Капрызы прыроды – іх работа. Начальнік Сенненскай метэаралагічнай станцыі Алена Барадзіна: Як змяніўся клімат Сенненшчыны?
У народзе існуе шмат анекдотаў пра метэаролагаў. Маўляў, яны памыляюцца адзін раз, але кожны дзень. А дакладны прагноз надвор’я «на сёння» можна даведацца толькі заўтра. Так гавораць тыя, хто не ведае: праца метэаролагаў — даволі складаная. У іх радах ёсць сіноптыкі, аэролагі, аграметэаролагі, радыёметэаролагі, марскія і авіяцыйныя метэаролагі. У кожнага — сваё месца працы: нехта на палярнай станцыі, нехта на борце карабля. Але 23 сакавіка ўсе яны святкуюць Сусветны дзень метэаралогіі.
Метэаролагі фіксуюць прыродныя з’явы. Менавіта такое прызначэнне і ў нашай сенненскай метэаралагічнай станцыі, якая з’яўляецца адной са старэйшых у вобласці. Упершыню назіранні за кліматам у нашым раёне пачаліся ў 1887 годзе. Пра гэта сведчаць даныя, змешчаныя ў Летапісу галоўнай геафізічнай абсерваторыі.
Метэаралагічная станцыя — своеасаблівы стратэгічны аб’ект. Кожныя тры гадзіны, днём і ноччу, вымяраецца ніжні ярус аблокаў, фіксуюцца максімальная і мінімальная тэмпературы, атмасферны ціск, колькасць выпаўшых ападкаў, напрамак ветру і шмат чаго іншага. Усе даныя запісваюцца ў адпаведную кніжку, шыфруюцца і хуценька адпраўляюцца ў Віцебскаблгідрамет, а пасля ў Мінск. Вопытныя сіноптыкі на іх аснове складаюць прагноз надвор’я.
На сенненскай метэаралагічнай станцыі працуюць шэсць жанчын. Кіруе імі вось ужо на працягу 9 год Алена Барадзіна. Свой працоўны шлях у гэтым калектыве жанчына пачала значна раней. Пасля заканчэння Маскоўскага гідраметэаралагічнага каледжа яна вярнулася на радзіму і атрымала пасаду тэхніка-аграметэаролага. А ў хуткім часе паступіла ў Расійскі дзяржаўны гідраметэаралагічны ўніверсітэт, што ў Санкт-Пецярбурзе. Як змянілася надвор’е ў апошнія дзесяцігоддзі ў нашым раёне, Алена Барадзіна ведае як ніхто іншы, бо прысвяціла гэтай тэме сваю дыпломную працу.
— Алена Аляксандраўна, дык якія змяненні адбыліся ў надвор’і Сенненскага раёна?
— Як і на ўсёй планеце, у нас назіраецца пацяпленне. Сярэднегадавая тэмпература павялічылася на 1,50 С. На Сенненшчыне прынята лічыць нормай сярэднегадавую тэмпературу + 5,20 С. У апошнія гады яна складае + 6,70 С. Змяніліся і сезонныя межы.
— Што гэта такое, сезонныя межы? Растлумачце, калі ласка.
— Мы з вамі прывыклі адлічваць пачатак той ці іншай пары года па календары. Наступіла першага снежня — зіма на дварэ. У метэаролагаў усё па-іншаму. Пачаткам вясны, напрыклад, лічыцца тая пара, калі сярэднясутачная тэмпература паветра ўстойліва пераходзіць праз 00 С у бок павышэння. А калі яна перайшла за 100 С — пачалося лета. І наадварот. Калі тэмпература паветра ўстойліва пераходзіць праз 00 С у бок паніжэння — прыйшла зіма, а праз 100 С — восень.
— Атрымліваецца, што вясна яшчэ не пачалася?
— Так. Пакуль што мы назіраем чаргаванне адмоўных і станоўчых сярэднясутачных тэмператур. І гэта нармальна. Раней, напрыклад, вясна пачыналася недзе 28 сакавіка. Апошнія 30 год пачатак вясны прыходзіцца ў сярэднім на 17 сакавіка. Затое зіма наступае крыху пазней, а лета — раней.
— А як з ападкамі?
— Іх стала больш. Звычайна, у 5 з 20 гадоў ападкаў фіксуецца менш за норму, у астатнія гады больш.
— Значыць, ваша галоўная задача — гэта назіранне за надвор’ем?
— Не зусім так. Наша галоўная задача — забеспячэнне народнагаспадарчых арганізацый звесткамі пра метэаралагічныя ўмовы, а таксама апавяшчэнне пра неспрыяльныя і небяспечныя з’явы надвор’я. Да таго ж мы праводзім аграметэаралагічныя назіранні за вільготнасцю глебы, ростам і развіццём сельскагаспадарчых культур. Гэту работу выконвае тэхнік-аграметэаролаг Марына Вышынская. А спецыялісты гідралагічнага аддзялення Віцебскаблгідрамета на Сенненскім возеры штодня фіксуюць узровень вады, яе тэмпературу і таўшчыню лёду.
— І вы дакладна можаце сказаць, калі быў самы тоўсты лёд?
— Вядома. Самы тоўсты лёд за апошнія дзесяць год быў зімой 2005-2006 года, ажно 57 сантыметраў. А мінулай зімой дасягнуў 54 см. Узімку 2007-2008 таўшчыня лёду склала толькі 25 см. Максімальна вада ў возеры прагравалася летам 2010 года, яе тэмпература склала 310 С.
— Калі верыць народным прыкметам, той, хто ўважліва сочыць за прыроднымі з’явамі, можа самастойна рабіць прагноз надвор’я. Напрыклад, калі снег хутка растае і вада бяжыць дружна — чакай вільготнага лета. Ці вераце вы ў народныя забабоны?
— Калі хутка растае снег і бяжыць вада — гэта значыць, што прыйшла вясна (усміхаецца)! Напэўна, раней людзі і сапраўды больш уважліва назіралі за прыродай і нейкім чынам маглі прадказаць надвор’е. Але навука значна шагнула наперад. У апошнія прыкладна 50 год назіраецца змяненне клімату. І я магу з упэўненасцю сказаць, што не заўжды народныя прыкметы адпавядаюць рэальнасці.
— Дзякуй за размову, Алена Аляксандраўна. Віншую вас і ваш калектыў з надыходзячым святам. Няхай заўжды надвор’е будзе спрыяльным, а ў вашых сем’ях пануюць дабрабыт і шчасце.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку (злева направа): Ірына Мурашкевіч, Марына Вышынская, Вольга Гардзюк, Кацярына Шарац, за сталом — Алена Барадзіна.