Бяздымная зона – пад’езд! Сенненскія камунальнікі адправіліся ў «паляванне» на курыльшчыкаў.

Вам не падабаецца дым? У вашым пад’ездзе паляць? І вы не ведаеце, як з гэтым змагацца? На жаль, не многія сенненцы ведаюць, што па закону суседа — аматара паліць на лесвічнай пляцоўцы, можна пакараць адміністрацыйным штрафам.

 У апошні час у Беларусі з’явілася нямала дакументаў, накіраваных на барацьбу з курэннем. Яшчэ 8 верасня 1999 года была прынята спецыяльная пастанова Саўміна за №1399, якая не дапускала паленне ў падсобных памяшканнях кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў або ўласнікаў, а таксама ў дапаможных памяшканнях жылых дамоў — пад’ездах, падвалах, гарышчах.  А дэкрэт Прэзідэнта, падпі­саны яшчэ ў 2002 і дапоўнены ў 2005 годзе, забараняе курыць у грамадскіх месцах (толькі ў спецыяльна адведзеных памяшканнях). Згодна з адміністра­цыйным кодэксам, парушальніка чакаюць штрафы ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь.

 Атрымліваецца, што паліць можна толькі на вуліцы ў спецыяльна адведзеным месцы, ці ў сваёй кватэры, калі жонка не супраць. Пад’езд — гэта грамадскае месца! Але каб даказаць, што ваш сусед парушае правілы, прыйдзец­ца арганізаваць на яго «паляванне»: злавіць злодзея з цыгарэтай за руку, ды яшчэ знайсці двух сведкаў.

  — У нас выпадкаў, калі мы штрафавалі людзей за курэнне, пакуль што не было, — гаворыць майстар жыллёвага фонду РУП «Сенненская ЖКГ» Уладзімір Шафранскі.

 Яно і зразумела. Сварыцца з суседам ніхто не рызыкуе. Навошта нажываць сабе ворага, лепш удыхаць у лёгкія дым і адчыняць фортку, калі Вася з кватэры №… выходзіць папаліць.

 Няўжо такая сітуацыя задавальняе жыхароў шматпавярховак? Няма скаргаў — няма і праблемы? На самой справе, усё зусім інакш.  Абураецца амаль кожны. Але да пісьмовых зваротаў справа не даходзіць. Барацьба з курыльшчыкамі ідзе толькі ў вуснай форме і вынікаў ніякіх не дае.

 У гэтым яшчэ раз упэўніліся супрацоўнікі РУП «Сенненская ЖКГ», рэдакцыі і ДУ «Сенненскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі», якія адправіліся ў рэйд і пагутарылі з жыхарамі шматпавярховак. Факты курэння ёсць амаль што ў кожным пад’ездзе. Але парадак перш-наперш залежыць ад саміх жыхароў. Калі не кураць гаспадары — то і не дазволяць гэтага рабіць іншым.

 Напрыклад, у пад’ездзе дома №7 па вуліцы Назаранкі пануе чысціня. Затое у пад’ездзе дома №10, што па вуліцы Касманаўтаў, непрыемна казыча нос цыгарэтны дым. На першым паверсе валяюцца акуркі і запалкі. На другім — на падаконніку і ля адной з кватэр стаяць банкі з-пад кофе, прыстасаваныя пад попельніцы (на здымках). Зразумела, што пакурыць сюды  прыходзяць не з суседніх дамоў. Паляць самі жыхары дома і іх госці.

  — Мы амаль што кожны тыдзень выпраўляемся ў падобныя рэйды. Пакуль што злавіць чалавека з цыгарэтай не атрымалася. Але і жыхары шматпавярховак павінны нам дапамагаць. Звычайна, людзі скардзяцца на суседа-курыльшчыка, але з пісьмовай заявай так ніхто  і не звяртаецца, — гаворыць Уладзімір Шафранскі.  — Калі такая заява паступіць, мы абавязкова на яе адрэагуем. І парушальнік закону будзе пакараны.

  Весці самастойна вайну з ку­рыль­шчы­камі ці звярнуцца да літары закону — кожны вырашае сам. Але не забывайцеся на сваё здароўе. Штогод у Беларусі ад хваробаў, звязаных з тытунекурэннем, памірае 15,5 тысячы чалавек. Цыгарэтны дым падрывае здароўе не толькі курыльшчыкаў, але і акружаючых яго людзей. Пры паленні ў паветра выдзяляецца больш за 40 канцэрагенных рэчываў, якія могуць выклікаць РАК!

Кацярына КАРПОВІЧ.