“Не – ізаляванню!” — сказалі актывісты БРСМ падапечным сенненскага аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў
Калі ў вас узніклі праблемы, завітайце ў аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН і вы зразумееце: вашы часовыя непрыемнасці — нішто, у параўнанні з тымі, з якімі даводзіцца сутыкацца наведвальнікам аддзялення.
Сюды штодня прыходзяць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, каб пагутарыць, нешта абмеркаваць, знайсці сабе занятак па душы. Толькі не менш гэтага ім патрэбны зносіны з тымі, хто не патрапіў у катэгорыю інвалідаў, каб не адчуваць сябе «асаблівымі», адзінокімі і нікому не патрэбнымі.
«Не — ізаляванню!» — вырашылі члены БРСМ на чале з першым сакратаром РК ГА «БРСМ» Аляксандрам Абушкевічам, начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Юрыем Пракапенкам і накіраваліся да іх у госці.
Утульныя памяшканні, кухня, трэнажорная зала, майстэрня, камп,ютарны клас. Тут ёсць усё, што патрэбна для паўнацэннага адпачынку. Можна разам спячы пірог, паспяваць у караокі, пазаймацца ў трэнажорнай зале ці змайстраваць што-небудзь сваімі рукамі. Супрацоўнікі аддзялення не толькі дапамагаюць сваім падапечным авалодаць элементарнымі побытавымі ўменнямі, але і раскрываюць таленты гэтых людзей як мастакоў, паэтаў, спевакоў. У аддзяленні жыццё бурліць — пастаянна ладзяцца канцэрты, конкурсы, працуюць гурткі. Гасцямі мерапрыемстваў становяцца родныя выхаванцаў, шэфы, дабрачынныя арганізацыі, кіраўніцтва раёна. Калектыў установы ўдзячны за дапамогу намесніку старшыні райвыканкама Зоі Фаміной, дырэктару УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» Сяргею Пагарэльскаму.
Пасля невялічкай экскурсіі па аддзяленні і знаёмства з яго наведвальнікамі госці ўручылі падарункі: кнігу пра гісторыю Беларускага Рэспубліканскага Саюза моладзі і салодкія пачастункі. Гаспадары, у сваю чаргу, падарылі сувеніры.
Пазней, за кубачкам гарбаты, усе разам гутарылі на жыццёвыя тэмы. І кожны з завітаўшых зноў і зноў здзіўляўся, наколькі гэтыя людзі ўмеюць радавацца кожнай хвіліне, падоранай ім лёсам. Яны — адкрытыя і шчырыя, таленавітыя і актыўныя. Толькі часам іх фізічныя, псіхічныя асаблівасці становяцца перашкодай у зносінах з іншымі людзьмі. А гэтага быць не павінна.
Прыйдзіце ў аддзяленне дзённага знаходжання. З гэтай просьбай мы звяртаемся да кожнага. Тут вы не толькі знойдзеце сяброў, але і атрымаеце зарад станоўчай энергіі.
Кацярына КАРПОВІЧ.