Майстравітыя дзяўчаты

Вось каго не чакала ўбачыць у працоўных майстэрнях сенненскай другой школы, дык гэта дзяўчат. Неяк не спалучаліся ў маім уяўленні дзявочыя абцасікі, сукенкі, манікюр з пылам, стружкамі ды станкамі. Аднак жа школьніцы аказаліся не выпадковымі госцямі. Вучаніц 9 «А» класа Кацю Луцэйковіч, Віку Падалінскую і Вераніку Лагута я застала якраз за выпальваннем (на здымку). Электрычныя выпальваючыя прыборы ў дзявочых пальчыках паслухмяна выводзілі малюнак на драўлянай паверхні. Дзяўчынкі заўзята асвойвалі мастацтва піраграфіі. Дагэтуль жа, па словах іх настаўніка Сяргея Румо, самі выпільвалі дошчачкі нажоўкамі, самі апрацоўвалі іх шліфавальнай машынкай. Цікаўнасць да выключна мужчынскіх захапленняў прывяла старшакласніц у гурток «Зрабі сам». Займаючыся поруч з хлапчукамі,  яны вывучаюць асновы чарчэння, дрэваапрацоўкі, набіраюцца ўмення працаваць з рознымі інструментамі, а таксама на станках.

Вольга Бандарэвіч.   

 Фота аўтара.