Маладыя спецыялісты Сенненшчыны аб’ядноўвайцеся!

Па ініцыятыве аддзела па справах моладзі райвыканкама і РК ГА «БРСМ» у нашым раёне створаны клуб маладога спецыяліста. На яго сходах абмяркоўваюцца актуальныя тэмы і пытанні. Напрыклад, тут можна выказаць свае думкі пра размеркаванне, умовы працы, замацаванне кадраў, а таксама развіццё Сенненшчыны.

 — У раён штогод прыязджае больш за 130 маладых спецыялістаў, — расказвае начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Наваковіч. — Кожны з іх   робіць толькі першыя крокі ў самастойнае жыццё. Наша мэта — дапамагчы ім вырашаць узнікшыя пытанні, арганізаваць адпачынак. 

 Ад таго, як складваюцца ўзаемаадносіны ў калектыве, наколькі чалавек задаволены ўмовамі работы, залежыць і тое, ці застанецца ён працаваць далей. Як правіла, кожны малады спецыяліст мае шэфа — старэйшага калегу, які можа пры неабходнасці даць слушную параду. І хоць задача па замацаванні моладзі на вёсцы пад пільнай увагай кіраўніцтва раёна, тым не менш, пазбегнуць адтоку пакуль што не атрымліваецца. Асноўная прычына звальненняў — заканчэнне тэрміну двухгадовай адпрацоўкі пасля размеркавання.

 Гэта пытанне стала адным з галоўных на першым пасяджэнні клуба, на якім прысутнічаў старшыня райвыканкама, цяпер ужо былы, Эдуард Герасіменка. Больш за гадзіну вялася дыскусія наконт таго, як зрабіць жыццё ў нашым раёне прывабным для моладзі. Закраналіся пытанні вольнага часу, узроўню жыцця, развіцця інфраструктуры. Адказ на большасць пытанняў адзін: патрэбны працоўныя рукі. Няма людзей — няма вытворчасці, слабая эканоміка.

 Адным з асноўных напрамкаў работы па замацаванні маладых спецыялістаў кі­раўніцтва раёна лічыць падрыхтоўку іх з ліку мясцовай моладзі. Толькі  невялікая колькасць выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў вяртаюцца на Сенненшчыну. Замацаванасць кадраў складае 60%.

 З гэтай нагоды са школьнікамі не першы год праводзяцца прафарыентацыйныя сустрэчы. Прадстаўнікі тых ці іншых прафесій расказваюць будучым студэнтам пра свае арганізацыі, умовы працы і запрашаюць пасля вучобы да сябе. Немалую ролю ў замацаванні кадраў павінен адыграць клуб маладога спецыяліста.

 — Рэгулярныя сустрэчы ў клубе, гутаркі, абмен вопытам з аднагодкамі-калегамі з іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна дапамогуць моладзі паверыць у свае сілы, знайсці выйсце з той ці іншай сітуацыі. Будуць арганізоўвацца розныя конкурсы, паездкі, дыскусіі, канцэрты, віктарыны. План работы ў першую чаргу будзе такім, якім яго захочуць бачыць маладыя спецыялісты. Галоўнае, каб кожная сустрэча была цікавай і пазнавальнай, — працягвае Марына Наваковіч.

  Сёння клуб маладога спецыяліста налічвае крыху больш за 25  чалавек. Але стаць яго членам на добраахвотнай аснове можа любы выпускнік вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, які прыбыў па размеркаванні на Сенненшчыну. Разам і толькі разам можна дасягнуць высокіх вынікаў.

Марына Кажарская, настаўнік англійскай мовы ДУ «Сенненская сярэдняя школа №2 горада Сянно»:

 — Сама я родам з Сянно. У мінулым годзе закончыла педагагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці «пачатковая адукацыя і англійская мова». Пасля вучобы вярнулася да вытокаў. Выкладаю замежную мову ў той жа школе, дзе вучылася і праходзіла практыку.

 Замужам. Муж Сяргей працуе вадзіцелем у РАНС. Выхоўваем чатырохгадовага сына Стаса. Пабудавалі новую кватэру. Наваселле згулялі ў верасні мінулага года.

 Скончыла музычную школу на «выдатна» па класу балалайкі. Люблю спяваць. Прымаю ўдзел у розных конкурсах, мерапрыемствах раёна. Але больш часу стараюся ўдзяляць  сям’і і працы.

 Абранай прафесіяй задаволена, хоць маці, настаўнік са стажам, адгаворвала ад педагогікі. Мне падабаецца працаваць у школе, асабліва ў малодшых класах, бо дзеці ў такім узросце шчырыя і адкрытыя. З імі лёгка ладзіць урокі ў форме гульні, што і стараюся рабіць часцей.

Арцём Гетманаў, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба «Алімп» пры аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Сенненскага райвыканкама:

 — Я нарадзіўся ў аграгарадку Белая Ліпа. Скончыў Машчонскую школу. Гэта навучальная ўстанова, як вядома, — кузніца спартыўных кадраў. Вялікі ўплыў на мяне аказаў настаўнік фізічнай культуры, дырэктар школы Віктар Кучынскі. Ён падтрымліваў і рыхтаваў мяне, калі я паступаў на факультэт фізічнай культуры, спорту і турызму ВДУ імя П.М. Машэрава.

  Па размеркаванні трапіў у Сянно. Сёння ўзначальваю фізкультурна-спартыўны клуб «Алімп». Мая работа — гэта арганізацыя культурна-спартыўнай, масавай работы з насельніцтвам. Часта бываю ў камандзіроўках. Езджу на розныя спаборніцтвы, турніры ці суправаджаю сенненскіх спартсменаў. Сам актыўна займаюся спортам. Гуляю ў валейбол. Такі лад жыцця мне па душы.

 Пакуль што ўласнага жылля не маю. Жыву ў інтэрнаце, які мне выдзелілі як маладому спецыялісту. Але ў хуткім часе планую займець свой «вугал».

Кацярына Карповіч. Фота аўтара.