З 1 красавіка сенненскім рыбакам уваход на лёд заказан

Вясну большасць з нас сустракаюць з радасцю і надзе­яй. А вось для супрацоўнікаў таварыства выратавання на вадзе вясна — час асабліва трывожны. Штодзень пад лагодным цяплом вясновага сонейка змяншаюцца гурбы снегу і таўшчыня лёду на вадаёмах, чаго нельга сказаць пра аматараў падлёднага лову. Рыбакоў, як і ўзімку, на мясцовых азёрах дастаткова, не спяшаюцца пакідаць рыбныя месцы, а давядзецца. З 1 красавіка не толькі падлёдная рыбалка, але і любое перамяшчэнне па замерзлай паверхні вадаёмаў строга забаронены.

 Спадзявацца на знешнюю трываласць лёду не варта, раяць спецыялісты. У час актыўнага раставання снегу ўтвараецца вялікая колькасць прамывін. Яшчэ трэба памятаць, што вясновы лёд вельмі адрозніваецца ад першага па сваёй структуры. У пачатку зімы лёд ламаецца паступова, утвараючы трэшчыны, якія потым разыходзяцца ў бакі. Пры гэтым у чалавека ёсць шанс легчы на лёд, каб паўзком выбрацца з небяспечнага месца. А вось апошні ламаецца цэлымі фрагментамі і гэта куды больш страшна.

 Дзякуй Богу, на Сенненшчыне трагічных выпадкаў пакуль не зафіксавана. Аднак раённыя «асводнікі» трагедый не чакаюць, а імкнуцца іх папярэджваць. Дзеля гэтага старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Мікалай Станкевіч сумесна з добраахвотным памочнікам, матросам-выратавальнікам Аляксандрам Баркаўцам усталявалі ў небяспечных месцах агароджу, знакі, забараняючыя выхад на лёд, правялі тлумачальныя гутаркі з рыбакамі. Магчыма, гэтыя перасцярогі спыняць ад рызыкоўнага кроку на лёд.         

Вольга Бандарэвіч.

 ФОТА аўтара.