З даўгамі разлічыліся толькі КУПБА «Прэстыж», КУСП «Полымя» і ГП «Саўгас імя Машэрава».

Па стану на пачатак лютага гэтага года пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць прадпрыемстваў раёна склала 9,3 мільярда рублёў. І хаця яна на 35,7 % скарацілася ў параўнанні з пачаткам года, усё роўна перавысіла дэбіторскую запазычанасць у 2,1 раза.

 Напрыклад, ААТ «Багушэўскі льнозавод» у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам не можа своечасова разлічыцца за прадастаўленыя пастаўшчыкамі паслугі (лізінг, сыравіна, электрычная энергія), а таксама з Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.  Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць тут склала 1,3  мільярда рублёў. Сенненскі камбінат кааператыўнай прамысловасці не мае свабодных грашовых сродкаў для разліку з крэдыторамі Віцебскага і Полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў, а таксама з Віцебскай універсальнай базай, за раней набытую прадукцыю.

 Па прычыне несвоечасовай аплаты за здадзеныя аб’екты УП «Сяннобудмеліяводгас» не можа разлічыцца з пастаўшчыкамі будматэрыялаў.

 Асноўнымі даўжнікамі ў раёне з’яўляюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі, на долю якіх на 1 лютага 2011 года прыпадала 65 працэнтаў пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці арганізацый камунальнай уласнасці (5,1 млрд рублёў).

 Распараджэннем раённага выканаўчага камітэта № 29 р арганізацыям раёна даведзены графікі пагашэння пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасці арганізацыям камунальнай і з доляй камунальнай уласнасці на бягучы год. Але заданні на пачатак лютага былі забяспечаны толькі КУПБА «Прэстыж», КУСП «Полымя» і ГП «Саўгас імя Машэрава».

 Найбольшыя сумы пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці маюць УП «Сяннобудмеліяводгас» (несвоечасова аплачваюцца работы і паслугі, што аказвае прадпрыемства сельгасарганізацыям, аддзелу культуры, КУПБА «Прэстыж)і УП ЖКГ (дэбіторамі з’яўляюцца сельгасарганізацыі, насельніцтва па квартплаце і бюджэтныя арганізацыі за выкананне работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў).

 Парушэнне тэрмінаў разлікаў па даўгах адных суб’ектаў гаспадарання вядзе да немагчымасці пагашэння сваіх абавязацельстваў іншымі.