На Сенненшчыне адбыўся культурны сход

Калектывы мастацкай самадзейнасці, супрацоўнікі з 27 устаноў культуры прынялі ўдзел ва ўсераённым сходзе, што прайшоў у мінулы чацвер у Сенненскім РДК. 

 Падобны культурны сход — з’ява на Сенненшчыне новая. «Раней за справа­зда­чамі мы, звычайна, наведваліся ў кожны клуб. Там, у вузкім коле, ладзілі агляды самадзейнасці, узнагароджвалі, — кажа начальнік раённага аддзела культуры Ларыса Новікава. — Сёлета было вырашана сабраць усіх у адно месца, на агульнае мерапрыемства. Каб была магчымасць і сябе паказаць, і ў іншых вопыт пераняць!».  А паглядзець і сапраўды было на што. Культурны сход зусім не паходзіў на сухую справаздачную канферэнцыю. Удзельнікі яго не дакладамі заслухваліся, а ацэньвалі творчыя нумары. Кожная культурная ўстанова мела магчымасць паказаць на раённай сцэне сваю непасрэдную работу па аргані­зацыі культурнага часу: выступленні фальклорных, харэаграфічных калектываў, самадзейных паэтаў, драматычных гурткоў. Шэраг клубаў (Раснянскі, Обальскі, Какоўчынскі) наладзілі ў фае выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

 На вёсцы СДК — больш, чым клуб. Гэта — аб’яднальны цэнтр для вяскоўцаў. Невыпадкова, што на іх базе ў апошні час утвараецца ўсё больш аматарскіх суполак самых розных накірункаў,  аб’яднаных агульнымі заняткамі, захапленнямі. Клубныя работнікі такія ўтварэнні толькі вітаюць, нярэдка самі з’яўляюцца іх ініцыятарамі. Так, выдатны прыклад такога супрацоўніцтва — клуб нацыянальнай кухні «Хадчаначка». Дарэчы, на сходзе ходцаўскія кулінаркі наладзілі выставу-дэгустацыю сваіх страў.

 Завяршыўся сход узнагароджаннем самадзейных калектываў, выканаўцаў, якія прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах і конкурсах раённага і абласнога ўзроўняў.   

 Сёння на Сенненшчыне дзейнічаюць 8 Дамоў культуры і 18 сельскіх клубаў, 1 клуб-музей. Не так і шмат для 329 населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі раёна. У розных, далёка не зусім спрыяльных умовах, даводзіцца працаваць культ­масавікам. Па інфармацыі аддзела культуры, з 2006 года рамонт быў зроблены ў 9 клубах. Але , напрыклад, у Белай Ліпе мясцовыя работніцы вымушаны туліцца ў маленькім прыстасаваным памяшканні ў чаканні рэканструкцыі клуба . Там жа праводзяцца рэпетыцыі, выступленні. Нягледзячы на нязручнасці, клубнае жыццё не спынілася і сведчаннем таму — жаданне людзей, вяскоўцаў прыходзіць сюды. Радасць жыхароў аддаленых вёсачак, калі да іх прыязджаюць з канцэртамі самадзейныя артысты. Нездарма ў народзе кажуць: пакуль працуе клуб  —  жыве вёска!

Вольга Бандарэвіч.            

 НА ЗДЫМКУ:  калектыў мастацкай самадзейнасці Някрашэўскага сельскага клуба.