У аналах краязнаўства

Адзін дзень з трохдзённага семінара, арганізаванага сектарам беларусазнаўства і краязнаўства абласнога аб’яднання пазашкольнай работы быў прызначаны для прэзентацыі апошніх выданняў па гісторыі роднага краю, падрыхтаваных настаўнікамі Віцебшчыны. Сярод мноства нарысаў пра гарады і мястэчкі выдзялялася грунтоўнае выданне, прысвечанае непасрэдна краязнаўцам. Аўтарам   бібліяграфічнага даведніка «Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.» выступіў вядомы даследчык, настаўнік гісторыі Лужаснянскай школы-інтэрната для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар.

 Мэтай сабраць у адно ўсіх краязнаўцаў вобласці ён задаўся 8 гадоў таму. У 2006 годзе выйшла яго ж кніга «Даследчыкі полацка-віцебскай даўніны XVI ст. — 1944 г.». Прэзентацыйнае выданне, што летась пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор», з’явілася яе працягам.

 У пачатку ХХ стагоддзя аматараў віцебскай даўніны налічваліся адзінкі. З вядомых можна прыгадаць Сапунова, Нікіфароўскага, Анікіевіча… На пачатку ж ХХІ стагоддзя Мікалай Півавар у сваім даведніку здолеў сабраць 573 краязнаўцы з усёй Віцебшчыны. І ўсё ж сцвяр­джаць, што тут прадстаўлены ўсе імёны, нельга. Бо з кожным разам краязнаўчая дзейнасць захапляе ўсё больш людзей самых розных прафесій, узростаў, сацыяльных статусаў. Так, сярод прадстаўленых у кнізе: музейныя супрацоўнікі, настаўнікі, бібліятэкары, журналісты, архівісты, студэнты, навуковыя супрацоўнікі, служачыя дзяржустаноў.

 Сенненшчына ў свой час была піянерам у краязнаўчай рабоце. Добра вядома сенненцам кніга Васіля Бандарэвіча «Экскурсія да вытокаў г.Сянно» ў выданнях 2000 і 2008 гг. Краязнаўчыя даследаванні сёння праводзяцца ці не ў кожнай сенненскай школе. За вопытам да нас прыязджаюць з іншых раёнаў вобласці. Не дзіва, што наш раён у даведніку «Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.» прадстаўлены 19 імёнамі.   

  Прыемна, што сярод іх ёсць былыя і цяперашнія журналісты раённай газеты Пётр Ермашкевіч, Іван Лазука, Аляксандр Лазюк, Вольга Бандарэвіч.

 З ліку тых, хто цікавіўся і цікавіцца гісторыяй малой радзімы — ужо ўзгаданы вышэй настаўнік СШ №2 г.Сянно Васіль Бандарэвіч, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Браніслава Лазоўская, былы начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Эдуард Зелентаў.

 Сенненшчына ўзрасціла нямала навукоўцаў, што зрабілі значны ўнёсак у вывучэнне Віцебшчыны. Сярод іх дацэнт ВДУ імя П.М.Машэрава Людміла Вакар, пробашч касцёла святой Барбары ў Віцебску Міхал Ермашкевіч, загадчык аддзела навуковага выкарыстання і публікацыі дакументаў дзяржархіва Віцебскай вобласці Уладзімір Каханка, былы дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін Іван Мандрык.

 Ля вытокаў краязнаўства на Віцебшчыне і, у прыватнасці, Сенненшчыне стаялі ў свой час настаўнікі Мікалай Лукашэвіч, Генадзь Цвяткоў, Іосіф Пржэвальскі, Сяргей Шайко, Георгій  Станкевіч, Адам Стэльмах, журналісты А.Кутузаў і Уладзімір Скапа. Імёны асобных даследчыкаў, на жаль, сёння малавядомыя для грамадскасці, ды і шмат каго ўжо няма на гэтым свеце. Аднак у спадчыну нашчадкам засталіся іх працы. А гэта значыць, што краязнаўчая энцыклапедыя будзе пашырацца.

  «Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.» папоўняць фонды ўсіх бібліятэк вобласці.        

Анастасія Воранава.