашым грамадстве.

 — Работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў  сельсавета пачаліся ранняй вясной, — расказаў Віктар Мурашкевіч, старшыня   Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў. — Да важнай справы прыцягваем насельніцтва і прадпрыемствы рознай формы ўласнасці; арганізуем суботнікі, дзе людзі працуюць  бясплатна, і плоцім грошы тым, каго наймаем.

 Згодна з сумеснай пастановай прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама за кожным населеным пунктам раёна замацаваны арганізацыі, якія павінны дапамагаць вяскоўцам у вырашэнні мясцовых праблем. Для Багданаўскага сельсавета ў якасці такога памочніка вызначана ДРБУ-146. Менавіта з дапамогай дарожнікаў у вёсцы Вялікі Азярэцк удалося знесці фундаменты трох хат і добра­ўпа­радкаваць тэрыторыю на месцы колішніх пабудоў. У будучым гэтыя работы будуць працягвацца. Па словах старшыні  мясцовага органа ўлады, сельскі Савет не заплаціў арганізацыі яшчэ ні капейкі.

 — Зразумела, мы аплацім выкананыя работы, — запэўнівае Віктар Мурашкевіч. А пакуль дарожнікі працуюць і  ў іншых населеных пунктах сельсавета. У Пожаньках іх тэхніка і людзі займаюцца бягучым рамонтам завулка Маладзёжны, ва Ульянавічах — вуліцы Цэнтральная.

 Свой уклад у добраўпарадкаванне населеных пунктаў Багданаўскага сельсавета ўносіць участак РУП ЖКГ. Рабочыя жыллёва-камунальнай гаспадаркі зай­маюцца рамонтам ага­ро­джы, а недзе і здымаюць яе. Жывёлы ў вёсках амаль не засталося, так што няма ад каго адгароджвацца. Яшчэ адным напрамкам работы сельскіх камунальнікаў стала выдаленне драўнінных рэшткаў пасля таго, як «альпіністы» выпілуюць аварыйныя дрэвы. Іх брыгаду, якая папрацавала ў Запруддзі, Гарадцы, наняў сельвыканкам.

 Віктар Мурашкевіч адзначае ўзросшую актыўнасць насельніцтва.  Кантакты з вяскоўцамі сельвыканкам падтрымлівае праз старэйшын і дэпутатаў.

 — Людзі актыўна адгукаюцца на запрашэнні па­пра­цаваць у інтарэсах грамадства. З дапамогай жыхароў вёсак добраўпарадкаваны тэрыторыі  большасці домаўладанняў, вакол грамадскіх пабудоў, на могілках. У Гарадцы на мясцовых могілках усе работы выкананы толькі з дапамогай вяскоўцаў.

 Зрэшты, добрыя пачынанні ўлад сенненцы заўжды гатовы падтрымаць. Тым больш, што вясновае добраўпарадкаванне на зямлі — гэта наша  традыцыя, неад’емная частка менталітэту беларусаў.

Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *