Яны – анёлы для старэнькіх!

25 красавіка служба сацыяльнай дапамогі на даму нашай краіны адзначае 25-годдзе з дня ўтварэння.

 На Сенненшчыне аддзяленне сацыяльнай дапамогі было створана 1 красавіка 1987 года на базе Багушэўскага дома-інтэрната. Загадчыцай яго стала Л.Белавусава. Яе падначаленыя абслугоўвалі 59 адзінокіх і непрацаздольных жыхароў. 4 студзеня 1988 года багушэўскае аддзяленне перададзена аддзелу сацыяльнага забеспячэння. Узначальваў яго Ф.Мотузаў. У іншыя гады ім загадвалі З.Салаўёва, В.Суднік, С.Грамузава, Г.Альшэўская, Н.Глаздоўская. Многія з тых, хто калісьці пачынаў гэтую дабрачынную справу, і сёння працуюць: І.Іванова, Т.Тылец, В.Суднік, Н.Зарубіцкая, Л.Міліца, Н.Леўчанка, А.Кузнечык, Л.Зелентава, А.Асатульян, Н.Валадкевіч, В.Кудраўцава.

 Цяпер сацслужба — асобная структура тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна. На яе ўліку знаходзіцца 390 адзінокіх і адзінока пражываючых непрацаздольных грамадзян, з іх 76 чалавек — у Сянно, 65 — у Багушэўску, 249 — у сельскай мясцовасці. Аказваюць догляд 80 супрацоўнікаў аддзялення, у тым ліку 76 сацыяльных работнікаў, якія выконваюць 17 відаў паслуг. Але кола іх абавязкаў выходзіць далёка за межы ўборкі ў хаце, гатавання ежы ды паходу ў краму. Не толькі справай, але і чуллівым словам сацыяльныя работнікі літаральна вяртаюць да жыцця тых, хто апынуўся ў цяжкім стане, замяняючы ім падчас самых родных і блізкіх.

 «Мы найперш павінны быць тонкімі псіхолагамі!» — кажа Таццяна Вярцінская, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. На гэтай пасадзе яна толькі год. Дагэтуль 12 гадоў адпрацавала сацыяльным ра­ботнікам, потым інспектарам. Яе агульны стаж у сацыяльнай службе складае 17 гадоў. І сёння Таццяну Уладзіміраўну цяжка застаць на месцы. Штодзень яна наведваецца да сваіх кліентаў, праводзіць абследаванні ўмоў жыцця, выяўляе маючых патрэбу ў дапамозе. Імпэту гэтай жанчыны хапае і на грамадскае жыццё калектыву. Таццяна Уладзіміраўна ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю. За сваю працу Таццяна Вярцінская ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама.  

 Стаж Ірыны Садоўчанка з Белай Ліпы і Святланы Кізіменка з Полымя ў сацыяльнай сферы налічвае 14 год. Аднак не толькі гэта аб’ядноўвае прыгожых жанчын. Абедзве мелі будаўнічыя спецыяльнасці, працавалі на буйных прадпрыемствах. Аднак у цяжкія 1990-ыя вымушаны былі вярнуцца на малую радзіму, дзе лёс прывёў іх у сацыяльную службу. Абедзве — шматдзетныя маці. У сям’і кожнай выхоўваецца па трое дзетак — двое сыночкаў і дачушка. Старэйшыя вучацца ў ВНУ, малодшыя ходзяць у школу. Роднымі яны сталі і для сваіх  падапечных. У Ірыны Садоўчанка іх налічваецца 10 чалавек. Самай старэйшай з 6 кліентаў Святланы Кізіменка споўнілася 96 гадоў. Жывуць старыя ў розных вёсках… Летам сацыяльныя работнікі дабіраюцца да іх на веласіпедзе, а зімой даводзіцца ісці пешшу. На дапамогу прыходзяць сыны і дочкі. На жаль, не для ўсіх іх падапечных дзеці з’яўляюцца гэткай жа апорай. «Неяк да адной маёй бабулькі прыехаў на выхадныя сын. Усе дні адпіў, адгуляў, а маці нават вады не прынёс!» — расказвае Ірына. Між тым, на плячах кволай Ірыны — вялізная хатняя гаспадарка: пяць свіней, куры, кароўка… Сваю рэдкую вольную часіну яе калега Святлана прысвячае шыццю, балуе дачушку адмысловымі ўборамі. Нездарма 5 гадоў адпрацавала на «Элеме».

  З нагоды прафесійнага свята Ірына Садоўчанка і Святлана Кізіменка атрымалі Падзяку старшыні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама.

 «Сэнс чалавечага жыцця — быць крыніцай свету і цеплыні для іншых людзей», — гэтыя словы славутага навукоўцы, псіхолага Сяргея Рубінштэйна з поўным правам можна аднесці да супрацоўнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна (ТЦСАН). Вынікі іх працы вымяраюцца не столькі лічбамі, колькі простым чалавечым «Дзякуй». А гэта дорага каштуе.

Вольга Бандарэвіч.

 На здымку (злева направа): С.Кізіменка, Т.Вярцінская, І.Садоўчанка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *