ДЛЯ СЕЛЬГАСПАДАРАК СЕННЕНШЧЫНЫ АДМЕНЕНА ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАДТРЫМКА
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №182 «Аб удасканаленні прававога рэгулявання парадку аказання дзяржаўнай падтрымкі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам» (2006 год) сельскагаспадарчым арганізацыям летась аказана дзяржаўная падтрымка ў выглядзе кампенсацыі часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі ў суме каля 900 мільёнаў рублёў.
Асноўнай умовай аказання дзяржаўнай падтрымкі з’яўляецца выкананне прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця па тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі.
Даведзеныя тэмпы росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі былі выкананы толькі сельгаспрадпрыемствам КУСГП імя Гараўца (113,3%). У астатніх, пры ўстаноўленым рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў заданні 110-111%, тэмп росту валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі склаў: ААТ «Ульянавічы» — 104,4%, «Белая Ліпа» — 108%, «Сінягорскае» — 88,4%, «Пурплева» — 93,3%, ПП «Дружбінец» — 93,4%, ААТ «Студзёнка» — 94,2%, «Кругляны» — 84,4%, «Бяленева» — 95,9%, «Какоўчына» — 84,0%, «Літусава» — 94,9%, КУСГП «Полымя» — 93,9%, УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» — 78,1%, ДП «Саўгас імя Машэрава» — 95,5% і ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — 95,7%.
З 1 студзеня гэтага года для ўсіх сельгаспрадпрыемстваў, акрамя КУСГП імя Гараўца, адменена дзяржаўная падтрымка, прадугледжаная ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №301 «Аб некаторых пытаннях закупкі прадукцыі раслінаводства ўраджаю 2010 года, іншай прадукцыі і разлікаў за яе», №303 «Аб некаторых пытаннях фінансавання будаўніцтва аб’ектаў аграпрамысловага комплексу», №480 «Аб некаторых пытаннях развіцця малочнай галіны» (усе выдадзены ў 2010 годзе). Гэта значыць, што кампенсацыя банкамі часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі за кошт бюджэтных сродкаў ажыццяўляцца не будзе.