Першапраходцам – 60! Сенненскія меліяратары адзначылі юбілей прадпрыемства.

«Ах, юбилей, удивительный день», —  міжволі прыходзілі на памяць словы  недзе пачутага верша, калі глядзела на жыццярадасныя твары меліяратараў, якія сабраліся на юбілей свайго прадпрыемства ў раённым Доме культуры. У адзін з суботніх дзён красавіка сюды былі запрошаны не толькі працаўнікі калектыву прадпрыемства меліярацыйных сіс­тэм, але і ветэраны, былыя работнікі і кіраўнікі, ганаровыя госці. У фае і глядзельнай зале ДК  сустракаліся старыя знаёмыя і саслужыўцы, якія  не бачыліся шмат часу, гучалі сяброўскія гутаркі, успаміны,  роспыты…

 У меліяратараў свая, асаблівая, гордасць — за прафесію,  яе важныя для краіны вынікі, яе запатрабаванасць і карысць. Натхнёнасцю свяціліся твары, калі ў пачатку святочнай сустрэчы ў зале выконваўся прафесійны гімн змагароў з балотамі, вызваліцеляў зямлі.

 Запатрабаванасць прафесіі меліяратара падкрэслівалася кожным выступаючым. Важнасць падзеі вызначалася і тым, што сенненскія меліяратары былі ў сваёй справе першапраходцамі.  Першай у вобласці 4 красавіка 1951 года ў нашым раёне была створана машынная меліярацыйная станцыя. Яна была адзінай і таму працавала на некалькі раёнаў.

 Сёння на Сенненшчыне 31 865 гектараў меліяраваных зямель, у ПМС працуюць 135 чалавек.

 Дырэктар прадпрыемства С.Фарэйтараў у прывітальнай прамове, звяртаючыся да ветэранаў і работнікаў ПМС, падкрэсліў, што іх прафесія — адна з самых старажытных, бо першыя ірыгацыйныя  сістэмы былі створаны людзьмі больш за 2 тысячагоддзі таму. Сёння, вядома, маштабы не тыя. Толькі тэхнікі сенненскае прадпрыемства плануе набыць больш як на 1,5 млрд рублёў.

 З хваляваннем падымаліся на святочную сцэну  былыя кіраўнікі арганізацыі. Я ўдзячны лёсу, сказаў У.Какуцеў,  што прыйшоў пасля размеркавання працаваць менавіта ў гэты калектыў, калектыў аднадумцаў, здольны выконваць любыя задачы, калектыў, дастойны самай глыбокай пашаны.

 Сёння У. Какуцеў займае пасаду намесніка генеральнага дырэктара КУП «Ві­цебскмеліяводгас». Ён пад­крэс­ліў, што галоўнай задачай калектыву ПМС з’яўляецца выкананне дзяржаўнай праграмы па меліярацыі. На гэта вобласці выдзелена 39,9 млрд рублёў,  раёну — каля 2 млрд. 

 Падзяку і гордасць за сенненскіх меліяратараў выказаў у прывітальнай тэлефонаграме былы кіраўнік прадпрыемства А.Перацягін, які цяпер узначальвае акцыянернае таварыства «Водбуд» у Маскве.

 С.Волкава, былы прараб, з задавальненнем адзначыла той факт, што вяртаецца ўвага дзяржавы да меліярацыі, добрым словам успомніла тых, з кім калісьці давялося працаваць,брыгадзіраў А.Карчэўскага і Н.Радкевіч. Брыгады  займалі першыя месцы не толькі ў вобласці, а і ў рэспубліцы.

 Не кожны калектыў у раёне можа пахваліцца сваімі ардэнаносцамі. А ў меліяратараў іх цэлая плеяда. Гэта В.Баканоўскі, С.Волкава, В.Козічкін і іншыя. Многіх з ліку меліяратараў Сенненшчыны, на жаль, ужо няма з намі. Але ў калектыве іх памятаюць і раўняюцца на іх доблесную працу. Мінутай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі сустрэчы памяць такіх вядомых меліяратараў, як П.Бабак, Г.Лукашэвіч, І.Юковіч, Э.Наталевіч.

