Нерухомую маёмасць у гаспадарчы абарот

  Члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разам з зацікаўленымі асобамі арганізацый, устаноў адукацыі і культуры разгледзелі пытанне «Аб захаванасці ўстаноўленага парадку кіравання і распараджэння маёмасцю камунальнай уласнасці Сенненскага раёна». Даклад па гэтай праблеме зрабіла намеснік старшыні райвыканкама Ганна Якаўлева.

  У склад раённай камунальнай уласнасці ўваходзяць 30 суб’ектаў гаспадарання, з іх 11 арганізацый, якія ажыццяўляюць гаспадарчую дзейнасць і 19 бюджэтных арганізацый.

 Кіраўнікамі арганізацый да цяперашняга часу не прыняты належныя меры па выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №9 «Аб упарадкаванні выкарыстання будынкаў і забудоў і іншых памяшканняў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці», і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 лютага 2005 г. №207 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай рэгістрацыі капітальных збудаванняў (будынкаў, забудоў і ізаляваных памяшканняў), што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці».

 Па стану на 01.01.2011 г. з 519 будынкаў і памяшканняў раённай камунальнай уласнасці зарэгістравана 152 аб’екты і пададзены дакументы на рэгістрацыю 35 аб’ектаў.

 Райвыканкамам зацверджаны графік прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці. І за перыяд са студзеня 2007 года па снежань 2010 года ўключана ў абарот 136 такіх аб’ектаў.

 Работа па прыцягненню ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці па меры неабходнасці разглядаецца на пасяджэннях райвыканкама і на рабочых нарадах у намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе гэту праблему, дзе даецца ацэнка дзейнасці кіраўнікам, якія адказваюць за выкананне графікаў, праводзіцца іх карэкціроўка, устанаўліваюцца заданні на ўноў  выяўленыя невыкарыстоўваемыя аб’екты нерухомасці. Штоквартальна інфармацыя па гэтай праблеме накіроўваецца ў «Віцебскаблмаёмасць». Аднак, нягледзячы, на здавалася б, дакладна выбудаваную сістэму работы з невыкарыстоўваемай маёмасцю, кантроль за яе эфектыўнасцю вядзец­ца недастатковы.

 Пацверджаннем таму з’яўляюцца недахопы і парушэнні дзейнічаючага заканадаўства, выяўленыя спецыялістамі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці. Усяго было праверана 9 рэгіёнаў вобласці і ў кожным адзначаны сур’ёзныя недахопы.

 Не ўсе невыкарыстоўваемыя аб’екты нерухомасці ўключаліся кіраўнікамі ў графік прыцягнення ў гаспадарчы абарот. Гэты недахоп ужо ліквідаваны рашэннем райвыканкама ад 31 студзеня 2011 года №43, зацверджаны графік, у які ўключаны 35 аб’ектаў невыкарыстоўваемай маёмасці.

 Не захоўваліся запланаваныя спосабы і тэрміны прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Такія недахопы мелі месца ва УП «Сяннобудмеліяводгас», УП ЖКГ, КУСГП «Полымя», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 Спісаная маёмасць не ліквідоўвалася. Парушэнні дапушчаны Какоўчынскім, Студзёнкаўскім, Беліцкім сельвыканкамамі, аддзеламі культуры і адукацыі райвыканкама, УП ЖКГ, ЦРБ, КУПБА «Прэстыж».

 За 2007-2010 гады па рашэнні райвыканкама спісана 37 аб’ектаў нерухомасці, 15 з якіх не знесены: памяшканні ФАПаў вёсак Какоўчына, Літусава, Шынкава, Пустынкі, памяшканне КПП у Обалі, клуб у вёсцы Полымя і г.д.

 У студзені 2011 года складзены графік зносу гэтых аб’ектаў.

 Па стану на 1 студзеня 2011 года агульная плошча аб’ектаў нерухомасці складала 183,3 тыс.кв.м, з іх невыкарыстоўваемых плошчаў  — 10, 9 тыс. кв. м.

 Па стану на пачатак года ў раёне заключана 98 дагавораў арэнды, у тым ліку 31 дагавор на бязвыплатнае карыстанне, па якіх 5,2 тыс. кв.м здадзена ў арэнду і бязвыплатнае карыстанне.

 Прыгодная для выкарыстання ўласнасць павінна быць уключана ў гаспадарчы абарот, спісаная —  знесена або зноў узята на баланс. Усе гэтыя дзеянні цягнуць за сабой фінансавыя расходы. Але  без адпаведных дакументаў аб’ект ніхто не купіць. Ва УП ЖКГ, напрыклад, ёсць нерухомая маёмасць у выглядзе воданапорнай вежы. Хто яе купіць у Сянно? Хоць прэтэндэнт у рэспубліцы ёсць. Графік уцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці быў зацверджаны пасля таго, як раённы бюджэт і бюджэты сельскіх Саветаў былі ўжо сфарміраваны. І падобныя артыкулы затрат у іх не прадугледжаны. Між тым, займацца гэтай работай усё роўна давядзецца. Таму прэзідыум райсавета дэпутатаў адным з пунктаў сваёй пастановы запі­саў: стварыць кампетэнтную камісію, якая яшчэ раз прарэвізуе, даследуе кожнае збудаванне з тым, каб канкрэтна вызначыцца з кожным аб’ектам, спосабамі і тэрмінамі яго ўключэння ў гаспадарчы абарот або спісаннем на знос.

 М.ВАСІЛЬЕЎ.