У «Дружбінцы» працуюць у дзве змены

У бягучым годзе ў ПУСП «Дружбінец» неабходна пасеяць 1380 гектараў яравых зерневых культур, 440 кукурузы, 130 яравога рапсу і 3 гектары агародніны.

 Летась значна раней пачалася сяўба яравых зерневых. Сёлета  такога шанцу надвор’е не дало. Адразу забяспечыць высокія тэмпы сяўбы не ўдавалася, але з кожным днём яны  нарошч­ваюцца.

  — Палявыя работы вядзём комплексна: уносім угнаенні, рыхтуем глебу, убіраем каменне, сеем яравыя раннія культуры, — гаворыць начальнік цэха раслінаводства Леанід Аляксеевіч Кавалеўскі. — Да 20 красавіка паспелі  засеяць 160 гектараў пшаніцай і 120  — ячменем півавараным. Для выканання гэтых работ створаны 6 механізаваных звенняў. Усе механізатары, занятыя на вясенне-палявых работах, надзейныя і добрасумленныя. Кожны ведае сваю справу. Многія выконваюць па дзве і больш дзённыя нормы выпрацоўкі. Гэта Ігар Рукаль, Ігар Махроў, Сяргей Цярэня, Васіль Бірулін, Мікалай Пашкевіч, Уладзімір Навуменка і многія іншыя.

 Па словах Леаніда Аляксее­віча, мінеральнымі ўгнаеннямі гаспадарка забяспечана як ніколі — на 102% азотам і на  96%  — фосфарам. Гэта дазволіць якасна правесці сяўбу і атрымаць за­пла­наваныя паказчыкі ўра­джай­насці зерневых культур. У мінулым годзе ўра­джай­насць зерневых была невысокая — 23,5 ц/га. Калі не падвядзе надвор’е, то на добра ўгноенай глебе  сёлета яна павінна скласці 38 цэнтнераў на круг.

 Павялічылася плошча веснавой сяўбы ў сувязі з  неабходнасцю перасеву 240 гектараў азімага рапсу. Як паказала практыка апошніх гадоў, гэта культура самая рэнтабельная ў сельскай гаспадарцы. Таму  пайшлі на пашырэнне плошчаў пад яравы рапс.

 Рабочы дзень у механізатараў пачынаецца з 6 гадзін раніцы. Тэхніка працуе ў дзве змены. Начная змена доўжыцца з 19.00 да 7.00. Арганізавана двухразовае харчаванне ўдзельнікаў сяўбы. А гэта немалаважна, бо калі чалавек добра пад,еў, у яго і работа спорыцца і настрой выдатны.

 Нагрузка на вяскоўцаў вялі­кая і аб’ём работ значны. Аднак  робіцца ўсё для таго, каб правесці пасяўную  кампанію ў тэрмін і на належным узроўні. Ды, як кажуць у народзе, вясенні дзень — год корміць.

Тэкст і фота Ларысы Мукамолавай.