 У гэты дзень у святочнай зале прагучалі імёны літаральна ўсіх ветэранаў і сённяшніх працаўнікоў  ПМС, і вопытных, і маладых. Кожнага ўшанавалі за працу. Група работнікаў была ўзнагароджана нагрудным знакам «Ганаровы меліяратар». Многія атрымалі Ганаровыя граматы.

 Меліярацыя знаходзіцца  пад пільнай увагай кіраўніка дзяржавы, адзначыў у сваім выступленні дырэктар Дэпартамента меліярацыі і воднай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь А.Булыня. Пастаўлена задача аднавіць 500 тыс. гектараў зямель. На гэтыя мэты выдаткавана  3 трыльёны рублёў, што ў тры разы больш,  чым у мінулай пяцігодцы. Акрамя таго, трэба асушыць  5 га  новых зямель. А ўсяго ў Беларусі  меліяраваны 31 % сельскагаспадарчых угоддзяў. У цяжкія часы работнікі галіны, у тым ліку, і ў Сенненскім раёне, здолелі захаваць зробленае, не далі марна прапасці працы людзей.  Прыемна, што ў меліярацыі Сенненшчыны працуюць  ветэраны з багатым вопытам, а моладзь прыходзіць у галіну з добрай будучыняй, адзначыў А.Булыня.

 Як мінімум, тры пакаленні ўклалі  сваю працу ў станаўленне і развіццё  меліярацыйнай галіны раёна, падкрэсліў у сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Э.Герасіменка. І сёння раёну ёсць чым ганарыцца.

 На мерапрыемстве таксама выступілі намеснік старшыні райвыканкама Г. Сабыніч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу А. Кучынскі, дырэктар Бешанковіцкай ПМС І.Карпук і іншыя. Кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў  ўручылі прадпрыемству-юбіляру падарункі.

 На сцэну ў гэты дзень падымаліся не толькі  кіруючыя работнікі. Пра сваё жыццё і працу ў Сенненскім ПМС расказалі  простыя працаўнікі. Вадзіцеля К.Васілёнка на прадпрыемства прывёў бацька, які працаваў на будаўніцтве меліярацыйных сістэм. Першай настаўніцай Канстанціна была Святлана Андрэеўна Волкава. Прыкладам для маладых рабочых у той час былі вопытныя меліяратары Э. Наталевіч, Г. Лукашэвіч і іншыя.

 І. Сапяжынскі, слесар па рамонту паліўнай апаратуры, вельмі задаволены, што прыйшоў менавіта ў дружны калектыў меліяратараў з іншага месца работы. І ветэраны, і моладзь ПМС, падкрэсліў выступаючы, заслугоўваюць толькі добрых слоў.

  Работніца з 42-гадовым стажам З.Зеляня і ў свае 70 гадоў не хоча пакідаць прадпрыемства, бо прывыкла знаходзіцца сярод людзей, быць карыснай сваёй працай. А папрацаваць жанчыне прыйшлося шмат. Была і мулярам у жаночай будаўнічай брыгадзе, і вартаўніком, і маляром, і конюхам, і прыбіральшчыцай. Сціплыя працаўнікі, яны гаварылі проста і ад душы. І кожнаму было зразумела, што меліярацыя раёна трымаецца менавіта на іх плячах, дзякуючы іх нястомным рукам.

 А Сенненскае ПМС працягвае прырастаць маладымі кадрамі. З’яўляюцца новыя працоўныя дынастыі. Прыйшоў працаваць на прадпрыемства сын інжынера-дыспетчара В.Бібінай, працуюць у ПМС два сыны трактарыста А.Канапелькі. У меліяратараў Сенненшчыны ёсць будучае. А ў земляробаў раёна — надзейныя памочнікі.

 Застаецца дадаць, што гаспадароў і гасцей свята парадавалі добрым канцэртам артысты мастацкай самадзейнасці.

 Таццяна Буракова.

 На здымку: у святочнай зале гучыць гімн меліяратараў.