Супраць пажараў талакой дзейнічаюць у Ходцаўскім сельсавеце Сенненскага раёна.

На пасяджэнні Ходцаўскага сельскага выканаўчага камітэта, што прайшло 15 сакавіка, абмяркоўвалася пытанне «Аб стане пажарнай бяспекі на тэрыторыі сельсавета». З інфармацыяй выступіла Вольга Шчарбакова, старшыня выканкама. Яна адзначыла, што ў 2010 годзе ў сельсавеце адбылося 4 пажары, гібелі людзей на іх удалося пазбегнуць. У параўнанні з 2009 годам колькасць пажараў зменшылася на 50%, загінуўшых не было.

 Здавалася б, выдатны вынік. Тым больш, што ён стаў магчымым дзякуючы мэтанакіраванай рабоце актыву сельсавета. Але не, у членаў выканкама знайшліся прапановы, якія дазволяць і далей змяншаць колькасць пажараў, а галоўнае — пазбегнуць гібелі людзей. Дзеля гэтага ў сельсавеце будзе арганізаваны агляд супрацьпажарнага стану жылых дамоў. Конкурс пройдзе пад эгідай сельвыканкама. Паралельна члены аглядавай камісіі будуць весці работу па азнаямленні вяскоўцаў з правіламі пажарнай бяспекі.

 У выканкаме сельскага Савета добра разумеюць, якую ролю ў прафілактыцы пажараў могуць адыграць  дзяржаўныя ўстановы адукацыі. Таму  педагогам Ходцаўскай і Машчонскай школ  даручана штомесячна праводзіць з дзецьмі гутаркі пра неабходнасць захавання правілаў пажарнай бяспекі, праз іх уздзейнічаць на свядомасць дарослых. Пры састаўленні актаў абследавання ўмоў жыцця непаўналетніх у іх павінен з’явіцца раздзел па супрацьпажарнай бяспецы жылля. У рашэнне ўключаны нават такія пункты, якія абавязваюць настаўнікаў інфармаваць Сенненскі РАУС аб фактах злоўжывання бацькамі алкагольных напояў, асобах, якія пакідаюць дзяцей без нагляду ў сувязі з асаблівым графікам работы. У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях  павінны ведаць, калі ў школах праводзяцца бацькоўскія сходы, у парадак якіх уключаны пытанні, што датычацца пажарнай бяспекі. Інспектары пажнагляду гатовы правесці гутаркі як з педагогамі, так і з бацькамі.

 Насельніцтву больш актыўна трэба набываць і ўстанаўліваць за ўласныя срод­кі супрацьпажарныя апавяшчальнікі. У дакладзе быў прыведзены прыклад, калі менавіта такое прыстасаванне выратавала людзям жыццё.

 Суб’екты гаспадарання, якія ёсць на тэрыторыі сельсавета (ААТ «Сінягорскае», «Белая Ліпа», ДП «Саўгас імя Машэрава»), будуць вымушаны, згодна з рашэннем Ходцаўскага сельвыканкама, у бліжэйшы час перагледзець дагаворы найму жылля, каб прадугледзець у іх пункт, які вызначыць адказнасць наймальніка за забеспячэнне пажарнай бяспекі. Ведамасны жыллёвы фонд павінен адпавядаць патрабаванням  правілаў пажарнай бяспекі — пры неабходнасці трэба правесці рамонт печаў, замяніць электраправодку. У аглядавую камісію раз у квартал актыў сельсавета, адказныя за пажарную бяспеку прадпрыемстваў павінны перадаваць інфармацыю  аб наяўнасці і спраўнасці пажарных апавяшчальнікаў, прынятых мерах па прывядзенні ў пажарабяспечны стан жылля.

 А яшчэ ў сельвыканкаме вельмі спадзяюцца на свядомае, адказнае стаўленне да пажарнай бяспекі ўласнікаў жылля, больш жорсткія патрабаванні інспектараў пажнагляду. Усё ж у  гэтым іх інтарэс  куды большы.

Аляксандр ЛАЗЮК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *