Сенненскія ветэраны абралі свайго старшыню

На справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённага савета грамадскага аб’яднання ветэранаў былі падведзены вынікі за мінулую пяцігодку.

 У абмеркаванні прынялі ўдзел дэлегаты пярвічных арганізацый раёна, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, старшыня раённага выканаўчага камітэта Эдуард Герасіменка, яго намеснікі і начальнікі аддзелаў райвыканкама. Прысутнічаў намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў Аляксандр Сінкевіч.  Справаздачу трымаў старшыня раённага савета ветэранаў Яўген Усціновіч.

 За апошнія пяць год рады аб’яднання значна парадзелі. Колькасць людзей пенсійнага ўзросту па раёне зменшылася больш як на 2700 чалавек.

 Між тым, сёння на Сенненшчыне налічваецца 29 пярвічных ветэранскіх арганізацый з агульнай колькасцю крыху больш за 7000 чалавек. Дваццаць адна пярвічка знаходзіцца ў сельскай мясцовасці.

 Працаваць на вёсцы сёння нялёгка. У многіх населеных пунктах пражывае пяць-шэсць чалавек. Аддаленасць ад цэнтральных сядзіб, адсутнасць транспартнай сувязі не дазваляюць часам даехаць да кожнага. Але  на дапамогу прыходзяць старэйшыны вёсак. Яны, як ніхто іншы, ведаюць пра праблемы пенсіянераў, якія жывуць побач, а таму многія з іх узначальваюць пярвічкі. Зусім нядаўна пярвічная арганізацыя з’явілася ў КУСГП «Полымя», на чале яе стаў Аляксей Камушэнка, які ў свой час быў прызнаны лепшым старэйшынам  раёна.

 Сёння на Сенненшчыне пражывае 360 адзінокіх ветэранаў, адзінока пражываючых каля 3800 чалавек. Пытанні іх сацыяльнага забеспячэння вырашаюцца праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і аб’яднання ветэранаў. Толькі на надомным абслугоўванні ў ТЦСАН знаходзіцца 394 чалавекі. Да таго ж, у апошнія гады ў раёне адкрыты два аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Багданаве і Ходцах, дзе створаны ўсе ўмовы для нармальнага жыцця.   

 Як і раней, ветэранская арганізацыя раёна праводзіць вялікую работу з моладдзю. Актыўна працуе ў гэтым кірунку Іван Салаўеў з Вялікага Азярэцка. Сумесна са школьнікамі ён добраўпарадкоўвае месцы пахаванняў, брацкія могілкі і прылягаючыя да іх тэрыторыі. Выступаючы на канферэнцыі, Іван Рыгоравіч прадставіў фотаілюстрацыю сваёй дзейнасці (на здымку).

 Багушэўская пярвічка вядзе работу па вывучэнні гісторыі роднага краю. Сумесна з мясцовымі школамі яна выдае зборнікі, у якіх расказваецца пра лёсы землякоў,  герояў Вялікай Айчыннай вайны.

 Шматпланавую работу праводзяць  у пярвічнай арганізацыі ЦРБ, на базе якой створаны міні-праект «Родник» (кіраўнік Ніна Мяцеліца). За  актыўную жыццёвую пазіцыю ў гэтым годзе яе фотаздымак занесены на раённую Дошку Гонару.  Ніколі не забываюцца на сваіх ветэранаў і ў раённым аддзеле ўнутраных спраў.

 Сваёй жыццёвай актыўнасцю вызначаюцца ўдзельнікі хору ветэранаў. З музычнымі нумарамі яны часта выступаюць на розных раённых канцэртах і мерапрыемствах. Адным словам, шматграннае жыццё раёна не абыходзіцца без удзелу ў ім ветэранаў.

  Аляксандр Сінкевіч выказаў задаволенасць працай ветэранскай арганізацыі Сенненскага раёна. Не першы год яе ўзначальвае Яўген Усціновіч. Да выканання службовых абавязкаў ён падыходзіць творча і адказна. Таму і не дзіва, што на канферэнцыі аднагалосна старшынёй савета ветэранаў Сенненскага раёна на новы тэрмін зноў быў абраны Яўген Нікіціч Усціновіч.

 Кацярына КАРПОВІЧ.