«МАЛІЦЦА НАС НАВУЧЫЛА МАЦІ…»
— У царкву я хаджу рэдка, малюся звычайна дома, — расказвае Марыя Нікіфараўна Казлова, былая партызанка, а цяпер сталая жыхарка Багушэўска. З ёй мы размаўляем у пункце калектыўнага карыстання сувяззю раённага вузла электрасувязі РУП «Белтэлекам». Мая суразмоўца прыйшла сюды, каб аформіць неабходныя дакументы ў сувязі з устаноўкай хатняга тэлефона.
— Малітве ў вайну ўсіх нас, сваіх дзяцей, навучыла маці, — голас маёй суразмоўцы гучыць ціха. Але расказ яе звязны і лагічны. — Маліліся ў хаце, чакаючы штодня, што нас забяруць і расстраляюць як партызанскую сям’ю паліцаі. Маліліся пад кустом, ратуючыся ад нямецкай аблавы. Я малілася нават ідучы ў разведку па заданні партызанскага камандавання.
У Нярэйшу, вёску Будскага сельсавета, якая вольна раскінулася сярод лесу, непадалёку ад найпрыгажэйшага возера, вайна, як і ўсялякае гора, прыйшла нечакана. Ужо на наступны дзень пачалася мабілізацыя мужчын прызыўнога ўзросту, пайшоў на вайну бацька Марыі. А хутка стала зразумела — акупацыі не пазбегнуць.
— Немцаў упершыню я сустрэла, калі вярталася надвячоркам дамоў з поля. Салдаты ехалі на аўтамашыне з боку лесу «Круты ручай». Толькі адзін з іх ішоў наперадзе, уважліва ўглядаючыся ў наваколле, — успамінае Марыя Казлова.
У тую ноч маці не дазволіла дзецям класціся спаць на ложках — пасцяліла на падлозе. А раптам бой? А калі куля заляціць праз вакно? Страх назаўжды пасяліўся ў хаце Казловых.
Праз некаторы час у Нярэйшу вярнуўся старэйшы брат Марыі Мікалай, які вучыўся ў БДУ на фізіка-матэматычным факультэце. З Мінска да вёскі пасля пачатку вайны ён дабіраўся пехатой. Яго расказ пра бамбёжкі, сотні і тысячы забітых на дарогах салдат, бежанцаў зрабіў моцнае ўражанне на родных. А сам хлопец пастаянна паўтараў: «Ненавіджу! Ненавіджу!».
Ужо восенню ў Какоўчыне, у навакольных вёсках дзейнічала падпольная група. Узначальваў яе дырэктар мясцовай школы. У лясах з’явіліся партызаны. Не застаўся ў баку ад барацьбы супраць фашыстаў Мікалай. Ды неўзабаве пачаліся арышты патрыётаў, расстралялі кіраўніка падполля. Тыя, хто пазбег кары, падаліся ў лясы. Ды не ўсё было проста і адназначна ў першыхпартызанскіх атрадах. Там таксама хапала правакатараў. Многія вярнуліся назад, жылі ў вёсках, хаваючыся, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём родных.
Другая спроба ўліцца ў шэрагі партызан стала для брата ўдалай.
— Ён пайшоў у лес, а ў нашы вокны амаль кожную ноч нехта стукаў. Нярэдка пад выглядам партызан прыходзілі ўласаўцы, паліцаі, якія спрабавалі выпытаць інфармацыю пра брата, партызан. Нас маглі забіць у любы момант, — вочы Марыі Нікіфараўны не адлюстроўваюць ніякіх эмоцый. Што адчувала яна тады, можна толькі здагадвацца.
Асабліва шмат нацярпеліся, калі аднойчы ў вёску наехалі немцы і паліцаі. Казловы, як і большасць аднавяскоўцаў, усёй сям’ёй кінуліся ў лес. А за іх спінамі запалалі хаты, чуліся стрэлы. Некалькі начэй правялі ў лесе. Потым пайшлі ў Курэйшына. Некаторы час хаваліся ў Лізунах, у сваіх родзічаў. Але немцы дабраліся і туды. Ратуючыся, яны ўзялі граблі, вілы і падаліся на луг, дзе вяскоўцы рыхтавалі сена. Стаяў ясны сонечны дзень. Абяссіленыя працяглым блуканнем па лясах, Казловы, падсілкаваўшыся крыху ежай, якую ім далі касцы, паснулі на лузе. Нейкім чынам пра іх даведаўся дзядзька, бацькаў брат. Прыбег і кажа: «Не ідзіце толькі ў Нярэйшу. Там усё яшчэ немцы, забіваюць людзей…»
— Страх тады быў такі, што, здавалася, калі б хто вывез за лінію фронту, камяні б варочала кожны дзень, — прызналася мая субяседніца.
У лес да партызан Казловы патрапілі толькі ў 1943 годзе. Ды і то не ўсе. Маці перабралася жыць у Мастычына.
