Песні ваенных гадоў

У раёне адраджаюцца старыя добрыя традыцыі, якія актывізуюць і робяць больш цікавым грамадскае жыццё, павышаюць узровень патрыятычнага выхавання насельніцтва, садзейнічаюць арганізацыі вольнага часу і адпачынку людзей.

 Нядаўна сярод працоўных калектываў Сенненшчыны прайшоў агляд-конкурс  ваенна-патрыятычнай песні, прысвечаны 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

 У конкурсе прынялі ўдзел 22 прадпрыемствы і арганізацыі. У 25 нумарах канцэртнай праграмы выступілі больш за 40 чалавек. Рыхтавалі самадзейных артыстаў  выкладчыкі дзіцячых школ мастацтваў і супрацоўнікі  раённага Дома культуры.

 Залу для мерапрыемства гасцінна прадаставіла Сенненская ПМК-64.

 Сярод гледачоў канцэртнай праграмы былі старшыня райвыканкама Э.М.Герасіменка, яго намеснік З.С.Фаміна, іншыя прадстаўнікі раённай улады. Узначальваў журы конкурсу дырэктар Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў І.К.Смірноў.

 У намінацыі саліст-вакаліст  першае месца падзялілі работнікі райпа і гаргаза Аляксандр Кудыбін і Галіна Чэпік. Сярод дуэтаў лідзіравалі прадстаўнікі калектываў Багушэўскага лясгаса (І месца) і ЦРБ (ІІ месца). Самадзейныя артысты рэдакцыі райгазеты былі першымі ў намінацыі “Трыо”. Сярод вакальна-харавых калектываў пераможцамі сталі ПМК-64 і падатковая інспекцыя. Яны, дарэчы, паказалі найбольшую масавасць у параўнанні з астатнімі калектывамі-ўдзельнікамі агляду-конкурсу.

 На недастатковую масавасць удзелу ў раённым мерапрыемстве звярнуў увагу ў сваім выступленні старшыня раённага выканаўчага камітэта Э.М.Герасіменка. Большую актыўнасць у пошуку талентаў маглі б праявіць у калектывах райспажыўтаварыства, гаргазу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых, заўважыўкіраўнік раёна.

 Агляд-конкурс выклікаў непадробны інтарэс не толькі сярод яго ўдзельнікаў. Мерапрыемства прыцягнула ўвагу жыхароў мікрараёна, якія з задавальненнем прыйшлі на канцэрт у якасці гледачоў.

 Спроба аднавіць “добра забытае” аказалася паспяховай. Калі такія агляды стануць традыцыйнымі, калектывы, напэўна, будуць больш масава ўдзельнічаць у іх.

 Таццяна Буракова.