Сенненскія аграрыі абмеркавалі ход пасяўной кампаніі

Сельскагаспадарчыя арганізацыі кожны год прыцягваюць на сезонныя работы механізатараў з прамысловых прадпрыемстваў і гарадскіх арганізацый. Бо без іх дапамогі пакуль адкрытым акцыянерным таварыствам, камунальным унітарным сельгаспрадпрыемствам не ўдаецца ўкамплектаваць тэхніку для работы ў дзве змены і поўны светлавы дзень.

 Абстаноўка патрабуе зрабіць гэта неадкладна. Але пакуль марудзяць і не звяртаюцца ў поўным аб’ёме за шэфскімі паслугамі  ААТ «Ульянавічы», «Сінягорскае», «Пурплева», «Кругляны», КУСГП «Полымя» і  «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Ва ўсялякім разе тут па стану на 6 красавіка не былі задзейнічаны ўсе механізатары, якія абавязаны працаваць у гаспадарках.

 Што тычыцца шэфскай дапамогі  УП «Сяннобудмеліяводгас», УП «Сенненская ПМК-64», то за ёй варта звяртацца толькі ў выключных выпадках, бо кіламетр прабегу іх транспарту будзе каштаваць  сельгасарганізацыям у межах дзвюх тысяч рублёў. Таму лепш задзейнічаць унутрыгаспадарчыя рэзервы, лепшую арганізацыю працы, максімальна «загружаць» уласны транспарт.

 Докшыцкі, Чашніцкі, некаторыя іншыя раёны вобласці ўжо вядуць сяўбу яравых зерневых культур. З дня на дзень пасяўныя агрэгаты выйдуць на палеткі і ў нашым раёне. Аднак у ААТ «Студзёнка», «Какоўчына», «Белая Ліпа», прыватным прадпрыемстве «Дружбінец» як след не было арганізавана пратручванне насення. Названыя і некаторыя іншыя  гаспадаркі толькі збіраліся прыступіць да яго.

 Сёлета ставіцца задача ўсе энерганасычаныя трактары, дзе канструкцыйна магчыма, паставіць на спараныя колы. На нашых цяжкіх і пераўвільготненых землях толькі такі падыход можа забяспечыць поспех. Па-другое, спараныя колы змяншаюць нагрузку на зямлю і менш ушчыльняюць глебу, што ў канчатковым выніку станоўча паўплывае на ўраджай.

 Дзе-нідзе яшчэ не правялі сходы з механізатарамі, на якіх варта абмеркаваць не толькі аплату працы, меры маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці, растлумачыць нормы выпрацоўкі на розных відах аперацый, але і расход гаруча-змазачных матэрыялаў. Давесці да ведама непасрэдных выканаўцаў рабочыя планы, тактыку і стратэгію пасяўной кампаніі.

 Як адзначыў на селектарнай нарадзе начальнік упраўлення райсельгасхарчу Генадзь Сабыніч, ужо сёння ў полі трэба працаваць поўны светлавы дзень, арганізаваць гарачае харчаванне ўдзельнікаў сяўбы і іх бытавое  абслугоўванне. Адначасова з гэтым неабходна паклапаціцца аб праверцы людзей на прадмет здароўя (алкаголь), тэхнікі — на спраўнасць. У дакуменце, дазваляючым пакінуць машынны двор ці палявы стан, абавязкова  павінны стаяць подпісы дыспетчара, механіка і медыка. Тыя ж самыя адзнакі трэба рабіць і вечарам. Нельга дапусціць на сяўбе гібелі людзей.