Так атрымалася, што малодшы брат Аляксандр аказаўся ў брыгадзе Кірылава, Марыя з сястрой — у першай Беларускай брыгадзе. Дзяўчыну залічылі ў разведку. Давялося выконваць самыя розныя заданні, пешшу хадзіць з-пад Халопеніч, дзе базіравалася брыгада, нават пад Багушэўск. Ці то ад знямогі, ці то ад голаду некалькі разоў у Марыі здараліся галюцынацыі. Аднойчы у незнаёмым лесе ёй здалося, што яна ідзе па знаёмай лясной дарозе, якая вядзе ў родную Нярэйшу. Зрэшты, Марыя Казлова ў родную вёску завітала.
— Нашай хаты не было. Яе разабралі і звезлі немцы.
Помніцца і многае іншае, у тым ліку бой, у час якога партызаны сярод белага дня напалі на нямецкую ўмацаваную казарму ў вёсцы Чырвоныя Лукі, што непадалёку ад Лукомля. На вастрыні атакі былі яны, разведчыцы Марыя Казлова і яе сяброўка Паша Васіленка.
… Рыхтавацца да рызыкоўнага нападу на ўмацаваны пункт нямецкай абароны партызаны пачалі загадзя. Вырашылі выкарыстаць звычку немцаў мяняць соль, якой у іх хапала, на прадукты харчавання. Асаблівым попытам у захопнікаў карысталіся льняное семя, самагон. У выніку ля казармы кожны дзень тоўпіліся жанчыны з кошыкамі ў руках, мяшкамі за плячыма.
Партызанскі план зводзіўся да наступнага. Разведчыцы пад выглядам сялянскіх дзяўчат падыходзяць да нямецкага паста перад казармай. Прапаноўваючы льняное семя, адцягваюць увагу салдат ад пераапранутых у жаночае адзенне партызанскіх аўтаматчыкаў, якія знішчаюць кулямётны разлік немцаў, завалодваюць кулямётам. Далей у бой уступаў узвод партызан.
Напярэдадні Марыя Казлова зайшла да партызан-гаспадарнікаў, узяла некалькі кілаграмаў ільнасемя. Вырашыла прыхапіць некалькі дзесяткаў яек. Раптам спатрэбяцца? Раніцай на наступны дзень выправіліся на заданне.
11 сакавіка ішоў снег, было мокра і… страшна. Верагоднасць загінуць была вельмі вялікая яшчэ і таму, што Марыі выдалі пропуск, аўсвайс, у якім было напісана, што ва ўладальніцы дакумента блакітныя вочы.
— Ты старайся глядзець уніз, каб немцы не зазірнулі ў твае карыя, — рэкамендаваў камандзір атрада. — І не заходзьце ні пад якім выглядам у казарму. Калі бой пачнецца, падайце на зямлю і ляжыце…
Падышлі да казармы. Яна была абнесена ў некалькі радоў калючым дротам, у рвах стаяла вада. Немцы ўбачылі дзяўчат, паклікалі: «Ком, ком…» Запатрабавалі дакументы, сталі чытаць.
— Я вочы долу, але пазіраю на іх. Бачу, іх не столькі дакументы цікавяць, колькі нашы кошыкі. «Шнапс ёсць?» — пытаюць. — Не, толькі яйкі…
Магчыма, менавіта яны і выратавалі дзяўчат, бо такая навіна зацікавіла салдат. Марыя стала даставаць ласунак. А тут аўтаматчыкі падышлі, крыкнулі: «Лажыся!»
— Яны былі рускія, адзін татарын — усе былыя ўласаўцы, якія перайшлі да партызан. Мы пападалі. Пачаўся бой. Адным словам, казарму мы ўзялі. Немцы загінулі ўсе, акрамя аднаго. У нас страты былі невялікія. Потым у атрадзе казалі, што маглі і ўвесь гарнізон захапіць, — амаль без эмоцый апавядае аб гэтым выпадку свайго партызанскага жыцця Марыя Нікіфараўна.
За гэты бой яе ўзнагародзілі медалём «За адвагу». Паведамленне прыйшло ўжо пасля вайны. Трэба было ехаць па ўзнагароду ў Мінск. Марыя не рашылася выбрацца ў далёкі шлях. Узнагародай для яе стала жыццё.
Вайна для ўсіх Казловых скончылася шчасліва. Вярнуўся з вайны бацька. Перажыла ліхалецце маці, хоць давялося жанчыне пабываць у руках гестапаўцаў і паліцаяў. Засталіся жывымі Казловы-партызаны. Марыя працавала пасля вайны ў Багушэўскім райкаме партыі рахункаводам, машыністкай, у іншых месцах. Яна рэдка ўспамінае тыя падзеі, не лічыць сябе героем.
— Усім хапіла ліха ў вайну. Усе ратаваліся ад смерці як маглі, — падсумоўвае мая субяседніца.
Аляксандр Лазюк.