Бітвы за мяч скончаны. На Сенненшчыне падвялі вынікі футбольных і валейбольных турніраў.

Сянно і сенненцаў добра ведаюць у Беларусі і ва ўсім свеце за спартыўныя дасягненні ў біятлоне і лыжных гонках, лёгкай атлетыцы і грэка-рымскай барацьбе, цяжкай атлетыцы, настольным тэні­се. У раёне надаецца шмат увагі развіццю камандных відаў спорту: валейболу, футболу. А самае галоўнае, што, пачынаючы з дзіцячых садкоў і заканчваючы райвыканкамам, паўсюдна культывіруецца, прапагандуецца здаровы лад жыцця. Восеньскі лёгкаатлетычны прабег памяці П.М.Машэрава, спартакіяды працоўных калектываў, шматлікія турніры ў Сянно і іншых населеных пунктах раёна і за іх межамі — вось далёка не поўны пералік мерапры­емстваў,  якія служаць дзеля ўмацавання здароўя сенненцаў розных  узростаў.

 — У працоўным калектыве будзе спрыяльны псіхалагічны клімат, прадпрыемства дасягне высокіх вытворчых вынікаў, калі людзі, што тут працуюць, сябруюць са спортам, вядуць здаровы лад жыцця, калі на пляцоўку разам з імі выходзяць кіраўнік, спецыялісты, — гаварыў Эдуард Герасіменка, стар­шыня райвыканкама, уручаючы ўзнагароды пераможцам валейбольнага і футбольнага турніраў, якія доўжыліся на працягу трох месяцаў. Удзел у цырымоніі ўзнагароджання прымалі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Генадзь Сабыніч.

 У чэмпіянаце раёна па міні-футболе за першае месца каманда ДРБУ-146 атрымала кубак і грамату, кожны футбаліст — медаль. Другое месца — у футбалі­стаў аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў, трэцяе — ПМК-64. У валейбалістаў лепшымі камандамі сталі аматары спорту райвыканкама — першае месца, раённага аддзела ўнутраных спраў — другое месца, ПС «Сянно» — трэцяе.

 Былі адзначаны іншыя дасягненні сёлетняга зімовага сезона ў аматарскім спорце. Футбольная каманда «Будаўнік» ПМК-64 стала трэцяй на міжнародным турніры ў расійскім Сафонаве. Валейбалісты ААТ «Сенненскі льнозавод» перамаглі ў турніры, які праводзіўся ў г.п. Бялынічы Магілёўскай вобласці на прызы рэспубліканскай газеты «Беларуская ніва», ААТ «Белаграпрамбанк» і быў прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. З галоўным прызам ільно­за­водскія валейбалісты вярнуліся і з Віцебскага раёна, дзе перамаглі ў турніры, што праводзіўся ў гонар юбілею КУСГП «Вароны».

 Селетні турнір па валейболе ў Сянно меў свае адметнасці. Напрыклад, удзел у ім прымала каманда кіраўнікоў прадпрыемстваў, заснаваных на розных формах уласнасці. Сярод членаў каманды было некалькі валейбалістаў старэй за 50 і нават 60 гадоў. Але на пляцоўцы ветэраны  выгля­далі дастойна. У выніку каманда атрымала грамату «За волю да перамогі».

 Іншыя асаблівасці рэгламенту сёлетніх турніраў з вуснаў Аляксандра Гар­дзец­кага, начальніка ад­дзе­ла райвыканкама па фізкультуры, спорту і турызму:

 — Мы імкнёмся прыцягнуць да здаровага ладу жыцця як мага больш сенненцаў. Таму ў сёлетніх турнірах па валейболе і футболе маглі ўдзельнічаць  зборныя каманды двух-трох невялікіх арганізацый, дапускалася наяўнасць у камандах легіянераў. Галоўнае, каб яны жылі ці працавалі на Сенненшчыне.

 Арганізатары турніру не забыліся на іншых актыўных удзельнікаў чэмпіянату. За актыўны ўдзел у спаборніцтвах па валейболе падзячным пісьмом адзначаны Міхаіл Каўрыжэнка, дырэктар ААТ «Літусава», ветэран спорту. Людміла Гоманава і Ганна Акулава, члены каманды райспажыўтаварыства, таксама  ўзнагароджаны — яны былі  адзінымі прадстаўніцамі жаночай паловы, якія прынялі ўдзел у турніры.

 У намінацыі «Лепшы балельшчык» узнагароджаны Святлана Ганчарэнка, Людміла Кіслякова, якія не прапусцілі ні адной гульні. Не засталіся без узнагарод, падарункаў дырэктары гарадскіх школ Аліна Сукорская і Аляксандр Ладыжын. У спартыўных залах гэтых устаноў адукацыі праходзілі спаборніцтвы па валейболе.

 Дарэчы: у першынстве горада па валейболе ўдзел прынялі 16 каманд, якія былі разбіты на дзве лігі. У міні-футболе гуляла 12 каманд. Большасць з іх узначалілі кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Удзел у турніры ўзялі больш за 300 спартсменаў-аматараў.

 Прадстаўніцтва ўраджэнцаў Сенненшчыны ў розных зборных краіны ў апошнія гады дасягала 40 чалавек. Поспехі ў прафесійным спорце ўражваюць. Асабліва калі ведаць, што ў раёне фактычна няма сучасных спартыўных збудаванняў. У той жа час разумееш, што гэта заканамерны вынік працы таленавітых трэнераў, якія фанатычна адданыя сваёй справе, планамернай дзей­насці раённай улады па прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Аляксандр ЛАЗЮК.

НА ЗДЫМКАХ: у час узнагароджання; каманда кіраўнікоў.