У сенненскай спажыўкааперацыі новы старшыня

У канцы сакавіка прайшоў справаздачна-выбарны сход упаўнаважаных Сенненскага раённага спажывецкага таварыства. У яго рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Э.М. Герасіменка, яго намеснік  Г.Г. Якаўлева, намеснік старшыні праўлення абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Л.А.Лагеева.

 Са справаздачным дакладам аб рабоце праўлення райспажыўтаварыства па выкананні Праграмы ўдасканалення дзейнасці спажывецкай кааперацыі на 2005-2010 гады, іншых дзяржаўных праграм выступіла выконваючая абавязкі першага намесніка старшыні праўлення Л.М.Турэйка.

  Выступаючая адзначыла, што праўленнем райспажыўтаварыства была пастаўлена задача стварэння ўмоў для ўстойлівага эканамічнага росту кожнай галіны, кожнага ўнітарнага прадпрыемства спажыўкааперацыі раёна за кошт выканання праграмы дзеянняў, накіраванай на паляпшэнне ўсіх форм абслугоўвання насельніцтва, пошукі і выкарыстанне рэзерваў, скарачэнне затрат і атрыманне прыбыткаў, адным словам, эфектыўнае гаспадаранне.

 Паказчыкі, прыведзеныя ў дакладзе, дазволілі ацаніць, наколькі гэту задачу ўдалося выканаць.

 За 2010 год атрымана 240 млн руб. прыбытку, забяспечана рэнтабельная работа ўсіх прадпрыемстваў і галін дзейнасці спажыўкааперацыі.

 З 5 заданняў праграмы ўдасканалення дзейнасці на 2005-2010 гады не выканана толькі 1 (не забяспечаны прагноз па вытворчасці спажывецкіх тавараў).

  Зразумела, за ўсімі паказчыкамі  стаяць вялікая, напружаная праца, арганізаванасць і дысцыпліна. Сёння нельга не выказаць словы ўдзячнасці тым калектывам і асобным работнікам спажыўкааперацыі, якія з  адказнасцю працуюць і сумленна выконваюць свой абавязак перад пайшчыкамі і ўсім  насельніцтвам,якое абслугоўваюць, адзначыла Людміла Турэйка.

 Нягледзячы на шматлікія цяжкасці і няпростыя ўмовы, было адзначана ў справаздачным дакладзе, спажыўкааперацыі раёна ўсё ж удаецца з году ў год замацоўваць пазітыўныя тэндэнцыі ў развіцці.

 Выступаючы на сходзе, намеснік старшыні праўлення абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў Л.А. Лагеева адзначыла, што Сенненскае раённае спажывецкае таварыства па асобных паказчыках выглядае лепш за іншыя спажыўтаварыствы вобласці. Па выкананні агульнага аб’ёму тавараабароту яно заняло другое месца, па тавараабароце грамадскага харчавання таксама знаходзіцца на другой пазіцыі. Другое месца ў сенненскіх спажыўкааператараў і па аб’ёму прамысловай прадукцыі. Яны ўвайшлі ў пяцёрку лепшых і па наяўнасці ўласных абаротных сродкаў. Добрыя паказчыкі ў раённай спажыўкааперацыі  па прыбытковасці. Калектыў Сенненскага райспажыўтаварыства, падкрэсліла ў сваім выступленні Л.А. Лагеева, працаздольны, у ім ёсць кадравы касцяк, здольны і надалей вырашаць пастаўленыя задачы. Таму на дасягнутым спыняцца не трэба, тым больш, што над павышэннем некаторых паказчыкаў яшчэ трэба працаваць.

 Старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка, выступаючы на сходзе, падзякаваў усяму калектыву спажывецкага таварыства, ад загадчыкаў магазінаў і прадаўцоў райцэнтра, гарпасёлка і самых аддаленых вёсак да кіруючых работнікаў райспажыўтаварыства, за работу ў справаздачным перыядзе. Кіраўнік раённай улады выказаў спадзяванне, што новае праўленне будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць у цесным супрацоўніцтве і ўзаемаразуменні з райвыканкамам.

 Эдуард Мікалаевіч выказаў таксама шэраг прапаноў па рабоце райспажыўтаварыства ў бліжэйшым будучым. Сярод іх — капітальны рамонт камбіната кааператыўнай прамысловасці. На ўтульнае, чыстае рабочае месца чалавек будзе ісці з добрым настроем. А гэта станоўча паўплывае на якасць прадукцыі, у нас з’явяцца новыя брэнды. Немалаважнае значэнне мае таксама сумяшчэнне прафесій, таму трэба, каб работнікі, напрыклад, хлебазавода, былі, што называецца, майстры на ўсе рукі. Неабходна таксама, адзначыў старшыня райвыканкама, ствараць прымальныя ўмовы для пакупнікоў і прадаўцоў у магазінах, для гэтага трэба задзейнічаць плошчы, якія пустуюць, адрэгуляваць тэмпературны рэжым, абсталяваць санвузлы. Інакш моладзь не пойдзе працаваць у гандаль, асабліва вясковы. Трэба паклапаціцца, каб работнікі прылаўка атрымлівалі заслужаную заработную плату. Не ацэньваць іх працу агульна, а ўлічваць умовы работы ў кожным магазіне, у кожнай вёсцы.

 Больш пільную ўвагу трэба звярнуць на выкананне заявак спажыўцоў, дастаўку тавараў на дом, якая цяпер, калі павялічваецца колькасць насельніцтва пенсійнага ўзросту, стала асабліва актуальнай.

 Калі нарыхтоўчая служба не будзе працаваць з насельніцтвам, яна проста зжыве сябе, заўважыў у сваім выступленні Э.М.Герасіменка. Спажыўкааперацыя — гэта не толькі продаж тавараў. Трэба вярнуцца да першапачатковай задачы, дзеля выканання якой калісьці і стваралася спажыўкааперацыя, а гэта — работа з насельніцтвам.

 На сходзе ўпаўнаважаных таксама выступілі намеснік старшыні райвыканкама Г.Г.Якаўлева, кіраўнікі службаў спажыўтаварыства.

 Упаўнаважаныя прызналі работу праўлення таварыства здавальняючай. Было абрана новае праўленне райспажыўтаварыства на чале са старшынёй Ірынай Віктараўнай Баранавай (на здымку: прымае віншаванні). Вырашаны іншыя працоўныя пытанні.

 На заканчэнне ўвазе прысутных была прапанавана невялікая канцэртная праграма.                              

Таццяна Буракова.